Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк: Падаткі ў Беларусі плаціць лягчэй, хоць і далей нялёгка


З найноўшага дакладу Сусьветнага банку і кансалтынгавай кампаніі PricewaterhouseCoopers вынікае, што сумарная стаўка падатку (total tax rate), якую плацяць прадпрыемствы ў Беларусі, роўная 60,7%.

Даклад пад назвай «Paying Taxes 2013» аналізуе падатковую практыку ў 185 эканоміках сьвету за пэрыяд 2004-2011.

Акрамя вызначэньня сумарнай стаўкі падатку для карпаратыўных падаткаплатнікаў, згаданыя дасьледчыкі вызначалі таксама колькасьць падатковых выплат, якія адна кампанія павінна рабіць у год, ды колькасьць часу, які трэба выдаткаваць на такія выплаты.

У выпадку Беларусі сярэдняя колькасьць падатковых выплат на год для адной кампаніі — 10, колькасьць часу, патрэбнага дзеля іх — 338 гадзін.

Для параўнаньня, сярэднія сусьветныя вартасьці гэтых паказальнікаў для адной фірмы наступныя: сумарная стаўка падатку — 44.7%; колькасьць выплат — 27,2; колькасьць часу на выплаты — 267 гадзін.

Як выглядае, паводле Сусьветнага банку, падатковая загружанасьць беларускага прадпрыемства ў параўнаньні з кампаніямі ў некаторых іншых краінах Эўропы і постсавецкай прасторы?

Краіна Сумарная стаўка падатку (%)

Македонія 9,4
Грузія 16,5
Чарнагорыя 22,3
Казахстан 28,6
Малдова 31,2
Сэрбія 34
Армэнія 38,8
Азербайджан 40
Расея 54,1
Украіна 55,4
Беларусь 60,7
Кіргізстан 68,9
Таджыкістан 84,5
Узьбекістан 98,5

Тым ня менш, аўтары дакладу адзначаюць, што за дасьледаваны пэрыяд Беларусь у параўнаньні з астатнімі краінамі зрабіла найбольшы прагрэс у рэфармаваньні падатковай сыстэмы прадпрыемстваў, скараціўшы сумарную стаўку падатку са 137,5% даходу прадпрыемства да 60,7%; колькасьць выплат са 125 да 10; колькасьць часу на выплаты з 987 гадзін да 338.

Заўвага: у мэтадалёгіі вызначэньня сумарнай стаўкі падатку, якой карыстаецца Сусьветны Банк, магчыма атрымаць вартасьць падатку, якая перавышае 100%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG