Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Протаярэй Шымбалёў: «Царква заклікае вернікаў не парушаць пост»


Празь дзень праваслаўныя будуць адзначаць сьвята Божага нараджэньня. У гэтыя дні ў праваслаўных вернікаў — пост, які доўжыцца 40 дзён і называецца Калядным, альбо Піліпавым. Але на час Каляднага посту прыходзіцца і Новы год, які ў Беларусі звычайна адзначаецца зь вялікім размахам. Як стасуецца Калядны пост са сьвяткаваньнем Новага году, высьвятлялі ў сьвятара, фальклярыста, верніка, атэіста.

Дырэктар Інстытуту праблем культуры, фальклярыст Іван Крук тлумачыць, што дзякуючы рэформам календара была парушана тая сынхранія, якая была зьвязаная з прыроднымі цыклямі:

«Тое месца, якое ў сёньняшнім нашым жыцьці займае Новы год, займалі Каляды. А калі мы гаворым пра Каляды і пра тое, што Новы год быў, як цяпер Стары новы год, то тады ўсё якраз становіцца на сваё месца. Таму спачатку быў пост, потым тое, што называецца „сочыва“, потым былі Каляды. Новы год — гэта, даруйце, тады, калі за савецкім часам, пачынаючы з 1917 году, царкву сталі адцясьняць на другі плян, а разам з тым на першае месца выходзіла не сялянская культура, а культура рабочага клясу. Вось тады і вымаляваўся Новы год. Гэта ўжо вынік рэформаў усялякіх».

Протаярэй, кіраўнік аддзелу адукацыі Менскай эпархіі, айцец Аляксандар Шымбалёў заклікае праваслаўных вернікаў не парушаць посту, нягледзячы на традыцыю з размахам адзначаць Новы год:

«Царква заклікае вернікаў не парушаць посту. Наагул, тое сьвяткаваньне, якое мы бачым у большасьці народу, — гэта нейкае дзікунства. Бо сьвяткаваньне заўсёды павінна быць духоўным. Па-першае, асэнсаваньне павінна быць, як мы год пражылі, чаго дасягнулі. Добрая традыцыя — перад Новым годам прыйсьці ў храм, памаліцца і адзначыць гэтае сьвята духоўна, а ня п’янствам, дэбошам, як гэта, на жаль, мы бачым. Нават сьвяткаваньне Новага году ў час посту можа быць духоўным і прыгожым. А парушаць пост нельга. Будзе сьвята Божага нараджэньня, будуць сьвяткі — вельмі прыгожы час, калі можна будзе есьці ўсё, што людзі захочуць. І гэта добрая традыцыя».

Старшыня Беларускага Славянскага Камітэту Сяргей Касьцян прызнаўся, што пост не трымае, але і Новы год адзначае зь сям’ёй даволі сьціпла:

Была пляшка шампанскага, пляшка гарэлкі, нейкія салацікі
Сяргей Касьцян

«Была пляшка шампанскага, пляшка гарэлкі, нейкія салацікі. Але размаху не было. Што тычыцца Раства Хрыстовага, то мы ніколі не прытрымліваліся і не прытрымліваемся посту. Бо трэба пост „блюсьці“, калі ты ўсё жыцьцё ходзіш у царкву, аддаеш паклоны. Таму пост я не трымаю».

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, як шчыры вернік, пост трымае. Нават 30 сьнежня, у свой дзень народзінаў, не спакусіўся на шашлыкі, што смажылі ягоныя сябры, якія адмыслова прыехалі «на хімію» павіншаваць Паўла:

«Калі пост — можна спакойна сьвяткаваць Новы год. Гэта толькі спрыяе таму, каб ацаніць духоўны сэнс сьвята, калі не напівацца, не наядацца, запаліць сьвечку і памаліцца, падумаць, што год прайшоў, што было, што будзе.

Пост — гэта ня столькі ўстрыманьне ад мяса ці іншай ежы, колькі ўстрыманьне ўвогуле. Устрыманьне, у тым ліку, і ад такіх асабліва гучных забаваў, і ад залішніх сьвяткаваньняў, і ад ужываньня сьпіртнога.

Што тычыцца, напрыклад, камэндатуры ў Купліне, то тут калі б і хацеў, не пасьвяткуеш, таму што ў 22.00 — адбой штодня».

Протаярэй, кіраўнік аддзелу адукацыі Менскай эпархіі, айцец Аляксандар Шымбалёў даў апошнія парады праваслаўным вернікам напярэдадні Раства Хрыстовага:

«Вельмі строгі пост — у апошні дзень, 6-га паводле грэгарыянскага календара. Апошні дзень мы называем „сачэльнік“. У гэты дзень мы зусім нічога не ядзім да вечара. А ўвечары, калі ўжо вечаровая служба скончыцца, гатуецца такая адмысловая посная ежа, куцьця. І гэтую куцьцю ядзім, і ўсё. А пасьля літургіі, на Божае нараджэньне — ужо ўрачысты стол, і ўжо можна есьці ўсё, што прыгатавала гаспадыня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG