Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здаровая ежа: пазбаўцеся ад мітаў


Стэрэатыпы пра шкоднасьць і бясшкоднасьць некаторых прадуктаў харчаваньня могуць быць спрэчнымі

Джоан Бродзі ў New York Times прапануе пачаць новы год з адмовы ад пэўных стэрэатыпаў, якія шырока распаўсюджваюцца ў Сеціве, супэрмаркетах і крамах здаровай ежы. У выніку гэтых стэрэатыпаў мільёны людзей марнуюць грошы на сумнеўныя і нават небясьпечныя прадукты.

Вяленае мяса. Некаторыя людзі засьцерагаюцца ўжываць такое мяса з-за наяўнасьці нітрытаў і ў якасьці альтэрнатывы набываюць арганічныя вэрсіі апрацаванага мяса альбо прадукты без нітрытаў. Праблема, аднак, у тым, што без кансэрвантаў яны ня могуць быць абароненыя ад бактэрыяльнага забруджваньня. Калі вы сапраўды занепакоеныя сваім здароўем — трымайцеся далей ад апрацаванага мяса. Высокая канцэнтрацыя у іх тлушчаў ды солі ня пойдзе на карысьць.

Клейкае мяса. Ніколі ня чулі пра такое? Яго выкарыстоўваюць дзеля вырабу штучнага «крабавага» мяса зь мінтаю. Альбо для спалучэньня бараніны з марскімі прадуктамі. Альбо для вырабу пэўных гатункаў каўбасы. Слова «клей» гучыць страшна? Ня бойцеся. Фэрмэнт прызнаны бясьпечным — наш арганізм выпрацоўвае нешта падобнае, каб спрыяць зварочваньню крыві. Пры спажываньні ў якасьць прадуктаў ён расшчапляецца, як бялок, на амінакіслоты.

А вось транс-тлушчы — шкодныя для сэрца. Яны вырабляюцца з апрацаваных харчовых прадуктаў. Але ня ўсе яны шкодныя — некаторыя могуць быць дададзеныя да малочных прадуктаў і сокаў.

Арганічныя прадукты альбо не? Усё большым робіцца масіў прадуктаў з надпісамі «арганічнае» і «натуральнае». Але ці атрымліваюць спажыўцы карысьць для здароўя ад таго, за што плацяць болей?

Да ХХ стагодзьдзя ўся сельская гаспадарка была «арганічнай», гной і кампост выкарыстоўваліся як угнаеньні, а яшчэ было «натуральнае» спалучэньне мыш’яку, ртуці і сьвінцу, якія выкарыстоўваліся ў якасьці пэстыцыдаў.

А дзе гарантыя, што гной, які сёньня выкарыстоўваецца на «арганічных» фэрмах, не ўтрымлівае хваробатворныя мікраарганізмы? Да таго ж, арганічныя прадукты могуць быць неабароненыя ад фэрмэнтаў, якія выклікаюць рак. І хаця некаторыя такія прадукты, сапраўды, могуць утрымліваць крыху вышэйшы ўзровень асноўных мікраэлемэнтаў, такіх як вітамін С, розьніца паміж імі і звычайнымі сельскагаспадарчымі культурамі можа залежаць яшчэ ад таго, дзе яны вырабляюцца.

Ласось, які разводзіцца на фэрмах. Менавіта такога ласося мы купляем часьцей за ўсё. Ёсьць небясьпека ў тым, што ў корм для рыб дадаецца астаксантын — дзеля колеру.

І, нарэшце, арэхі. Раней лічылася, што спажываньне арэхаў спрыяе павелічэньню вагі. Цяпер дасьледаваньні паказалі, што людзі, якая рэгулярна спажываюць арэхі і арэхавы алей у разумных межах, важаць ня болей, чым тыя, хто іх пазьбягае. Арэхі таксама зьяўляюцца добрай крыніцай бялку і антыаксыдантаў, вітамінаў, мінэралаў і клятчаткі і могуць быць добрым заменьнікам гатаванай ежы, калі вы галодныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG