Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Міліцыянты засоўвалі падлетку пісталет у рот і падсаджвалі да зэкаў-забойцаў»


Сьляды ад кайданкоў на руках Васіля Сарочыка

Сьляды ад кайданкоў на руках Васіля Сарочыка

Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што «палітычных» зьбіваюць на акцыях і ў пастарунках. Але цярпяць ад міліцыянтаў і звычайныя грамадзяне.

«Жанчына завяла мяне ў 235 кабінэт. Яна адразу ж надзела мне кайданкі і пачала зьбіваць: увесь час мацюкі — і нагамі, і рукамі. І яна сказала: калі патрэбныя паказаньні, то супраць цябе ўсе вадзіцелі аўтастаянкі, бо ты ў машынах акумулятары крадзеш. Яна выходзіць, другі заходзіць — і тое самае — мяне гэтак білі гадзіны тры. Пасьля зрабілі „ластаўку“, і я гадзіны тры на падлозе ляжаў, таксама зьбівалі», — апавядае Васіль Сарочык пра сваё затрыманьне ў Ленінскім РУУС Менску.

«Там ня толькі супрацьгазы былі. Аднаму хлопцу засоўвалі ў рот пісталет. Клалі на стол і казалі: засунем зараз адкрутку ў адно месца, калі не прызнаешся. Усё гэта расказалі ў судзе. Там было шмат сьведчаньняў, у прысутных проста валасы дыбарам уставалі», — так, паводле слоў віцебскага журналіста Рыгор Грака, апісвалі катаваньні ў судзе віцебскія падлеткі, зь якіх міліцыя нібыта выбівала прызнаньне ў забойстве.

«Я думала, у Расеі, там так, там у міліцыі „беспредел“, — кажа відэапэратарка Тацьцяна Гаўрыльчык. — Але каб у нас такое у міліцыі рабілася, я нават падумаць не магла».

Пад канец мінулага году стала вядома, што Сьледчы камітэт спыніў папярэдняе расьсьледаваньне супраць міліцыянтаў, якія зьбівалі вартаўніка Сарочыка. Сам Васіль Сарочык кажа, што ніякіх дакумэнтаў яшчэ не атрымліваў, але пойдзе «да канца».

Васіль Сарочык

Васіль Сарочык

«Буду ў суд падаваць. Я гэта не пакіну, не адступлюся, — тлумачыць сталы чалавек. Ён абвінаваціў чатырох міліцыянтаў Ленінскага РУУС Менску ў жорсткіх катаваньнях. Сарочыка затрымалі 14 лістапада. Ён кажа, што яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе. Катаваньні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі ён траціў прытомнасьць, яго аблівалі халоднай вадой.

Пасьля справы Васіля Сарочыка зноў голасна загаварылі пра тое, што ў беларускай міліцыі катуюць. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч упэўнены, што немагчыма зразумець, як шырока беларуская міліцыя ўжывае катаваньні, але спраў такіх сапраўды шмат:

«Няма ад чаго адштурхоўвацца. Можна абапірацца на колькасьць прыцягнутых супрацоўнікаў міліцыі паводле артыкула аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Але ўсё гэта далёка ня сьведчыць пра ўсю карціну па краіне. Ня ўсе ахвяры катаваньняў заяўляюць пра гэта публічна, а тым больш зьвяртаюцца ў праваабарончыя арганізацыі, каб кагосьці прыцягнулі да адказнасьці».
Ніхто ня хоча распавядаць. А судзіцца — тым больш

Гэта пацьвярджае і лідар «Плятформы» Андрэй Бандарэнка. Менавіта на сайце гэтай праваабарончай арганізацыі зьявіліся першыя сьведчаньні Васіля Сарочыка: «Ніхто ня хоча распавядаць. А судзіцца — тым больш».

Давесьці такую справу да суду ў беларускіх умовах амаль неверагодна. Напрыклад, на пачатку сьнежня быў вынесены прысуд у 10 гадоў пазбаўленьня волі Паўлу Плаксу. Абвінавацілі яго ў крадзяжах. Аднак на судзе Плакса ад свайго прызнаньня адмовіўся. Заявіў, што яго катавалі ў тым жа Ленінскім РУУС. У аддзяленьне тройчы выклікалі хуткую дапамогу, а пабоі былі зафіксаваныя дактарамі, — паведамляе сайт «Плятформы». У выніку — заявы ўжо асуджанага Паўла Плаксы засталіся без увагі.



Справа Гуліна


«На маіх вачах у хлопца сінеў твар, узбухалі гематомы — а яны кажуць: нічога не было», — абураецца мастак Міхаіл Гулін.

У справе зьбіцьця 18-гадовага ўдзельніка мастацкага пэрформансу Ўладзіслава Лук’янчыка таксама не ўдалося нічога даказаць. Міхаіла Гуліна і траіх валянтэраў затрымалі ў цэнтры Менску на пачатку кастрычніка. Усе яны сьцвярджаюць, што ў Цэнтральным РУУС прапаршчык Уладзімер Находзька зьбіў цёмнаскурага Ўладзіслава Лук’янчыка. Ды так, што хлопец атрымаў сатрасеньне мозгу.

Міхаіл Гулін

Міхаіл Гулін

Гулін: «Ён (прапаршчык Уладзімер Находзька — рэд.) казаў на яго: „Гэй, Зымбабвэ, зьбірайся, пайшлі“. Калі я зрабіў яму заўвагу, дык ён мне сказаў: „Зараз і з табой, дзядзька, разьбярэмся па індывідуальнай праграме“».

Яшчэ адна ўдзельніца праекту — фатограф і відэаапэратар Тацьцяна Гаўрыльчык — апавядае, што ў міліцыі ёй заломвалі рукі і надзявалі кайданкі.

Гулін: «Калі мы там сядзелі, увогуле дзікі выпадак быў. Бамжа міліцыянты адвялі ў суседні пакой. І мы чулі, як яго там зьбіваюць, і крыкі ягоныя жудасныя. Пасьля ён проста на карачках упоўз у той пакой для затрыманых».

«Неахайныя рапарты, дзеяньні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС, абсалютна гратэскны пэрсанаж — прапаршчык, які відавочна прымяняў фізычную сілу… Я думаю, што кіраўніцтва РУУС менавіта для гэтых мэтаў яго там і трымае, бо ня ведаць пра тое, што ён робіць, супрацоўнікі РУУС ня могуць», — так пракамэнтавала «справу Гуліна» праваабаронца Алена Танкачова.

Суд Цэнтральнага раёну пастанавіў, што мастакоў затрымалі незаконна. А вось скаргу на дзеяньні міліцыянтаў задавальняць ня сталі, як і ўсчынаць крымінальную справу: «няма доказаў».

Уладзіслаў Лук’янчук адмаўляцца ад сваёй барацьбы за справядлівасьць пакуль не зьбіраецца: «Я хачу ведаць насамрэч, наколькі можна з гэтай сыстэмай „працаваць“. Мне не хацелася б цяпер адступацца і пасьля казаць, што сыстэма жахлівая і нічога не працуе. Я хачу сам у гэтым пераканацца».


«Віцебская справа-2»


«Усё пачалося ў 2009 годзе перад „Славянскім базарам“. Лукашэнку чакалі, — апавядае віцебскі журналіст Рыгор Грак. — За абласной бальніцай забілі жорстка мужчыну. Больш за 30 колата-рэзаных ранаў, кадык вырвалі зь мясам».

Ужо праз тыдзень міліцыя затрымала «злачынцаў». Імі аказаліся некалькі падлеткаў-гімназістаў, 16-17 гадоў. Двум пасьля аб’явілі абвінавачаньне, а адзін падпісаў яўку з павіннай.

Хачатур Хачатуран, бацька Аляксандра Логінава, аднаго з абвінавачаных, не хавае эмоцый: «Адзін хлопец — сірата, двое — зь няпоўных сем’яў. Прымусіць двух дзяцей прызнацца ў зьверскім забойстве! Гэта ж што трэба зрабіць? Толькі трэці не прызнаўся, тады ў іх усё пасыпалася. Калі ўжо дзяцей запрасілі ў прысутнасьці адвакатаў, бацькоў, як усё і належыць, то, канечне, яны адмовіліся. Там страх што рабілася.
Наш сьледчы Шчацько сядзеў бы ў турме, а ён зараз намесьнік начальніка Сьледчага камітэту Віцебскай вобласьці. Гэта цікава, дарэчы!

16-гадовым дзецям у камэры садзілі зэкаў, асуджаных за забойства. Гэта хіба не парушэньне? Ды наш сьледчы Шчацько сядзеў бы ў турме, а ён зараз намесьнік начальніка Сьледчага камітэту Віцебскай вобласьці. Гэта цікава, дарэчы! Практычна ўсе, хто па справе нашых дзяцей ішоў, памянялі пракурорскія пагоны на Сьледчы камітэт».

У 2010 годзе адбыўся суд.

Рыгор Грак: «Я быў на некалькіх паседжаньнях. Яны апавядалі, як іх катавалі ў Першамайскім РАУС Віцебску. Там ня толькі супрацьгазы былі. Аднаму хлопцу засоўвалі ў рот пісталет. Клалі на стол і казалі: засунем зараз адкрутку ў адно месца, калі не прызнаешся. Усё гэта апавялі ў судзе. Там было шмат сьведчаньняў, у прысутных проста валасы дыбарам уставалі».

Магілёўскі абласны суд прызнаў хлопцаў невінаватаымі і вызваліў у залі суду. Аляксандр Логінаў сваёй віны ніколі й не прызнаваў.

«Я ім асабіста ганарыўся і ганаруся, — кажа Хачатур Самбатавіч. — Ён і сваіх сяброў не агаварыў, і на сябе віну ня ўзяў. Там бы любога прымусілі. Гэта ўсё са справы Міхасевіча пачалося. Я асабіста ведаю пацаноў па „справе Міхасевіча“: і Кавалёва, і Пашкевіча, і Гарэлава Валеру, які сьляпы выйшаў з турмы і пасьля хутка памёр».

Справу віцебскага маньяка Генадзя Міхасевіча ў Віцебску памятаюць добра. Ад 1971 да 1985 году ён учыніў 36 забойстваў жанчын. А савецкая міліцыя ў пошуках злачынцы зьнявечыла лёс 14 бязьвінным людзям.

Пасьля выбуху ў Віцебску ў верасьні 2005 году па падазрэньні ў яго зьдзяйсьненьні былі апэратыўныя затрыманыя браты Віталь і Юры Мурашкі. Яны таксама сьведчылі, што міліцыя выбівала зь іх паказаньні праз катаваньні. Пракуратура да братоў не прыслухалася. Праўда, з турмы іх выпусьцілі і нават выплацілі кампэнсацыю.

Аляксандар Логінаў адслужыў у войску і цяпер вучыцца завочна ва ўнівэрсытэце. Пры канцы году стала вядома: Сьледчы камітэт справу супраць супрацоўнікаў Першамайскага РАУС Віцебску спыніў.

Хачатур Хачатуран, аднак, спыняць сваю справу не зьбіраецца: «Сьледчы Шылаў два гады разьбіраўся з гэтым зьбіцьцём. А пасьля што? Ён у Сьледчым камітэце цяпер! А ў пачатку сьледзьтва крычаў: „Я знайшоў пакой катаваньняў — там і супрацьгаз, і заточкі, наручнікі!“»

«Я сам сабе сказаў, што я гэтым жывёлінам спакойна спаць ня дам, — амаль спакойна кажа Хачатур Хачатуран. — Я пісаў і буду пісаць паўсюль. Няхай ведаюць яны, суседзі, сябры. Дзеці іх няхай ведаюць у школе. Каб у вочы плявалі гэтым жывёлінам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG