Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяглыя калядна-навагоднія сьвяткаваньні многім запомняцца ня толькі застольным вясельлем, але і падарваным здароўем.

Празьмернае спажываньне харчоў уперамешку з алькаголем шмат для каго сканчаецца вымушаным візытам у паліклініку. Да таго ж, страціўшы пільнасьць, грамадзяне масава папаўняюць шпіталі зь пераломамі ды рознымі траўмамі.

Самыя распаўсюджаныя наступствы навагодніх застольляў — атручэньні ежай і перадазіроўка алькаголю, а таксама непрагназаваныя «раненьні». Паводле афіцыйных дадзеных, у выходныя з 31 сьнежня да 2 студзеня піратэхнічныя траўмы атрымалі 57 чалавек, амаль два дзясяткі шпіталізаваныя з пераахаладжэньнем і абмаражэньнямі, некалькі чалавек атрымалі траўмы вачэй, няўдала адкаркаваўшы бутэлькі з шампанскім. Алькаголем атруціліся амаль 40 чалавек, зь іх сямёра — дзеці.

Але адзін з галоўных спадарожнікаў сьвяточнага стала — востры панкрэатыт. Як тлумачаць мэдыкі, у выніку напампоўваньня арганізму алькаголем і тлушчам падстраўнікавая залоза пачынае інтэнсіўна выдзяляць фэрмэнты, якія разбураюць ня тлушчы, а тканку самой залозы. Як вынік — моцныя болі ў жываце, левай палове тулава і сьпіне. У бальшыні выпадкаў захворваньне правакуецца пераяданьнем тлустага, смажанага і вострага.

Спадар Сяргей — тыповая ахвяра тыднёвага сьвяткаваньня. Замест таго, каб нарэшце выйсьці на працу, вымушаны браць бюлетэнь:

«Ну так, занадта актыўна „ўдарылі“. Відаць, арганізм проста ня быў гатовы да такой сустрэчы Новага году. Напярэдадні так сьпіну прыхапіла, што ледзь варочаўся. Учора пару ўколаў зрабілі, дык сёньня ўжо крыху лягчэй. Але ўсё роўна адчуваньне кепскае. Спадзяюся, за пару дзён выкараскаюся. Бліжэйшым часам, думаю, на алькаголь не змагу нават глядзець».

Некаторыя яшчэ дагэтуль даядаюць салаты, якія тазікамі гатаваліся да навагодняга стала. Але, як кажа лекар-хірург Андрэй Сямёнаў, пратэрмінаваныя маянэзныя запраўкі, грыбныя стравы ды іншыя прадукты, тэрмін захоўваньня якіх ніяк не расьцягнеш ад Новага году да праваслаўных Калядаў — таксама вядуць наўпрост у аддзяленьне таксыкалёгіі:

«Калі бяда ўсё ж здарылася і зьявіліся моцныя болі, то ня трэба чакаць, калі ўсё само сабой зьнікне, а трэба неадкладна выклікаць хуткую дапамогу і зьвяртацца да спэцыялістаў. Бо гэта вельмі цяжкі стан, вельмі цяжкія болі, якія, па сутнасьці, могуць прывесьці да гібелі чалавека, калі тэрмінова не зьвярнуцца па мэдычную дапамогу».

Асобна ў шэрагу навагодніх хваробаў стаіць пахмельны сындром. Штогод толькі ў Менску фіксуецца некалькі дзясяткаў атручэньняў ад няякаснага алькаголю ці неадэкватнай колькасьці выпітага. Многія хоць і клянуцца больш не ўжываць лішняга, але шукаюць, як аблегчыць «сушняк». Такіх цяпер багата там, дзе прапануюць разьліўное піва:

«Так, ужо крыху прыняў, бо цяжка было. Іначай ніякімі лекамі не паправіш. Але ня думаю, што за тыдзень можна сьпіцца. Проста традыцыя такая — адзначаць за сталом. Вядома ж, «тармазы» падводзяць. Дый рабіць асабліва няма чаго. Увогуле, народ з-за чаго сьпіваецца? З-за таго, што так у жыцьці атрымліваецца. Скажам так — з-за таго, што жыцьцё ў нас такое «добрае».

Корак з бутэлькі вылятае з хуткасьцю амаль 50 кілямэтраў на гадзіну

У лік самых небясьпечных прадметаў і зьяваў Новага году ўваходзяць пэтарды, бэнгальскія агні, сьлізкія ходнікі, марознае надвор’е, а таксама коркі з-пад шампанскага. Вызначана, што корак з бутэлькі вылятае з хуткасьцю амаль 50 кілямэтраў на гадзіну. Трапіўшы ў вока, ён можа пазбавіць зроку. Тое ж і ў выпадку з бэнгальскімі агнямі: іхнія жарынкі — гэта, па сутнасьці, часьцінкі расплаўленага мэталу.

Нярэдка брыгады хуткай дапамогі падбіраюць на вуліцы тых, хто страціў здольнасьць арыентавацца на мясцовасьці і валіцца проста на дарогу. Такім кліентам, нават калі яны нічога не пашкодзілі пры падзеньні, пагражае іншая непрыемнасьць: з-за ап’яненьня арганізм робіцца неўспрымальны да пераахаладжэньня.

Ці магчыма зьмяніць сцэнар сьвяткаваньня, якое часта абмяжоўваецца сядзеньнем за сталом з кілішкам гарэлкі? Блогер Андрэй Кабанаў перакананы, што агульнага рэцэпту не існуе і трэба пачынаць зь сябе:

«Усё ад нас залежыць, хто на што здатны. Я ў апошні дзень году ад паловы восьмай вечара да другой ночы ў строі Дзеда Мароза езьдзіў па знаёмых і незнаёмых сем’ях, за рулём. І нічога страшнага са мной ня здарылася. Натуральна, мне прапаноўвалі сьпіртное, але я проста адмаўляўся. І цудоўна сябе адчуваў. Таму цяжкіх пасьляалькагольных сындромаў у мяне не было. Я ня надта вітаю натоўпы п’яных расейцаў, якія, так скажам, ашываюцца па нашых шынках. Раздражняюць прыпаркаваныя ня ў тых месцах іхныя машыны. Элемэнтарная культура абавязвае крыху інакш сябе паводзіць. Мне, прыкладам, хапае 3–4 дзён, а такія вось усеагульныя 10-дзённыя запоі, як у нас наладжваюць расейцы, — гэта абы-што. Мы яшчэ, напэўна, не гатовыя да такіх маратонаў ні культурна, ні фінансава, ні інфраструктурна».

Апошнім часам да фізычных захворваньняў усё часьцей дадаюцца пакуты душэўныя. На тле сьвяточнай атмасфэры многія асабліва востра перажываюць уласныя праблемы і няўдачы. Менавіта на студзень, паводле ацэнак спэцыялістаў, прыпадае найбольшая колькасьць выпадкаў зімовай дэпрэсіі. Гаворыць псыхатэрапэўт Іван Мяжынскі:

«Гэта насамрэч пераўтвараецца ў праблему. Я маю на ўвазе павелічэньне колькасьці людзей, у якіх ёсьць праблемы з настроем, канкрэтны рост трывожных расстройстваў. Такая тэндэнцыя мае месца, гэта так. У Менску ўзровень такіх захворваньняў значна вышэйшы, чым дзе-небудзь у Жодзіне. І тут ня толькі сындром вялікага гораду, але і тое, што ў сталіцы спэцыялістаў больш, ёсьць да каго зьвярнуцца. А ў іншых месцах людзі папросту існуюць з гэтай хваробай сам-насам. Калі мы бяром біпалярныя расстройствы, якія ўключаюць у сабе і расстройствы настрою, то можна гаварыць пра дэпрэсіўныя эпізоды. Іншымі словамі, у гэты пэрыяд эпізоды дэпрэсіі абвастраюцца. Калі нічога ня хочацца, калі зьніжаецца апэтыт, калі ўсё раздражняе, калі чалавек перастае шукаць нейкія мэты ў жыцьці».

Увогуле сьпіс навагодніх хваробаў — даўгі. Гэта і алергія — як на некаторыя прадукты, так і на галоўны сымбаль сьвятаў, ёлку. І парэзы ад бляшанак кансэрваў ці разьбітага посуду, і апёкі ад сьвечак ці пэтардаў. Наплыў наведнікаў пасьля зацяжных сьвятаў фіксуюць нават афтальмолягі: пасьля алькагольных вакацыяў некаторыя засынаюць з расплюшчанымі вачыма, і ў іх перасыхае вочны яблык.
XS
SM
MD
LG