Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які безь пералётаў наведаў усе краіны сьвету


Грэм Х'юз у Папуа-Новай Гвінэі

Грэм Х'юз у Папуа-Новай Гвінэі

31-гадовы Грэм Х’юз з Англіі адзначаны ў Кнізе рэкордаў Гінэса асаблівым дасягненьнем: ён — першы чалавек, які наведаў усе краіны сьвету, не карыстаючыся авіятранспартам. Грэм Х’юз тлумачыць, як яму ўдалося гэта зрабіць, у інтэрвію журналісту нашага радыё Чарлзу Рэкнэглу.

РС: У вас сусьветны рэкорд: вы наведалі кожную краіну сьвету, якая належыць да ААН, плюс восем іншых краінаў — разам 201 краіну — на працягу чатырох гадоў, не карыстаючыся самалётам. Апошняе месца, якое вы наведалі ў лістападзе — гэта новая дзяржава Паўднёвы Судан. Увесь час у вас быў мізэрны бюджэт, вы карысталіся мясцовымі аўтобусамі або прасілі вас падвезьці прыватным транспартам, і начавалі дзе папала, у дамах чужых людзей. Нялёгка падарожнічаць у такі спосаб. Ці было варта?

Х’юз: 99 адсоткаў часу сваіх падарожжаў я праводзіў вельмі прыемна і весела. Я сустракаў новых людзей, набываў новы досьвед, назіраў за рознымі зьвярамі: лемурамі на Мадагаскары, цмокамі на востраве Камода, мэдузамі каля востраву Палаў, арангутанамі на Барнэо, я ўзьбіраўся на Піраміду Хэопса ў Гізе, я бачыў адзін з апошніх запускаў шматразовага касьмічнага карабля з мыса Канавэрал у Фларыдзе. Так што мне было што рабіць, і я не замяніў бы ні на што ні сэкунды з таго часу, які я правёў у сваіх падарожжах.

РС: Гэта гучыць цудоўна — убачыць сьвет ва ўсёй яго захапляльнай разнастайнасьці. Але каб падарожнічаць у такі спосаб, на волю лёсу, вы мусілі моцна верыць у дабрыню чалавечага роду, у тое, што вас не абрабуюць або ня зробяць вам яшчэ нешта горшае. Ці сьвет, нягледзячы на ўсе яго праблемы, падаўся вам прыязным месцам?

Х’юз: Так. У сьвеце, які я пабачыў, людзі ўзбоч дарогі не чакаюць нейкага выпадковага турыста, каб запыніць яго і абдурыць. Сур’ёзныя праблемы ў мяне былі толькі з афрыканскімі паліцыянтамі, у той час як звычайныя афрыканцы былі вельмі, вельмі ветлівымі і шчодрымі, яны дзяліліся са мной сваёй ежай, паказвалі, на якіх аўтобусах мне трэба ехаць, і дазвалялі мне пераначаваць у сябе дома. І нават у месцах, якія мы лічым даволі кансэрватыўнымі, напрыклад дзесьці ў Іране, якім кіруюць аўтакраты, нават у такіх месцах жывуць вельмі гасьцінныя і ветлівыя людзі. Вось маеце мой прыклад — я правёў чатыры гады ў дарозе па ўсім сьвеце, а на мяне ні разу не напалі бандыты, ніхто не спрабаваў мяне пабіць, у мяне нічога ня скралі, і я нават ні разу не захварэў.

Х'юзу ў Тога паказваюць дарогу

Х'юзу ў Тога паказваюць дарогу



РС: Але вас некалькі разоў арыштоўвалі, у тым ліку пасадзілі ў вязьніцу ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга, вас схапілі ў Расеі ды таксама на Кубе. Чаго гэта ўлады кідалі вас у вязьніцу?

Х’юз: Фактычна ў турме я сядзеў два разы, хоць затрымлівалі мяне больш разоў, але ў большасьці выпадкаў я здолеў адгаварыцца. Першы раз, калі мяне затрымалі, яны думалі, што я займаюся кантрабандай людзей. Яны думалі, што сэнэгальскіх рыбакоў, якім я заплаціў, каб яны перавезьлі мяне лодкай з Сэнэгалу ў Каба-Вэрдэ, я перапраўляю нелегальна ў Каба-Вэрдэ. Яны пратрымалі нас шэсьць дзён у цеснай камэры, і нам было ня надта прыемна. Але яны нас урэшце выпусьцілі.

А некалькі месяцаў пазьней, калі я быў у Конга, мяне зьнялі з грузавіка, які падвозіў і іншых людзей. Яны хацелі перагледзець відэаздымкі, якія я зрабіў, каб упэўніцца, што я ня зьняў таго, што забаронена зьнімаць. Яны пасадзілі мяне ў турму і пакінулі мяне там на шэсьць дзён, і гэта для мяне была сапраўдная пакута, таму што я, ведаеце, такі непаседлівы чалавек. Я заўсёды мушу нешта рабіць, ці то чытаць, ці пісаць, ці размаўляць зь людзьмі, нечым займацца. А мяне ўпіхнулі ў камэру, дзе мне не было чым заняцца, акрамя як сядзець і пытацца — людзі, навошта я вам тут патрэбны? Гэта было для мяне найгоршым пакараньнем.

