Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодні анэкдот


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Пры канцы году і на пачатку новага ўсе падводзяць вынікі. Падводзяць іх і журналісты, прыгадваючы, якія тэмы выклікалі ў мінулым годзе найбольш гучны рэзананс, спараджалі сапраўдныя халівары на форумах і ў сацыяльных сетках. Можа, і памылюся, але прыгадаў бы такіх тры, насамрэч у нечым важным падобных — адпілаваньне дзюбаў бакланам, наезд кіроўцы «Поршэ Каена» на хлопчыка і зьбіцьцё наваполацкай кантралёркі.

Магчыма, былі тэмы, пра якія на працягу году пісалі арытмэтычна больш (скажам, тыя ж выбары і іх байкот) ці абмяркоўвалі больш інтэнсіўна ў пэўных колах — напрыклад, тое ж «пытаньнечка» Вікторыі Паповай ці плюшавы дэсант. Але здаецца, што названыя вышэй тры тэмы былі ўсё ж лідэрамі як па канцэнтрацыі жарсьцяў у кароткім прамежку часу, гэтак і паводле ахопу: іх абмяркоўвалі старыя і маладыя, прыхільнікі Лукашэнкі і яго ворагі, тыя, хто за Расею, і тыя, хто за Эўропу, заангажаваныя ў палітыку і далёкія ад яе.

І што цікава — усе яны непалітычныя, па-над, ці пад, ці наагул упоперак палітычных барыкадаў. І меркаваньні ў спрэчках па гэтых сюжэтах, дарэчы, таксама разьмяркоўваліся не зусім дакладна паводле палітычных прыхільнасьцяў. І больш за тое — такія сюжэты былі да Лукашэнкі, ёсьць пры ім і, падазраю, будуць і пасьля, калі толькі не меркаваць, што цяперашні кіраўнік — адзіная перашкода на шляху беларусаў у зямны рай.

І з таго, што ў топ папулярных тэмаў трапілі менавіта гэтыя, вынікае шмат цікавых рэчаў. Напрыклад, тое, што спарахнеў, выпетрыўся запас палітычных ідэяў, палітычных сэнсаў, якімі жывілася беларускае грамадзтва хіба не з часоў перабудовы. І рыторыка ўлады і рыторыка апазыцыі — абедзьве нагадваюць стары навагодні анэкдот.

Чалавек прынёс у краму вяртаць купленыя елачныя цацкі. «Што такое, — пытаецца прадавачка, — сапсаваныя, бракаваныя?» «Не, — адказвае — ня радуюць». Так, ня радуюць, не кранаюць, не запальваюць. Дарэчы, ліхаманкавая, у тым ліку і ідэалягічная, актыўнасьць прэзыдэнта, недарэчныя візыты яго сыноў у сем'і пад Новы год — сьведчаньне таго, што і Лукашэнку — «ня радуюць».

Але і з другога боку... Вось калега Каліноўскі, не паленаваўшыся, сабраў
пляны на 2013 год
асноўных апазыцыйных партыяў краіны. Так, падступны афіцыёз іх замоўчвае. Ну а калі б агучыў? І што, у маршрутках, цэхах, офісах і чыноўных кабінэтах дружна б выдыхнулася — вось яна, надзея, вось шлях, вось правадыры? Ну па шчырасьці — так ці не?

Праўда, некаторыя скажуць, што насамрэч ёсьць такі чалавек, які яшчэ 20 гадоў таму ўсё прадбачыў і вызначыў. Здымаю капялюш перад вялікай верай. Якая, аднак, наўрад ці вытрымае праверку вышэйпамянёным тэстам адносна маршрутак, цэхаў, офісаў і калідораў улады.

І не заўсёды ж так было: пры канцы 80-х, на пачатку 90-х, у тым жа 94-м і натхняліся, і верылі. А цяпер — ня радуюць.

Гэта я да таго, што рэакцыя на бакланаў, «Поршэ Каен» і наваполацкую кантралёрку — гэта пошук грамадзтвам новых сэнсаў і новых ідэяў. І зразумела, чаму не ў палітычнай сфэры. Ня толькі таму, што дыктатура і выбараў няма, а таму што там усё завалена адваламі пустой пароды. Таму пошук ідзе як бы пэрпэндыкулярна звыклым палітычным падзелам. Моцныя, новыя сэнсы, народжаныя ў экзыстэнцыйным і сацыяльным полі, уварвуцца і на палітычнае і зьмятуць нагрувашчаны там хлам.

Але новыя ідэі не нараджаюцца так, што нехта сеў за стол і вырашыў — прыдумаю нешта новае. Так часам гранты выбіваюць:-) А ў маштабе нацыі яно нараджаецца спакваля, зьнянацку: вось учора нешта не выклікала ніякай рэакцыі, а сёньня спараджае выбух эмоцыяў. А спытайся ў любога — чаму, дык пачуеш у адказ мармытаньне: маўляў, ну вось зачапіла, кранула, дый усе ж вакол пра тое гавораць.

Кшталту як цана на памідоры на свабодным рынку — хто яе вызначае? Усе. І ніхто асабіста.

Ну на рынку ідэяў крыху ня так, там новае прабівае праз асобу і ў асобе часьцей за ўсё і ўвасабляецца. Але прабівае ў адпаведных умовах, калі ёсьць попыт, калі ўсе несьвядома вядуць той самы пошук, калі сёньня чамусьці запальвае тое, што пакідала абыякавым учора.

Ну і што ж такое народзіцца з тых спрэчак і абмеркаваньняў бакланаў, «Поршэ Каена» ды кантралёркі? Ну, ведаў бы прыкуп, жыў бы ў Сочы, як кажуць прэфэрансісты. Вынік творчасьці, у тым ліку і, кажучы марксісцкай мовай, творчасьці масаў, прадказаць у прынцыпе немагчыма. Але нешта варыцца, працэс пайшоў. І калі ён прывядзе да нейкага выніку — паверце, вы ня зблытаеце яго ні з чым.

І ў пэўным сэнсе яно так і справядліва выйдзе. Калі перамены адбудуцца на багажы 15-20-гадовай даўніны — хіба ня будзе гэта неяк няправільна? Яно можа выглядае залішнім эстэцтвам — ды хай хоць як адбудуцца, хоць тушкай, хоць чучалам, як у вядомым анэкдоце, але народ, маса — яны ж якраз эстэты па-свойму. Ужо калі адважыцца на нешта, дык дзеля нечага... ну што запальвае, натхняе. Радуе, адным словам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG