Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: на кожнага легальнага таксіста — 5 нелегалаў


Прывакзальная плошча ў Гомелі
Прывакзальная плошча ў Гомелі

Дзясяткі таксістаў-нелегалаў прыяжджаюць штодня ў Гомелі да вакзалаў, буйных гульнёвых ды гандлёвых цэнтраў. Асабліва іх шмат у сьвяты. Улады спрабуюць змагацца зь нелегальнымі таксістамі, але вялікага плёну гэта не дае. За мінулы год падаткоўцы й транспартная інспэкцыя выявілі 94 падпольных перавозчыкаў.

Легальныя таксісты афіцыйныя лічбы ўспрымаюць зь іранічнай ўсьмешкай. У ліку скептыкаў — і спадар Андрэй, які возіць людзей ад Прывакзальнай плошчы:

«25–30 чалавек толькі тут — гэта ранішніх. А яшчэ начных колькі?! Прыедзьце нават да маскоўскага цягніка й паглядзіце, што тут робіцца. А правяраюць толькі нас — мэдыка, мэханіка кожны дзень павінен прайсьці. Зноў жа пуцявы ліст».

Калега суразмоўцы Сяргей дадае:

«На кожнага легальнага таксіста прыпадае 5 нелегалаў. Калі раніцай пад’едзеце да цягнікоў, тут уся круглая плошча забіта, поўнасьцю забіта. Яны ідуць на пэрон, ідуць да цягнікоў і там прапануюць свае паслугі».

Сярод іх і ранішні вазьніца-пэнсіянэр, якога кіроўцы празвалі «Жалезным». Аднак «Жалезны» гутарыць наадрэз адмаўляецца й робіць выгляд, што ён тут ні пры чым і выпадкова апынуўся ўранку на Прывакзальнай плошчы:

«Я не тутэйшы. Вунь таксі яшчэ — калі ласка, падыдзіце. А я — прахожы чалавек. Кабылку якую двухногую — вось гэта я спэцыяліст».

У нелегальныя вазьніцы людзі часьцяком ідуць не ад добрага жыцьця. У адных няма годнай працы. Іншыя атрымліваюць малую пэнсію, на якую цяжка выжыць:

«З нашымі пэнсіямі? Асабліва мне, з маёй! А жыць жа трэба».

Так тлумачыць сваю нелегальную працу таксістам пэнсіянэр, які пагадзіўся пагутарыць на ўмовах ананімнасьці. Дарэчы, сярод нелегалаў сапраўды шмат людзей сталага веку. Ва ўсякім разе, сёньня ўранку яны часьцей за іншых прапаноўвалі свае паслугі мінакам, якія прыяжджалі ў горад.

У нелегала цікаўлюся, чаму б не зарэгістравацца яму ў падатковай інспэкцыі, не набыць ліцэнзію — і займацца вазьніцтвам легальна?

Пэнсіянэр-нелегал: «Як сказаць… Пачынаючы ад афармленьня і заканчваючы выездам, трэба каля 30 пунктаў прайсьці, запоўніць. Гэтыя ўсе рэгістрацыі на выезд, усе гэтыя мэханікі, лекары, лічыльнікі. Усё гэта разам узятае — гэта ўсё складанасьць, гэта ўсё грошы. І падатак немалы, прынамсі для нас — можа, для іншай краіны ён і невялікі. Потым яшчэ праз каго працуеш — ты індывідуальны прадпрымальнік ці зь фірмай зьвязаны і ёй плаціць павінен. Усё гэта ўскладняе і ўскладняе».
Тут ёсьць былыя міліцыянты, былыя таксісты, пажарнікі. Словам, былыя ў адстаўцы. Іх ніхто адсюль ня выганіць — нічога не дапаможа

Але й нелегальная праца таксістам упэўненасьці не надае. Адміністрацыйны кодэкс прадугледжвае за гэта штрафы да 20 мільёнаў рублёў. Апрача таго, у падпольнага вазьніцы могуць канфіскаваць і аўтамашыну. Такі выпадак ужо здарыўся ў Гомелі год таму. У нелегала, які пяць разоў не заплаціў штрафы, накладзеныя падатковай інспэкцыяй за транспартныя паслугі без афіцыйнай рэгістрацыі, праз гаспадарчы суд сканфіскавалі аўтамабіль «Seat Toledo».

Але такія жорсткія захады, на думку некаторых легальных таксістаў, наўрад ці зьвядуць нелегалаў.

Таксіст з рэгістрацыяй: «У прынцыпе, яны як працавалі, так, напэўна, і будуць працаваць. Тут ёсьць былыя міліцыянты, былыя таксісты, пажарнікі. Словам, былыя ў адстаўцы. Іх ніхто адсюль ня выганіць — нічога не дапаможа. І яны нас ня крыўдзяць. Нас бачыць транспартная інспэкцыя, падаткоўцы, ДАІ. Яны прыходзяць, глядзяць — ці лекара прайшоў, мэханіка? Завязі бясплатна туды, бясплатна сюды, грошы бяруць — і так вось крыўдзяць. А гэтыя сталыя людзі, якія спрабуюць зарабіць на кавалак хлеба, яны нас ня крыўдзяць».

Некаторыя іншыя кіроўцы, аднак, сьцьвярджаюць, што нелегалы забіраюць ад вакзала каля паловы пасажыраў, якія вырашылі скарыстацца паслугамі таксі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG