Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 студзеня адзначае сваё 50-годзьдзе Эдуард Акулін — паэт і бард, намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, рэдактар літаратурнага квартальніка «Верасень».

Пра арганізаваны ім Гарошкаўскі паэтычны фэстываль, пра месца расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі, пра вершы, якія ня пішуцца, а сьняцца, мы пагутарылі зь ім у «Вольнай студыі».

— Эдуард, у Нобэлеўскага ляўрэата Іосіфа Бродзкага, які на кожныя Каляды пісаў адмысловыя вершы, ёсьць такія радкі: «Я пришёл к Рождеству с пустым карманом — / издатель тянет с моим романом». А з чым ты сустракаеш сёлетняе, юбілейнае для цябе, Раство?

— «Жыцьцёвы шлях прайшоўшы напалову», я згадваю мудрага Коласа, ягонае «зьбіраць камяні». Ня тыя, што трымаюць за пазухай, а тыя, «што губяць сілы маладыя». Дзякуй Богу, сёлетнія Каляды я сустракаю не з пустымі рукамі. За гэты год я падрыхтаваў і выдаў новую кнігу вершаў «Малітва воч», запісаў новы кампакт-дыск «Не магу жыць бяз крыл». Зь вялікімі высілкамі, але ўсё ж здолеў выдаць сёмы нумар часопісу «Верасень» і яшчэ маю спадзеў неўзабаве пабачыць выбраны том сваёй паэзіі «Сьвятая ноч».

— У кнізе «Малітва воч» ты вельмі часта апэлюеш да біблейскай гісторыі. Біблія — кніга бяздонная і дае кожнаму чалавеку столькі, колькі ён здольны ўзяць. Як ты лічыш, якая з біблейскіх гісторый не асэнсаваная, не ўзятая як урок жыцьця беларусамі?

— Як ні дзіўна, самая галоўная — гісторыя з прарокам Майсеем, у якога паверылі сыны Ізраэлевы. І пайшлі наўсьлед скрозь воды Чырвонага мора, якія перад імі расступіліся, скрозь неабсяжную пустэчу, пяскі якой цудоўным чынам ператвараліся ў «манну нябесную» і, урэшце, узышлі на сваю Сынайскую гару, хай сабе і праз сорак гадоў, але затое — як народ... Ці то нам не пашанцавала на свайго прарока? Ці хутчэй нашаму прароку не пашанцавала з намі? Бо, як па мне, такі прарок у беларусаў зьявіўся два гады таму. Але мы ад яго адракліся, не паверылі яму. Таму нам, беларусам, яшчэ наканавана доўгае блуканьне па пустэчы ў пошуках саміх сябе. Бо, насамрэч, адказ на гістарычнае пытаньне «А хто там ідзе?» — дадзены Янкам Купалам як вялікі-вялікі аванс. «Бо няма беларусаў, / колькі іх ні шукай, / тых, хто пойдзе хаўрусам / бараніць родны Край.»

— Ладную частку кнігі «Малітва воч» займае разьдзел перакладаў з украінскіх паэтаў. Перакладаючы, ты ім аддаеш, ці бярэш — ад іх?

— Гледзячы, каго перакладаю. Калі гэта — Ліна Кастэнка, Іван Драч, Васыль Стус, Дмытро Паўлычка, Мікола Сом, Надзея Кір’ян, Пятро Засэнка, — часьцей бяру. І лічу за гонар такое паэтычнае донарства. Перакладаючы іншых паэтаў і рэдагуючы маладых, нярэдка прыходзіцца дзяліцца. І, шчыра кажучы, я аб гэтым зусім не шкадую. Бо, як напісаў у сваім прысьвячэньні Ларысе Геніюш Уладзімер Някляеў: «Калі пісаць, дык толькі так пісаць, / як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай, / як зь вены ў вену кроў пераліваць. / Пісаць — як спавядацца і маліцца».

— Ты штогод арганізуеш у Гарошкаве паэтычнае сьвята памяці Анатоля Сыса. Я разумею, колькі гэта ў нашых умовах патрабуе высілкаў, і ня толькі высілкаў. Потым пра Гарошкаў зьяўляюцца часам кплівыя публікацыі. Ці не апускаюцца ў цябе пасьля гэтага рукі? Маўляў — ах так? Дык рабіце самі!

— Наадварот, вырастаюць крылы. Бо я гэта раблю ня дзеля чыёйсьці пахвалы, або
Паэтычнае сьвята ў Гарошкаве я арганізую дзеля памяці свайго сябра — паэта, роўнавялікага Купалу і Багдановічу

«хулы». Паэтычнае сьвята ў Гарошкаве я арганізую дзеля памяці свайго сябра — паэта, роўнавялікага Купалу і Багдановічу. Крыўдзіць тое, што некаторыя з нашых пісьменьніцкіх «бацькоў» (так яны самі сябе называюць, узяўшы за прыклад вядома каго) на людзях сьпяваюць дыфірамбы ў гонар Анатоля, прарочачы сьвяту ў Гарошкаве дзяржаўныя пэрспэктывы. А сам-на-сам, гледзячы мне ў вочы, гавораць зусім іншае. Маўляў, гэта твой сябра, значыць, і справа па арганізацыі сьвята — твая асабістая, прыватная. Калі так, то пастараюся, каб такіх дзьвюхдушных людзей на наступным сьвяце ў Гарошкаве аказалася як мага менш. Хаця наўрад ці атрымаецца, бо яшчэ Гарэцкі пісаў пра дзьве душы беларуса — сапраўдную і напаказ... Што да той прыкрай публікацыі на сайце «Нашай нівы». Вельмі шкада, што карэспандэнтка так і не пачула верша-малітвы Анатоля Вярцінскага, якую ён прачытаў над магілай Анатоля, праехаўшы дзеля гэтага ў свае 83 гады шлях у 600 кілямэтраў. Шкада, што яна не ацаніла штогадовую рупнасьць сясьцёр Анатоля Тамары і Валянціны, якія насуперак маім угаворам кожны раз зьбіраюць нешта на стол, бо ж «людзі едуць здалёк». Шкада, што карэспандэнтка не ўзяла інтэрвію ў кіеўскага калегі-журналіста Алега Хамякова, які самахоць, а не па службовым абавязку, штогод прыяжджае на сьвята ў Гарошкаў, бо ў паэзіі Анатоля Сыса, па ягоных словах, адчувае беларускі дух... І хай нікога не бянтэжаць гарошкаўскія сябры Анатоля. Бо менавіта гэтыя хлопцы, а не службоўцы-карэспандэнты, дапамагалі мне і Геніку Лойку ўсталёўваць без аніякага пад’ёмнага крана 730-кіляграмовы помнік на магіле. І я за гэта ім бязьмежна ўдзячны. Дарэчы, у наступным годзе мы вырашалі памяняць час правядзеньня сьвята. Дагэтуль яно было прымеркавана да дня народзінаў Анатоля Сыса — 26 кастрычніка. Час, калі пачынаюцца зазіміны. Цяпер сьвята будзе прымеркаванае да дня памяці Анатоля — першай паловы траўня. Мяркую, што гэта толькі паспрыяе далейшаму ягонаму разьвіцьцю і пашырэньню ягоных маштабаў.

— Апошнім часам у беларускай інтэрнэт-прасторы прайшло-пракацілася некалькі дыскусій пра гэтак званую беларускую расейскамоўную культуру. Бярэцца як факт тое, што ў пісьменьніцкім саюзе Чаргінца адсоткаў 80 — гэта расейскамоўныя аўтары. А яны ж, маўляў, таксама грамадзяне Беларусі... Якое тваё стаўленьне да гэтай праблемы?

— Шчыра кажучы, я проста спачуваю гэтым творцам, якія, як сёньня модна казаць, сваёй «рабочай» мовай лічаць — расейскую. Не ўяўляю, што так мог бы сказаць пра сваю мову Сяргей Ясенін, Уладзімер Маякоўскі, Ігар Севяранін, Андрэй Вазьнясенскі, Яўгеній Еўтушэнка ці Юрый Кузьняцоў. Ці хоць адно імя
Можа, паміж Ясеніным і Маякоўскім ёсьць адтуліна для Аўруціна?

сёньняшніх расейскамоўных літаратараў Беларусі можна ўшчаміць у вышэйпрыведзены шэраг? Можа, паміж Ясеніным і Маякоўскім ёсьць адтуліна для Аўруціна? Сумняваюся таксама, што паміж «Антонаўскімі яблыкамі» Буніна і «Ціхім Донам» Шолахава захавалася месца для «Авальнага кабінэту» Мікалая Чаргінца.

— А ты чытаў гэты твор?

— Цікавіўся.

— Паэт Леанід Дранько-Майсюк у прадмове да кнігі даў табе гэткую характарыстыку: «Анёл з выгляду, але мае характар зубра». Пры якіх абставінах можа праяўляцца твой зубрыны характар?

— Папраўдзе, для мяне было нечаканым такое параўнаньне Леаніда. Бо не лічу сябе ні анёлам, ні зубром. Але пры пэўных абставінах я здольны пастаяць і за сваю годнасьць, і за годнасьць свайго народу, і за годнасьць апосталаў нацыі, якіх у апошні час рознага кшталту літаратурныя «гуру» спрабуюць зьмяшаць з брудам, называючы іх «гістарычнымі лузэрамі» і «няздарамі-сухотнікамі». Іх бы — у бальнічную палату да Янкі Купалы... Вось толькі сумяняваюся, што там яны падзялілі б зь ім ягоны навальнічны лёс... Перад тым, як наступны раз крытыкаваць нацыянальнага генія, раю ім спачатку хоць бы паспрабаваць напісаць свой перадсьмяротны ліст, як гэта зрабіў 22 лістапада 1930 году Купала, ня кажучы ўжо пра тое, каб пакласьці лёд сталёвага ляза на пульсоўную вену ўласнага жыцьця.

— Рэдагаваны табою квартальнік «Верасень» прызначаецца найперш для літаратурнай моладзі. У зносінах з пачаткоўцамі трэба праяўляць цярпеньне і пэдагагічны такт. Табе гэта ўдаецца?

— Спадзюся, што ўдаецца. На жаль, многія маладыя творцы ад пачатку лічаць сябе геніямі. І часам, дасылаючы творы ў рэдакцыю, суправаджаюць іх ахоўным лістом — маўляў, аніякіх рэдактарскіх правак у тэксьце... Мне адразу згадваецца адзін эпізод з майго рэдактарскага досьведу падчас працы ў часопісе «Полымя». Паэт, вэтэран вайны Пятро Фёдаравіч Прыходзька даслаў мне верш, які пачынаўся радкамі: «Іду, а за азяблымі плячыма / паволі цягнецца халодная зіма». Каб уратаваць верш ад часопіснай выбракоўкі, я крыху паправіў другі радок, і верш загучаў так: «Іду, а за азяблымі плячыма, / як канваір, халодная зіма». Аўтару маё рэдагаванне спадабалася, верш быў надрукаваны.

— Ці падтрымліваеш ты меркаваньне Андрэя Вазьнясенскага, што «вершы ня пішуцца — здараюцца»?

— Цалкам! Прыдуманыя вершы прыводзяць да запуску паэтычнага канвэеру, і тады той ці іншы аўтар, баючыся выпасьці з паэтычнай абоймы, выдае свае літштампоўкі ледзьве ня кожны дзень. Прычым — зь любой нагоды. Прызнаюся шчыра, страшна паміраць, думаючы, што тым жа днём Віктар Шніп напіша пра цябе сваю чарговую — тысячную — баляду... Сапраўдныя ж вершы — не выдушваюцца, а выдыхаюцца. Прыходзяць, як боскае адкрыцьцё. Могуць нават прысьніцца. Да прыкладу, мне ў ноч на 19 сьнежня прысьніўся верш «Сьцяг». Недзе пад раніцу (я нават пазначыў дакладны час) я прачнуўся, каб запісаць. Гэта прысьвячэньне Ўладзімеру Някляеву — «Сьцяг»:

Ты перамог без перамогі...
Перамагае гэтак Лёс.
Ды не сышоў убок з дарогі,
нібы крывіцкі наш Хрыстос.
Даволі! — выгукнуў і Волі
сябе аддаў ты наўзамен...
Вышэй за воблачную столю
твой дух лунаў — Дух перамен!
А той, крыві тваёй хто прагнуў,
нібы сьляпы ад помсты воўк,
бег за табой па пахі ў багне
ад Каіна граху за крок...
За крок ад сьмерці, напаіўшы
крывёй чырвонай белы сьнег,
ты сам стаў Сьцягам, Дух узьвіўшы,
вышэй за Каінавы грэх.
І калі нехта запытае:
— Дык дзе наш Сьцяг і Воля дзе?
Я адкажу: — Ён там лунае,
дзе Беларусь на Плошчу йдзе!


— Дзякуй за верш, які перадае атмасфэру тае памятнае начы... Літаральна перад Новым годам мы сустрэліся на адной вечарыне ў «Кнігарні Ў». І я тады зьвярнуў увагу, што ты літаральна загадваеш слухачам сьпяваць прыпеў адной зь песьняў разам з табою. Як ты лічыш, калі людзям загадаць быць беларусамі — будзе чаканы вынік?

— Я лічу, што нашы людзі толькі ў загадным парадку і могуць стаць сёньня беларусамі. Я ў гэтым не аднойчы пераконваўся падчас шматлікіх выступаў у межах агульнанацыянальнай акцыі «Будзьма беларусамі!», якая якраз і заклікае нас стаць нарэшце тымі, кім нас паслаў на гэтую зямлю Бог. Людзі ў правінцыі, і ня толькі, падкрэсьлю, нашыя людзі, этнічныя беларусы, а ня рознага кшталту паяжджане-прыбышы, толькі і чакаюць загаду зьверху, каб ужо назаўтра прачнуцца беларусамі. Спадзяюся, што ўрэшце ўсе мы аднойчы дачакаемся гэтага гістарычнага моманту.

— Сваё пяцідзесяцігодзьдзе ты зьбіраесься адзначыць вечарынай у сталічным Палацы мастацтва. Калі не сакрэт, хто маецца ўзяць у ёй удзел?

Паўдзельнічаць у вечарыне, якая адбудзецца 7 студзеня (пачатак — 16.00), далі згоду мае творчыя пабрацімы: Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк. Сьвяточны настрой імпрэзы будуць падтрымліваць мае сябры-барды: Алесь Камоцкі, Кастусь Герашчанка, Тацьцяна Беланогая, Алеся Сівохіна, народны гурт «Пліса». Так што шчыра запрашаю! Сьветлую, цёплую, сямейную, бо Шчодры ж вечар, атмасфэру сваім гасьцям я гарантую. А яшчэ вельмі спадзяюся на сапраўдны калядны цуд. Які? Гаварыць ня буду — каб спраўдзіўся.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG