Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жудасная трагедыя здарылася ў Менску — бацька сям’і ўбачыў мёртвымі пад вокнамі сваёй кватэры 36-гадовую дачку і паўтарамесячнага ўнука.

Маладая жанчына выкінулася з кватэры бацькоў зь сёмага паверху дому на вуліцы Кіжаватава разам з сынам. Трагедыя адбылася 8 студзеня каля 14:30. Загінулую жанчыну знайшоў яе бацька, вярнуўшыся дадому з прагулкі са старэйшай унучкай, якой два з паловай гады. Ён убачыў адчыненае ў кватэры акно, а на зямлі сваю дачку і ўнука.

Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулая, якая знаходзілася ў адпачынку для догляду дзіцяці, апошні час прымала антыдэпрэсанты на фоне бязладу ў сямейным жыцьці. 5 студзеня жанчына афіцыйна разьвялася з мужам, зь якім не жыла з жніўня. Яна ад'ехала зь дзецьмі з агульнай кватэры да бацькоў.

8 студзеня Кастрычніцкім раённым аддзелам Сьледчага камітэту была распачатая справа па п. 2 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства заведама малалетняга) у дачыненьні да мёртвай ужо жанчыны. Пра гэта БелаПАН паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў.

Гэта ня першая такая трагедыя ў Менску. Летась 23 жніўня з кватэры на 9 паверсе дому па вуліцы Панчанкі выкінулася 32-гадовая журналістка з двума малымі дзецьмі. Ёй было 32 гады. Дзецям — два і сем гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG