Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямала цягнікоў пасьпела за апошнія паўтара стагодзьдзя прыбыць на вакзал францускага гораду Ля-Сьёта — і пасьпяхова адбыць: пасажырскіх, грузавых, паштовых, вайсковых — і ўжо ж, мусіць, без аварыяў і няшчасных выпадкаў на тамтэйшай чыгунцы за такі час не абышлося. Пэўне ж, і ногі адразаліся, і рукі, а здаралася, каціліся па насыпе галовы... Але аднаму цягніку з тых, чый маршрут пралягаў празь Ля-Сьёта, удалося пазбавіць чалавека чагосьці больш важнага. А менавіта — глядацкай нявіннасьці: з цнатлівага сузіральніка ахвяра таго цягніка зрабілася Кінагледачом, саўдзельнікам вялікай ілюзіі, пакупніком ценяў. І гэта, здаецца, ужо назаўжды.

Някепскі вынік для сьціплага паштовага.

Агюст і Люі Люм'еры

Агюст і Люі Люм'еры

6 студзеня 1896 году фільм братоў Люм’ераў «Прыбыцьцё цягніка на вакзал Ля-Сьёта» ўпершыню быў прадэманстраваны ў вялікай залі. Кажуць, самыя ўражлівыя з публікі хаваліся пад крэслы і спрабавалі ўцячы ад паравоза, што, пагрозьліва рухаючы локцямі, нечакана выскачыў ім насустрач проста са сьцяны, а з пудзелем, якога ўзяла з сабой адна дама, здарыўся эпілептычны прыпадак. Здаецца, чуткі трохі перабольшаныя: цягнік у гэтай стужцы хутчэй праяжджае міма гледача, чым прэ проста на яго — дый для чалавека канца 19 стагодзьдзя чыгунка была ўжо справаю звыклай. Ганна Карэніна, скажам, яе зусім не баялася. Напэўна, адчуваньні таго, хто прысутнічаў на прэм’еры, льга было б параўнаць зь першым досьведам 3D-эфэкту: калі адна, рамантычная і легкаверная частка сьвядомасьці падманутая, а другая, цынічная і разважлівая, гучна кажа на самым цікавым месцы, што ўсё гэта танныя трукі і лоўкасьць рук, нікуды ты ня падаеш, у агні не гарыш і ў вадзе ня тонеш.



«Прыбыцьцё цягніка» — цуд, які здараецца толькі адзін раз, але затое належыць усім.

Цягнік прывёз на станцыю Ля-Сьёта сяброў і сваякоў Люм’ераў, якіх стваральнікі стужкі запрасілі паўдзельнічаць у экспэрымэнце — але апрача іх ён прывёз чалавецтву новы час і новыя магчымасьці. Фактычна, на францускай станцыі Ля-Сьёта цэлы сьвет зрабіў чарговую перасадку. Паміж чалавекам эпохі кіно і ягонымі «неэкранізаванымі продкамі» адразу пралегла расколіна шырынёй з кінастужку.

Першая ў сьвеце кінаафіша

Першая ў сьвеце кінаафіша

«Прыбыцьцё» можна пераглядаць і пераглядаць. Сто разоў запар. Можна заміраць ад таго, што бачыш на экране жывую гісторыю. Можна засяродзіцца на дробязях. Паспрабаваць ідэнтыфікаваць пол дзіцяці, якое вядуць за руку, пакуль цягнік пад’яжджае, і якое зьнікае ў мітусьні, як толькі ён спыняецца. Можна сканцэнтравацца на чалавеку ў сьветлым гарнітуры і кепі, які, выбраўшыся з вагона, ніяк ня можа вызваліць ад сябе кадр — ён тут галоўны герой, канкурэнт паравоза, бо куды ні стане, яго паўсюль відаць. Можна пракруціць стужку ў адваротным парадку — і ўратаваць яе герояў, цягнік, вакзал, той забыты ўсімі дзень. Але лепш проста глядзець на чорна-белыя кадры і плакаць. Сорак дзевяць сэкундаў ты любіш іх усіх — ад уладальніка кепі і нябачнага апэратара да аблачынак над паравознай трубой. Людзей гэтым усім ужо ніколі не зьдзівіць. Іх наогул усё цяжэй чымсьці зьдзівіць. Можна сто разоў глядзець «Прыбыцьцё цягніка» — і ў сьвеце нічога ня зьменіцца. Але і яны нікуды не падзенуцца — тыя, Каго Прывёз Цягнік. Безыменныя героі, на якіх раптам упаў магічны прамень.
XS
SM
MD
LG