Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: «Беларусы нарадзіліся не ў 1917 годзе»


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Сярод віншаваньняў, якія атрымлівае наша праграма ў гэтыя навагоднія ды калядныя дні, ёсьць допісы, адрасаваныя палітвязьню і герою многіх перадачаў «Свабоды» Мікалаю Аўтуховічу. 7 студзеня яму спаўняецца 50 гадоў.

Гэты юбілей разам з Калядамі палітвязень і вернік сустракае ў цокальнай камэры гарадзенскай «крыткі». Сюды ён, асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі («незаконнае захоўваньне і перавозка пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы), быў пераведзены летась у студзені як злосны парушальнік парадку у Івацэвіцкай папраўчай калёніі № 5 строгага рэжыму.

У свой час «Свабода» перадавала, што жорсткія штрафныя санкцыі ў дачыненьні да палітвязьня ды некаторых іншых зьняволеных з боку адміністрацыі ПК-5 пачаліся восеньню 2011. Пасьля таго, як на нашым радыё быў агучаны адрасаваны Аўтуховічу ў калёнію ліст ад кангрэсмэна ЗША.

Маці: «Людзі ведаюць, што ён ні ў чым не вінаваты»


Праз нашу праграму павіншаваць Мікалая Аўтуховіча пажадалі яго маці і маці іншага палівтязьня, сябры, аднадумцы… Здавалася б, наіўна лічыць, што ўсё гэтыя шчырыя словы дойдуць ў астрог, але як слушна адзначыла Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч, «а раптам, а можа, хтосьці пачуе па радыё ці ў інтэрнэце прачытае — ды перадасьць гэта сынку. А той будзе ведаць, што яго любяць, памятаюць ды думаюць пра яго».

Лідзія Аўтуховіч; «Людзям, напэўна, яго дзень нараджэньня — што ёсьць, што няма. Мне ж галоўнае, што, можа, хто пачытае ці пачуе ды перадасьць яму, Каб ведаў, што я яму паштоўку да юбілею даслала, нават калі і не атрымае яе зараз з-за перагрузкі на пошце. Таксама, хай ведае, што людзі яго любяць…. Можа, гэта яшчэ і „Народная Воля“ напіша, а ён атрымае газэту ў турме ды парадуецца… »

«Многія незнаёмыя людзі сёньня падтрымліваюць і яго, і мяне, — працягвае жанчына. — Ведаюць, што ў мяне пэнсія вельмі маленькая, за камунальныя трэба плаціць, вось пазоў выплачвала, ужо і жыць асабліва няма за што. Таксама і мне часам грошы дасылаюць, каб я яму нешта магла набыць. Людзі ведаюць, што ён ні ў чым не вінаваты. Ён жыць хоча і працаваць хоча. І сям’ю хоча бачыць, і з роднымі сустрэцца. А тут зрабілі так, што — якая сустрэча? Раз на год пасылкі перадаць можна толькі. А сустрэча — толькі дзьве гадзіны цераз шкло па тэлефоне…»

Лідзія Юльянаўна кажа, што «адна надзея ў яе — толькі на Бога, хіба толькі Бог паможа яму выйсьці раней. Але яны раней яго не адпусьцяць, бо не падлягае нават амністыі гэтай. А сам ён пісаць аб памілаваньні ня будзе. Так і сказаў: мама, я не пісаў і ня буду пісаць, таму што я ні ў чым не вінаваты».

За Мікалая Аўтуховіча ў гэтыя дні моляцца многія беларускія вернікі. Сям’я Севярынцаў — не выключэньне. Маці палітзьняволенага Паўла Севярынца Тацьцяна скарыстала нагоду, каб праз «Свабоду ў турмах» зьвярнуцца непасрэдна да імяніньніка:

«Ня ведаю, ці пачуеце, ці пабачыце, ці пашчасьціць, але словы мае гучаць, і я вам зычу шчасьця, мужнасьці, вытрымкі ды здароўя. Ведайце, што я штодня малюся за вас, як і за свайго сына, як і за іншых палітвязьняў. Трымайцеся, даражэнькі, мы чакаем вас на волі!»


«Быць не за кратамі — гэта не заўжды адчуваць сябе вольным»


Прозьвішча верніка Мікалая Аўтуховіча нагадвае нам, дарэчы, пра падзеі двухтысячагадовай даўніны. Яно паходзіць ад імя Аўтух — гэта народная форма хроснага імя Яўціхій. Першы сьвяты Яўціхій, згодна з паданьнямі, быў вучнем апостала Паўла і шмат цярпеў за веру. У вязьніцы ён мужна пераносіў усе катаваньні. Аднойчы, кажа ягоны жыцьцяпіс, Бог нябачнай рукой паслаў яму зь нябёсаў хлеба. А калі сьвятога Яўціхія кінулі ў вогнішча, раптам раздаўся нябесны гром і пайшоў вялікі дождж са сьнегам. Вогнішча згасла, сьвяты ж застаўся цэлы ды праславіў Госпада. Дадам, што паводле некаторых зьвестак, прозьвішча Аўтуховіч прыжылося на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзесьці ў 14 стагодзьдзі.

Тыя, хто добра ведае Аўтуховіча, кажуць, што ён вельмі цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны, і не выключаюць, што пасьля вызваленьня зможа нямала расказаць пра свой радавод.

У апошнім лісьце да свайго сябра Зьмітра Мікалай Аўтуховіч напісаў:

«Мы — беларусы, мы нарадзіліся не ў 1917 годзе. Нам не патрэбная гісторыя камуністаў… Мы ўжо ведаем пра сваіх продкаў»

Палітвязень упэўнены, што далёка не заўсёды быць за кратамі азначае быць несвабодным, і наадварот:

«Для кожнага свабода мае розны сэнс і адчуваньне адноснасьці. Калі ты ня ведаў няволі, ня ведаў перасьледу, ты ня ў поўнай ступені разумееш, што такое свабода. Быць не за кратамі — гэта не заўжды адчуваць сябе вольным. Гэта я разумею вельмі добра. Ты, ведаю, таксама. Пакуль хлусьня мацнейшая за праўду, гэтая адноснасьць (адчуваньня свабоды) будзе толькі павялічвацца. Нельга, ведаючы, што нам хлусяць, рабіць выгляд, што ўсё гэта так. Ілжы ўжо столькі, што яе нельга схаваць. Усё вылазіць на сьвет Божы, і людзі пачынаюць гэта разумець Таму я веру, што ў хуткім часе ўсё пачне адкручвацца назад. Людзі будуць баяцца хлусіць, бо за гэта будзе кара. Там наверсе ўсё бачна. Вельмі спадзяюся на тое, што беларусы хутка пачнуць ганарыцца сваімі продкамі, сваёй гісторыяй…»

«За кратамі цэняць прыстойных людзей»


Сябра Аўтуховіча Зьміцер, які перадаў нашай праграме гэты ліст, пазнаёміўся зь Мікалаем у Івацэвіцкай калёніі № 5, дзе Мікалая ўтрымлівалі да пераводу ў Гарадзенскую турму. Чым уразіў Зьмітра гэты чалавек?

«Адна з галоўных якасьцяў гэтага чалавека — прыстойнасьць, — адзначае сябра палітвязьня. — Нягледзячы на тое, што ў жыцьці, як на волі, так і за кратамі, так шмат несправядлівага, прыстойнасьць заўсёды цэніцца між людзьмі. Экстрэмальныя ж умовы толькі яшчэ больш выяўляюць гэтую якасьць. Зразумела, калі яна сапраўды ёсьць. Ці наадварот, калі яе няма, вельмі хутка паказваюць на яе адсутнасьць. Ты ўсё гэта бачыш, назіраючы штодня за чалавекам, яго ўчынкамі, справамі, манерай размаўляць, уменьнем слухаць і адстойваць уласныя прынцыпы, гатоўнасьцю дапамагчы таму, хто ў гэтым мае патрэбу.

…Герой-аўганец, Мікола ніколі не распавядаў пра Аўган… Толькі ў самых агульных рысах — ваяваў, камандаваў Ён ніколі не пазыцыянаваў сябе як палітвязьня, маўляў, „мы не такія, як астатнія“. Чалавек як чалавек, таму зь ім і размаўлялі. Каб быў у яго нейкі снабізм, пыха ў адносінах да іншых — павагі з такім наборам „вартасьцяў“ сярод людзей ён бы ня меў. Для мяне відавочна, што гэтага чалавека не зламаць нікому, бо ў ім ёсьць стрыжань і непахіснасьць перакананьняў».

«Напярэдадні дня народзінаў Мікалая Аўтуховіча, — працягвае Зьміцер, — я хацеў бы выказаць словы падтрымкі яму, яго сям’і, пра якую ён заўсёды вельмі цёпла гаварыў. Пажадаць яму здароўя і цярплівасьці ў дачыненьні да тых дурняў, якіх зь лішкам хапае на ўсіх этапах яго турэмнай эпапэі».




«Чалавек павінен сябе рэалізаваць цалкам»


А вось некаторыя іншыя пажаданьні на Каляды ды Новы год, якія праз нашу праграму перадаюць былыя і цяперашнія вязьні.

Колішні вязень сумленьня, доктар мэдыцыны, аўтар кнігі «Як выжыць у турме» Юры Бандажэўскі віншуе з Раством усіх вязьняў. Акрамя здароўя, мужнасьці, стойкасьці — зычыць кожнаму, хто за кратамі, змагацца за сябе да канца.

Юры Бандажэўскі

Юры Бандажэўскі

«Чалавек павінен сябе рэалізаваць цалкам. Такое маё пажаданьне тым, хто знаходзіцца за кратамі. А што, няўжо тыя, хто ў няволі, павінны здацца? Трэба змагацца за сябе, ведаць, дзеля чаго ты жывеш. Калі гэта дзеля каханай — жыві і змагайся! Калі дзеля каханьня — жыві, змагайся! Трэба імкнуцца зразумець, дзеля чаго ты зьявіўся на сьвет».

У сёньняшняй праграме — чарговы ўрывак з кнігі прафэсара пра выжываньне ў турме, дзе прафэсар у тым ліку дае парады тым маладым зьняволеным, якія сур’ёзна думаюць пра тое, каб стварыць сям’ю і нарадзіць здаровых дзяцей…

Дадам, што сыстэма выжываньня за кратамі публікавалася на нашым сайце мінулым летам і выклікала вялікую цікавасьць сярод нашых чытачоў, а цяпер ужо і слухачоў. Пішуць тыя, у чый дом прыйшла бяда і чые дзеці апынуліся ў няволі. Тамара Сялюн зь Вялейкі адна зь іх.

«Слухаю вашу праграму і плачу. Не магу быць спакойнай, калі адбываецца чорт ведае што. Няўжо нашы намаганьні ні да чаго не прывядуць?»

Жанчына просіць даслаць ёй кнігу прафэсара Бандажэўскага. Яна лічыць, што гэта «мэтодыка павінна дапамагчы тым, хто ў няволі, і тым, хто на свабодзе».

Паважаная спадарыня Тамара, спачуваем вашай бядзе і абяцаем, як толькі гэтая кніга выйдзе ў сьвет (мяркуецца, хутка), адразу даслаць яе вам.

«Шкада тых, хто мяне шкадуе»


Чакае кнігі Бандажэўскага і палітвязень Ігар Аліневіч. У сваім апошнім лісьце да маці ён напісаў:

Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч


«Мае найлепшыя навагоднія віншаваньні Грамадзяніну Бандажэўскаму. Вельмі рады, што выходзіць яго кніга. У маю ранішнюю гімнастыку ўключаны шэраг ягоных практыкаваньняў…Важна, што ў кнізе будзе навуковае абгрунтаваньне сыстэмы. Бо бяз доказаў гэта містыка. Ня лепшая і ня горшая, чым розныя народныя сродкі. З доказамі — гэта паўнавартасная навуковая тэорыя, паводле якой можна спрачацца прадметна ды канструктыўна»

