Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэдзкі мядзьведзік прызямліўся ў Празе


У рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе апынуўся адзін з 200 плюшавых мядзьведзікаў, якія праходзілі падрыхтоўку ў Швэцыі да гэтак званага плюшавага дэсанту ў Беларусі 4 ліпеня 2012.

Дэсантнік быў прысланы Радыё Свабода камандзірам байцоўскай падрыхтоўкі мядзьведзікаў, Пэрам Кромвэлам, які ў цывільным жыцьці зьяўляецца дырэктарам рэклямнай кампаніі «Studio Total».

Спадар Кромвэл патлумачыў нам, што ў Беларусі высадзіліся 800 мядзьведзікаў, а 200 — у тым ліку і гэты наш, які апынуўся ў нашай рэдакцыі на вуліцы Вінаградзкай у Празе — засталіся ў Швэцыі ў тактычным рэзэрве.

Мядзьведзік, які мы атрымалі, мае сэртыфікат сваёй байцоўскай аўтэнтычнасьці, выстаўлены кампаніяй «Studio Total», ды баявую картачку з надпісам на ангельскай і беларускай мовах «Цацкі патрабуюць абароны правоў чалавека ў Беларусі».

Нагадаем, што 4 ліпеня 2012 пілёты Томас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй з кампаніі «Studio Total» скінулі над Беларусьсю 800 плюшавых мядзьведзікаў. Пэр Кромвэль, кіраўнік «Studio Total», быў у той час у Беларусі і здымаў высадку мядзьведжага дэсанту ў Івянцы.

Беларускія ўлады спачатку адмаўлялі сам факт такога дэсанту, але 31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сілаў генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь».

Дадаткова пра няпоўную службовую адпаведнасьць папярэдзілі міністра абароны Юр’я Жадобіна і начальніка Генштабу Ўзброеных сілаў, першага намесьніка міністра абароны, генэрал-маёра Пятра Ціханоўскага. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыню КДБ Вадзіму Зайцаву.

У лісьце, далучаным да пасылкі зь мядзьведзікам-дэсантнікам, працаўнікі «Studio Total» напісалі, што ідэю, як прыцягнуць увагу сусьветных СМІ да Беларусі, падказаў ім «цацачны пікет», які ў Менску 10 лютага 2012 зладзіў Павал Вінаградаў. Яны патлумачылі:

«Таго самага вечару, на сустрэчы ў бары ў Стакгольме, мы вырашылі, што трэба падтрымаць цацачны пратэст Паўла. Чаму б нам не арганізаваць цацачны дэсант? Над Менскам! Тады, у тым бары, нам гэта падалося выдатнай ідэяй.

Але ўжо наступнага дня зьявіліся першыя цяжкасьці. Самай сур’ёзнай было тое, што пілёты, якім мы прапанавалі паляцець у Беларусь, сьмяяліся з нас, кажучы, што Беларусь мае адну з наймацнейшых паветраных абаронаў у Эўропе.

Але мы ўжо занадта ангажаваліся ў гэту ідэю, каб адступіцца. Таму мы пазычылі крыху грошай і купілі самалёт. Стары, драўляны самалёт. Мы яго перарабілі дзеля нашых мэтаў і атрымалі ліцэнзіі пілётаў. Што тычыцца паветранай абароны, дык мы абсталявалі жалезныя пласьціны пад сядзеньнямі самалёта (на выпадак, калі б да нас пачалі страляць), зрабілі некаторыя папраўкі ў сродках сувязі і даверыліся швэдзкай прыказцы, якая кажа, што Бог асабліва шкадуе ідыётаў.

Потым мы паляцелі ў Беларусь.

Пра астатняе вы, магчыма, чулі. Да сёньняшняга дня ў сусьветнай прэсе зьявіліся больш за 5 тысяч артыкулаў пра наш палёт. Пошук Teddy Bears + Belarus у Гугле выдае 1,2 мільёна вынікаў...»
XS
SM
MD
LG