РС: Калі вы пачыналі сваё падарожжа, вы думалі, што закончыце яго за чатыры гады? Ці былі іншыя людзі, якія хацелі паставіць такі рэкорд?

Х’юз: Мне спачатку думалася, што я закончу гэта за год ці паўтара. Зразумела, гэта трывала крыху даўжэй. Значыць, калі я пачынаў сваё падарожжа, я ня думаў, што яно забярэ такі кавалак майго жыцьця. Але ў нейкі момант я перайшоў пункт невяртаньня. Пад канец другога году я наведаў 184 краіны і мне засталося наведаць усяго 17. Гэта няшмат, але паколькі туды было вельмі цяжка дабрацца, мне спатрэбілася яшчэ два гады, каб наведаць усе гэтыя 17 краінаў. Гэта былі месцы накшталт Науру, Сэйшэлаў і астравоў Кірыбаці, куды хадзілі толькі грузавыя судны раз на месяць або неяк так.

У мяне не было сур’ёзных супернікаў, але быў ужо чалавек зь Індыі, Кашы Самадар, якога запісалі ў Кнізе рэкордаў Гінэса за тое, што ён наведаў кожную краіну сьвету. Але ён карыстаўся самалётамі, і гэта ў яго заняло шэсьць з паловаў гадоў.

РС: Наколькі я разумею, ёсьць пэўныя правілы, якіх трэба прытрымлівацца чалавеку, які змагаецца за такі рэкорд у Кнізе Гінэса. Па-першае, нельга пераяжджаць з краіны ў краіну на прыватнай аўтамашыне, бо гэта магло б выклікаць небясьпечныя аўтагонкі паміж супернікамі. Якім чынам пацьвярджаюць рэкорды ў Кнізе Гінэса? Што вам трэба было прадставіць як доказ вашага рэкорду?

Х’юз: Я доўга рыхтаваўся перад тым, як рушыць у маё падарожжа, дакладна распрацоўваючы, якім чынам я буду перамяшчацца з пункту А да пункту Б, а потым да пункту В. Я быў у кантакце зь людзьмі з Кнігі рэкордаў Гінэса і пытаўся ў іх, па-першае, ці нехта ўжо не рабіў гэтага, ды па-другое, што ім трэба як доказ таго, што я пабываў ва ўсіх тых мясьцінах. Яны, зразумела, хацелі бачыць адпаведныя штампы ў маім пашпарце, але яны таксама хацелі бачыць мой GPS-трэкер, які запісваў маю пазыцыю праз кожныя 15 сэкундаў майго падарожжа. Яны таксама хацелі бачыць відэаздымкі і фотаздымкі з тых краінаў, дзе я пабываў, каб пацьвердзіць маё знаходжаньне ў іх.

РС: Будучы ў дарозе, вы вялі тэлевізійную перадачу «Сьвет Грэма» (Graham’s World) на канале National Geographic Adventure, якая была штотыднёвай справаздачай з вашага падарожжа, а да таго вы зьбіралі грошы на дабрачынны праект Water Aid, мэтай якога зьяўляецца дапамога бедным раёнам у атрыманьні чыстай пітной вады. Гэта былі важкія прычыны, каб рабіць тое, што вы рабілі. Але што насамрэч было галоўнай прычынай, што вы прысьвяцілі чатыры гады жыцьця, каб пабачыць кожны закутак нашай плянэты?

Х’юз: Прычынаў было шмат, але я думаю, галоўнай было тое, што я хацеў нешта зрабіць у сваім жыцьці, каб сабраць грошы на дабрачынную мэту, на праект Water Aid, ды заахвоціць людзей, якія сачылі за маім падарожжам, каб яны самі таксама пачалі падарожнічаць, таму што я моцна веру, што падарожжы — гэта найлепшая адукацыя, якую можна атрымаць у жыцьці, і што людзі, якія пакідаюць сваё наседжанае месца ды выбіраюцца ў падарожжа па сьвеце, вяртаюцца ня тое, каб лепшымі людзьмі, а людзьмі зь лепшым поглядам на гэты сьвет. Кажуць, што падарожжы пашыраюць далягляды, і я цьвёрда ў гэта веру.

РС: Што вы зробіце, калі сьпіс краінаў на сьвеце будзе ўсё расьці? Вы будзеце абнаўляць свой рэкорд?

Х’юз: Мой рэкорд застанецца ў любым выпадку, таму што я быў першым чалавекам, які яго паставіў — з тымі краінамі, якія існавалі на той момант. Але я сабе пастанавіў, што ў будучыні я паеду ў кожную новую краіну, якая зьявіцца на мапе, ну, напрыклад, у Паўднёвую Асэтыю або Нагорны Карабах, або Абхазію, калі яны атрымаюць прызнаньне ў ААН. Найбольш імаверным у бліжэйшыя гады падаецца мне падарожжа на Грэнляндыю, якая можа стаць незалежнай ад Даніі, і на востраў Бугенвіль, які можа стаць незалежным ад Папуа-Новай Гінэі. У кожным з гэтых выпадкаў я куплю квіток на карабель або на цягнік, або на аўтобус, і паеду туды.

Х'юз на Багамах

Х'юз на Багамах

XS
SM
MD
LG