Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: бяз Чавэса супрацоўніцтва будзе затухаць


Уга Чавэс
Уга Чавэс

Прызначаная на 10 студзеня інаўгурацыя лідэра Вэнэсуэлы Уга Чавэса застаецца пад пытаньнем у сувязі з пагаршэньнем яго здароўя. Ці стане гэтая хвароба прычынай запавольваньня беларуска-вэнэсуэльскага супрацоўніцтва, якое трымалася на асабістых сымпатыях Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса?

Уга Чавэс лекуецца на Кубе. Ці прапаноўвалася Чавэсу лячэньне ў Беларусі?У беларускім МЗС карэспандэнту «Свабоды» заявілі, што ня маюць такіх зьвестак. У вэнэсуэльскай амбасадзе ў Менску таксама не падаюць ніякай інфармацыі, прапануюць патэлефанаваць пасьля 24 студзеня. У сувязі з хваробай Чавэса аналітыкі выказваюць меркаваньне, што ў двухбаковым супрацоўніцтве можа пачацца застой. У мінулым годзе Беларусь спыніла закуп вэнэсуэльскай нафты, бо ўмовы паставак з Расеі больш выгадныя. Хоць у 2010 годзе Беларусь і Вэнэсуэла падпісалі пагадненьне на пастаўку 10 мільёнаў тон нафты цягам чатырох гадоў. Патрэбаў аднавіць гэтыя пастаўкі няма, адзначае эканамічная аглядальніца газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
«Што да здабычы, то там ёсьць пэўныя пляны ў беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў. Створана сумеснае прадпрыемства з вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніяй. І аб’ёмы здабычы адносна невялікія, недзе каля мільёна тон у год. І толькі 40% гэтай нафты належыць беларускаму боку. Беларускія спэцыялісты там запатрабаваныя. Былі забясьпечаныя належныя ўмовы доступу да лепшых нафтавых радовішчаў. Гэта не такія аб’ёмныя пляны, і нават іх карэкцыя ніяк не адаб’ецца на фінансавым становішчы гэтай кампаніі. Магчыма, запаволяцца нейкія пляны рэалізацыі здабычы нафты, калі прынцыпова будзе зьменена палітыка. Ня думаю, што гэта вельмі хутка адбудзецца».

У 2012 годзе паведамлялася, што Беларусь падпісала з Вэнэсуэлай кантракты на 5 мільярдаў даляраў. Гэта будоўля жытла, ЦЭЦ, газаправоду, аграгарадкоў і іншыя. Але і раней у беларускім урадзе прызнаваліся, што некаторыя праекты ішлі вельмі цяжка. Не абышлося і без скандалу. Вэнэсуэльскія мэдыі абвінавачвалі беларускі бок у няякасным будаўніцтве, крадзяжы будматэрыялаў. Аднак потым вэнэсуэльскі бок пацьвердзіў, што прадпрыемства «Белзамежбуд» ня мае дачыненьня да так званага арматурнага скандалу, і падоўжыў фінансаваньне, адзначае спэцыяліст па сувязях са СМІ арганізацыйнага аддзелу гэтага прадпрыемства Андрэй Сьмірноў:

«Каля 50–70 чалавек у месяц цягам мінулага году афармлялася ў камандзіроўку ў Вэнэсуэлу, ехалі працаваць. Я два тыдні таму вярнуўся з Вэнэсуэлы, аб’ехаў усе нашы аб’екты. У Маракаі я сустракаўся зь людзьмі, якія жывуць у пабудаваных беларусамі дамах. Гэта цэлы квартал на 2,5 тысячы кватэраў са сваёй інфраструктурай. Жыхары задаволеныя і тыя, хто там працуе.. Гэты імпульс быў дадзены, і гэта так проста ня сыдзе. Там ужо шлюбы пайшлі. Адносна стасункаў, якія залежаць ад здароўя Чавэса, — вядома, залежаць у вялікай ступені, але не ў ступені, якая магла зьмяніць кардынальна кірунак адносінаў паміж нашымі краінамі ў палітычных сымпатыях і эканамічным супрацоўніцтве».

Аляксандар Лукашэнка апавядаў пра сваю «бяссонную ноч» у дзень мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле, пра тое, як перажываў за Чавэса, і выказваўся адносна ўзмацненьня супрацоўніцтва. Аднак старшыня аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка прыгадвае аналягі падобных стасункаў:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Гэта было яшчэ ў часы Хрушчова з Эгіптам, з Абдэль Насэрам, калі прысвойвалася званьне Героя Савецкага Саюзу кіраўніку сяброўскай краіны. Аналягічная сытуацыя была зь Нікарагуа, калі было цеснае супрацоўніцтва. Група лацінаамэрыканскіх краін валодае пэўнай варыятыўнасьцю. Нейкай доўгатэрміновай стратэгіі ўзаемадзеяньня нейкай эўрапейскай і лацінаамэрыканскіх краін гісторыя ня вельмі ведае. Таму я думаю, што гэтае супрацоўніцтва, пабудаванае на сацыялістычных эмоцыях, з магчымым сыходам палкоўніка Чавэса будзе затухаць. Гэта — асабістая прыхільнасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG