Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат падправіў дадзеныя, каб выратаваць Мясьніковіча?


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Белстат радыкальна зьмяніў лічбы росту валавога ўнутранага прадукту за трэці квартал. Пасьля другой ацэнкі ВУП раптоўна вырас на 3,1 працэнта замест раней агучаных двух працэнтаў. Чаму гэтыя лічбы гэтак кардынальна зьмяніліся, ці стаяць за гэтым нейкія эканамічныя рэаліі? Ці можна сказаць, што гэты крок падрывае давер да абгрунтаванасьці разьлікаў беларускай афіцыйнай статыстыкі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: «Упершыню ў гісторыі Белстат настолькі радыкальна зьмяніў лічбы ВУП пасьля „другой ацэнкі“ трэцяга кварталу мінулага году. Ці лічыце вы гэта эканамічнай карэляцыяй, ці пагодзіцеся з ужо выказанымі меркаваньнямі, што Белстат проста падганяе лічбы пад прагноз?»

Жаліба: «Я згодны з другой вэрсіяй. Паводле першасных лічбаў Белстату, ВУП вырас за 11 месяцаў на 2 працэнты. А гэта вельмі буйное „недавыкананьне“ пляну, які быў ўсталяваны на ўзроўні 5-5,5 працэнта. Як вядома, прэзыдэнт ня раз папракаў прэм’ер-міністра Мясьніковіча за невыкананьне паказьнікаў. І я думаю, што, магчыма, Мясьніковіч даў заданьне Белстату „падцягнуць“ лічбы.

Бо многія назіральнікі казалі пра тое, што невыкананьне паказьнікаў можа стаць прычынай адстаўкі Мясьніковіча. Ну вось Белстат і пастараўся. Ня думаю, што там ёсьць нейкія эканамічныя прычыны раптам ажно напалову (з 2 да 3 працэнтаў) падвышаць лічбы росту. Ніколі раней Белстат такога не рабіў. Таму, думаю, прычыны чыста суб’ектыўныя».

Цыганкоў: «Ці можна сказаць, што гэты крок Белстату можа падарваць давер да разьлікаў беларускай афіцыйнай статыстыкі? Ці гэта адзінкавы выпадак, які не паўплывае на аўтарытэт Белстату?»

Жаліба: «Многія эканамісты і так зь недаверам ставіліся да афіцыйных дадзеных. Але гэтым сваім крокам ён, мне здаецца, можа падарваць давер да Белстату нават у тых аналітыкаў, якія давяралі яму.

Але ж гэта адзіная крыніца, якая падлічвае многія дадзеныя. Іншых, альтэрнатыўных крыніц, проста няма. Але аналітыкі могуць параўноўваць некаторыя паказьнікі з розных сфэраў, аналізаваць іх і эмпірычным шляхам рабіць высновы, што ў Белстату тут ці тут нешта не сыходзіцца».

Цыганкоў: «А вы асабіста якой лічбе больш давяраеце — першай (два працэнты) ці другой?»

Жаліба: «Канечне, першай. Аднак, я ўвогуле лічу, што ня трэба з росту ВУП рабіць дырэктыўны, абавязковы паказьнік. Бо галоўнае дасягненьне мінулага году — гэта фінансавая стабільнасьць, гэта самае важнае. Можа, калі б ў 2012 годзе і выканалі той паказьнік росту ВУП у 5 працэнтаў, то ніякай фінансавай стабільнасьці й не было б».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG