Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Вуду ў Бэніне

Дзень Вуду ў Бэніне

Каляндар паведамляе, што сёньня ў Беларусі нацыянальнае сьвята — Дзень Вуду. Не, наконт нацыянальнага я схлусіў. Як, зрэшты, і наконт Беларусі. Насамрэч, гэта ў Бэніне ёсьць такі адмысловы дзень, 10 студзеня. Спэцыяльна выдзелены для рытуалаў і абрадаў гэтага афрыканскага культу, які дзякуючы вывезеным з Чорнага кантынэнту рабам распаўсюдзіўся таксама і ў Амэрыцы, асабліва ў краінах Карыбскага басэйну. Было нешта падобнае і ў тамтэйшых індзейцаў, і ў славянаў, і ў Азіі, здаралася, нечым такім займаліся, але масавую культуру іншыя мадыфікацыі вуду неяк не зацікавілі. А вось афрыканска-гаіцянскія — яшчэ як. Ня ўмее чалавек любіць сваё. Шалёны беларускі народ тут — шчасьлівае выключэньне.

Што адбылося з культам вуду дзякуючы Holly-вуду, не паддаецца ніякім маральным ацэнкам. Хоць у міжнародны суд ЮНЭСКА зьвяртайся. Вось ідзе падарожны чалавек па ўроцлаўскім перадкалядным кірмашы — і бачыць лялькі вуду па 6 злотых за штуку. Сымпатычныя, як Б’ёрк, задаволеныя, як барбі, і пашытыя прафэсійным краўцом. З усьмешкамі, якія здольныя напалохаць хіба што немаўля, ды і тое, пабачыўшы гэты старанна зашыты рот, скажа: «Ляля». Сапраўдныя зомбі і лялькі вуду, пэўне, даўно зьдзейсьнілі калектыўнае самагубства, пабачыўшы, што зь імі зрабілі. І толькі шалёнаму беларускаму народу яны нічога кепскага ня скажуць на разьвітаньне — бо каму яшчэ працягваць сьвятую справу, як не беларусам.

Знаёмства з вуду пачалося для мяне з афрыканскага футболу. Тамтэйшыя каманды яшчэ і цяпер, бывае, маюць у складзе ня толькі лекара, масажыста і псыхоляга, але і свайго «палкавога капэляна» — нанятага за добрыя грошы шамана. Які займаецца выключна тым, што з дапамогай чорнай магіі разладжвае тактычныя схемы супернікаў і насылае остэахандроз на косткі паўабаронцаў і касавокасьць на форвардаў. Матчы ператвараюцца, такім чынам, у двубоі чараўнікоў, гульцы робяцца элемэнтам чыста дэкаратыўным.

Беларусы называюць сябе хрысьціянскім народам. Але тут спрадвеку жылі юдэі, мусульмане... І, вядома, адэпты вуду. Знакамітыя бабкі, што ведаюць рэцэпты нагаворных зельляў і за ўмераны кошт нашэпчуць замову ад любой пошасьці: ад ДАІ да гаймарыту. Тыя, хто не забываецца на звычаі продкаў і, здаючы камусьці кватэру, разьбівае ў ёй на шчасьце ртутны тэрмомэтар. Усе гэтыя форумы ў сеціве, дзе калектыўная нянавісьць да створанай папярэдне віртуальнай лялькі мусіць урэшце ўдарыць рэальную гадзюку ў самае сэрца. Варажба на недапітай начальнікам каве і на расейскай нафце, вера ў барабашак і гаючую сілу мачы, астрапрагнозы на год канца сьвету... Бясплатная раздача іголак, якія кожны законапаслухмяны грамадзянін абавязаны ўтыкнуць у чучала «пятай калёны»... Атэістычныя паніхіды і гуканьне з магіл герояў даўно забытай вайны... І нездарма менавіта майстрам-вуду назваў Віктар Марціновіч народнага самародка, мастака Мікалая Тарасюка, аўтара геніяльнай лялечнай кампазыцыі «Сьмерць мужыка каля самагоннага апарата»...

Дзе храмы вуду? Дзе прадстаўнік ад вуду ў Радзе па маральнасьці — інтэлігентны тоўсьценькі вурдалак з маральлю да калена? Дзе свабода веравызнаньня? Чаго баяцца: ясна ж і так, што ўсе мы, незалежна ад рэлігіі і палітычных поглядаў, любім вуду, практыкуем вуду і ніколі ня супраць пасядзець з вудай каля мутных водаў веры ў вычварэньні.
XS
SM
MD
LG