У лісьце да маці Ігар таксама піша:

«Мне шкада многіх тых, хто шкадуе мяне… бо ім сапраўды цяжка. На волі ўсё бачаць праз пэўную прызму. Ніхто не задаваўся пытаньнем — а што адбываецца з астатнімі дзясяткамі тысяч вязьняў? Тэма „палітычных“ у лягерах — гэта ўсяго толькі маленькая і малаістотная кропля ў тэме лягераў увогуле. Не хачу, каб мяне выпячвалі наперад там, дзе б маглі быць тысячы іншых асуджаных. Я не лічу, што гэтага заслугоўваю. Мне сорамна перад іншымі, больш годнымі людзьмі. Людзям на зоне забаронена законам (!) мець швэдры. І гэта ў 21 стагодзьдзі! Пра што гэта сьведчыць?! Тыя, хто выйшаў на волю, маюць пэўную грамадзянскую адказнасьць за іншых»…

І зноў, вяртаючыся да сыстэмы выжываньня за кратамі, якую распрацаваў прафэсар Юры Бандажэўскі. Як і любая іншая мэтодыка, яна, акрамя станоўчых водгукаў, выклікала і крытычныя заўвагі. Некаторыя адзначаюць несумяшчальнасьць хрысьціянскай веры, якую вызнае Юры Бандажэўскі, з ужываньнем розных усходніх рытуалаў ды гімнастык. Некаторыя лічаць, што падобныя парады разьлічаныя на так званых «элітных» вязьняў, большасьць жа за кратамі выжывае без аніякай сыстэмы.

«Малюся за тых, каму яшчэ цяжэй»


Павал Севярынец

Павал Севярынец

У чым бачыць выжываньне ў няволі палітвязень Павал Севярынец, які адбывае пакараньне хіміяй у вёсцы Куплін? Ці ёсьць у яго свая ўласная сыстэма ды мэтодыка?

Севярынец: «Калі казаць пра фізычную загартоўку, то час ад часу, калі дазваляе надвор’е, можна заняцца спортам, у нас ёсьць такі «спортгарадок». Фізычных нагрузак хапае таксама на складзе, дзе я працую. Ёсьць добрае здароўе. Бог дабраслаўляе…

Што да сумяшчальнасьці-несумяшчальнасьці веры зь ёгай, то стаўлюся да гэтага спакойна. Бо тая ж ёга — калі яна прапануецца ў якасьці фізычнага практыкаваньня, а не сьветапогляду, яна можа практыкавацца вернікамі. Што да сыстэмы выжываньня ў савецкіх турмах, то яна была сфармуляваная яшчэ ў мінулым стагодзьдзі: ня вер, ня бойся, не прасі. Вось і ўся сыстэма. Маецца на ўвазе — ня верыць адміністрацыі, не баяцца яе і не прасіць у яе. А вера ў Бога дае адказ на ўсе астатнія пытаньні і дапамагае».

«Свабода ў турмах»: За каго вы моліцеся ў гэтыя дні?

Севярынец: «У гэтыя дні я малюся за тых, каму яшчэ цяжэй, за тых, хто ў турмах. Гэта і Зьміцер Дашкевіч, і Мікалай Статкевіч, і Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Яўген Васьковіч, тыя, каго называюць анархістамі. Мы перапісваемся. Ведаю, што яны трымаюцца, што яны мужныя. Зычу захаваць гэту мужнасьць.Усе выпрабаваньні даюцца нам невыпадкова. Кожны сам можа зрабіць ў выніку сваю выснову і зрабіцца бліжэй да Бога і вольнай Беларусі».

«Свабода ў турмах» далучаецца да гэтых словаў. На мінулым тыдні наша радыё назвала чарговага чалавека году, Ім стаў палітвязень — зборны вобраз сучаснай Беларусі, якая змагаецца за свабоду. У аўдыёвэрсіі нашай сёньняшняй праграмы свае словы падтрымкі і песьню «Дзякуй жыцьцю» перадае беларусам за кратамі легендарная амэрыканская сьпявачка Джаан Баэз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG