Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз чатыры гады ў Грузіі войска будзе прафэсійным


Грузія паэтапна пяройдзе на прафэсійнае войска, адмовіўшыся ад выкарыстаньня правілаў абавязковага вайсковага прызыву, заявіў міністар абароны Грузіі Іраклій Аласанія.

«У нас заплянаваны пераход на прафэсійнае войска ў поўнай меры праз 4 гады. Паступова тэрмін тэрміновай вайсковай службы скароціцца (зь цяперашніх 15 месяцаў) да 12 месяцаў, пасьля чаго мы цалкам пяройдзем на кантрактную службу», - цытуе Іраклія Аласанію «Тбилисская неделя».

Цяпер у Грузіі дзейнічае зьмешаная сыстэма вайсковай службы і ахоплівае як кантрактную службу, гэтак і сыстэму абавязковага вайсковага прызыву. Тэрмін нясеньня абавязковай вайсковай службы апошні раз быў зьменены ў лютым 2012 году, тады ён быў павялічаны з 12 да 15 месяцаў.

Цяпер грузінская армія налічвае 37 тысяч чалавек.

У 2010 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць немэтазгодным поўны перавод Узброеных сілаў Беларусі на прафэсійную аснову. «Перад намі не стаіць праблема рэформы Ўзброеных сілаў, мы яе скончылі, засталося недзе адшліфаваць. А калі рэформа скончылася, то ў нас не стаіць пытаньне пра перавод войска на прафэсійную аснову», — заявіў Лукашэнка.

Што датычыць альтэрнатыўнай службы, дык праект Закону аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе пачалі распрацоўваць яшчэ на пачатку 1990-х дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У 2000-м годзе Канстытуцыйны суд даў даручэньне распрацаваць закон. У 2010-м годзе пасьля рэзанансных спраў Смыка, Міхайлава і Якавенкі, якіх асудзілі за ўхіленьне ад вайсковай службы, Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што трэба распрацаваць закон. Але яго дагэтуль няма.
XS
SM
MD
LG