Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветна вядомы старадрук XVII стагодзьдзя. Прэзэнтацыя ў Магілёве


Разварот кнігі Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі»

Разварот кнігі Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі»

5 студзеня ў Магілёўскай ратушы Музэй гісторыі Магілёва прэзэнтаваў грамадзкасьці набытую на ахвяраваньні кнігу Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі». Старадрук 17 стагодзьдзя, паводле дырэктара музэю Аляксея Бацюкова, прыдбаны ў прыватнага калекцыянэра на сабраныя талакой 15 тысяч эўра. У Беларускіх дзяржаўных установах ніводнага экзэмпляра кніг Семяновіча да 2012 году не было.

Сродкі на кнігу пачалі зьбіраць сем месяцаў таму, акурат пасьля таго як музэй таксама на ахвяраваньні набыў Статут Вялікага Княства Літоўскага. Прыдбаны музэем старадрук на нямецкай мове лічыцца трэцім выданьнем кнігі беларускага навукоўца. Паводле Аляксея Бацюкова, у ім захаваныя ўсе гравюры і малюнкі, акрамя таго ў кнізе маецца другая частка складзеная ўжо пасьля сьмерці Семяновіча. Выданьне датаванае 1676 годам.

Бацюкоў: «Сёньня ў нас рэдкая магчымасьць ёсьць пагартаць кнігу. Пазьней такой магчымасьці ня будзе. Кніга павінна захоўвацца як музэйны экспанат. Бліжэйшым часам кніга зойме сваё месца ў экспазыцыі музэя. І яе можна будзе пабачыць. Мы мяркуем у пэрспэктыве кнігу перакласьці і магчыма распаўсюдзіць па падпісцы».

Аляксей Бацюкоў дзячыць тым, хто дапамог набыць кнігу

Аляксей Бацюкоў дзячыць тым, хто дапамог набыць кнігу



Як зазначыў Аляксей Бацюкоў збор сродкаў на набыцьцё кнігі паспрыяў таму, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала ў падарунак ад свайго спонсара таксама два выданьні кнігі Казіміра Семяновіча — 1650 году і 1651 году на латыні і францускай мове. Яны ў адрозьненьні ад «магілёўскага» набытку ня маюць поўнай камплектнасьці. У іх вялікая колькасьць гравюр страчаныя.


Што да асобы Казіміра Семяновіча, то Аляксей Бацюкоў зазначыў:

«Казімір Семяновіч у шэрагу беларускіх гістарычных асобаў займае пачэснае і асобнае месца. Практычна мы нікога ня ведаем і ня зможам знайсьці з настолькі выбітных дзеячаў навукі ўсясьветнага ўзроўню ў прамежку часу ад узьнікненьня Беларусі і да 20 стагодзьдзя. Усе пазьнейшыя нашыя сьвяцілы гэта ўжо гадаванцы расейскай і савецкай навукі. Самабытных навукоўцаў, якія б выхоўваліся на нашай зямлі, атрымаўшы адукацыю ў Віленскім унівэрсытэце і потым сталі б зоркамі ўсясьветнага маштабу як Семяновіч мы такіх асобаў ня ведаем».

На прэзентацыі

На прэзентацыі


На прэзэнтацыю прыйшлі блізу 30 чалавек. Сярод іх былі і тых хто ахвяраваў сродкі на набыцьцё кнігі Семяновіча. Былі й госьці зь Менску, якія непасрэдна спрычыніліся да пошуку і перамоваў па набыцьці выданьня — навуковец Зьміцер Яцкевіч і студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэй Радкоў.

Прэзэнтацыю наведалі і чыноўнікі з аблвыканкаму і гарвыканкаму. Дэлегацыю дзяржаўных службоўцаў ачольваў намесьнік старшыні аблвыканкаму Валерый Малашка.

Рэдкая магчымасьць пабачыць старадрук зьблізу…

Рэдкая магчымасьць пабачыць старадрук зьблізу…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG