Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадравыя перастаноўкі: Шэйман стаў бліжэй да Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка прызначыў Віктара Шэймана памочнікам прэзыдэнта па асаблівых даручэньнях.

Віктар Шэйман, архіўнае фота

Віктар Шэйман, архіўнае фота

Пры гэтым Шэймана вызвалілі з пасады памочніка прэзыдэнта па асаблівых даручэньнях, прадугледжанай у структуры Дзяржаўнага сакратарыяту Рады Бясьпекі.

Лукашэнка таксама вызваліў Валянціна Рыбакова ад пасады памочніка прэзыдэнта ў сувязі зь яго пераходам на іншую працу. Раней Рыбакоў курыраваў пытаньні зьнешняй палітыкі.

Пра гэта перадае Інтэрфакс.

На сваю папярэднюю пасаду — памочніка прэзыдэнта Беларусі па асаблівых даручэньнях — Віктар Шэйман быў прызначаны ў студзені 2009 году.

Яшчэ раней, у 2006–2008 гадах, Шэйман быў дзяржаўным сакратаром Рады Бясьпекі. Лукашэнка зьняў яго з гэтай пасады 8 ліпеня 2008 году. Напярэдадні кіраўнік Беларусі заявіў, што разглядае верагоднасьць таго, каб вызваліць Шэймана ад гэтай пасады з-за выбухаў на сьвяткаваньні Дня Рэспублікі 3 ліпеня 2008 году.

Шэйман быў кіраўніком перадвыбарчага штабу Лукашэнкі на выбарах 2006 году.

А да гэтага ў розныя гады займаў пасады: Генэральнага пракурора, кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі.

Ад 2006 году Віктару Шэйману забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.

Яго падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.


Уладзімер Барадач: «Такіх людзей трэба альбо зьнішчаць, альбо трымаць побач»


Былы палкоўнік спэцназу, палітычны ўцякач Уладзімер Барадач, пракамэнтаваў прызначэньне Віктара Шэймана памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па асаблівых даручэньнях.

«Увогуле рэгуляваньне дзяржаўных структур улады ёсьць адной з галоўных умоваў захаваньня ўлады дыктатара, асабліва ў няўстойлівы момант. Сёньня Лукашэнку нічога не пагражае, акрамя дзяржаўнага перавароту пры падтрымцы з Масквы. Гэта асноўная для яго пагроза, і таму ён увесь час тасуе калоду набліжаных асобаў.
Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач


Мы бачылі ўзьлёты і падзеньні асобаў, якія прывялі Лукашэнку да ўлады. Два зь іх — Ганчар і Захаранка — былі зьнішчаныя. Шэйман дасягнуў апагею свайго ўплыву, меў каманду, якая магла ў любы момант адхіліць Лукашэнку ад улады. Разумеючы гэта, у 2008 годзе яго пазбавілі такой магчымасьці. Правялі спэцапэрацыю — выбух у 2008 годзе, зрабілі адзіным адказным Шэймана, зьнялі яго з пасады, разагналі ўсю ягоную каманду. А потым далі яму пасаду дарадцы прэзыдэнта па асаблівых даручэньнях пры Саўбезе — гэта фактычна вясельная пасада.

Чаму яго зусім ня звольнілі? Бо ён ведае амаль усе тайны дзяржаўнай машыны, якую ўзначальвае Лукашэнка. Адхіляць зусім такіх людзей нельга, бо гэта небясьпечна для самога дыктатара. Такіх людзей трэба альбо зьнішчаць, альбо трымаць побач. Паніжаць іх, але не да плінтуса, каб у іх не было жаданьня помсьціць, — і потым зноў падымаць. Таму час ад часу Лукашэнка такіх людзей здымае, потым назірае, як яны сябе паводзяць, і калі добра, то зноў падцягвае да сябе».

Паводле Ўладзімера Барадача, сумесная праца ў Саўбезе Віктара Шэймана і Віктара Лукашэнкі стала немагчымай, бо «Віктар Лукашэнка падпарадкаваў сабе Саўбез, але ня стаў генэратарам ідэй, якім быў Віктар Шэйман».


Сьвятлана Калінкіна: «Лукашэнкам рухае адно жаданьне — як бы гэтак перасадзіць чыноўнікаў з аднаго крэсла ў іншае, каб нічога не мянялася»


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

«Вельмі цяжка сказаць, якая лёгіка гэтых кадравых перастановак. Я нават ня вельмі разумею розьніцу паміж памочнікам па асаблівых даручэньнях у структуры Саўбезу і проста памочніка па асобных даручэньнях. Але відавочна, што Віктар Шэйман зараз будзе бліжэй да Аляксандра Лукашэнкі і будзе мець больш правоў уваходзіць у ягоны кабінэт. Навошта Лукашэнку ў нашай мірнай спакойнай Беларусі ажно два чалавекі, ажно чатыры рукі, якія будуць прапаноўваць яму, што рабіць зь сілавікамі — я маю на ўвазе старэйшага сына Лукашэнкі і Шэймана — гэтага я, шчыра кажучы, ня ведаю. Але з гэтага можна ўявіць, што прысутнічае нейкі страх, што ня ўсё гэтак спакойна ў нашай краіне.

Але збольшага, на мой погляд, ва ўсіх кадравых прызначэньнях апошняга часу Лукашэнкам рухае адно жаданьне — як бы гэтак перасадзіць чыноўнікаў з аднаго крэсла ў іншае, каб нікога не пакрыўдзіць і каб нічога не мянялася. Іншай лёгікі тут я проста ня бачу».

Сьвятлана Калінкіна згадала, што ў сюжэце вэнэсуэльскага тэлебачаньня пра ўручэньне прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Чавэсам узнагароды Віктару Шэйману той быў названы «дарадцам Аляксандра Лукашэнкі па асаблівых даручэньнях».

«Зараз высьвятляецца, што Шэйман быў дарадцам пры Саўбезе. Дык каго заблыталі? Атрымліваецца, што заблыталі ня толькі ўсіх нас, але і заморскіх сяброў», — кажа Сьвятлана Калінкіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG