Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улада пэнсійнага веку


2 cтудзеня расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін зьняў узроставыя абмежаваньні для высокапастаўленых чыноўнікаў, якія займаюць адказныя дзяржаўныя пасады. Раней на такі ж крок пайшоў Аляксандар Лукашэнка. Цяпер і ў Расеі, як і ў Беларусі, працаваць на дзяржаўнай службе можна да самай сьмерці. Прычым у расейскім урадзе пэнсіянэраў значна менш, чым у беларускім, а ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі іх зусім няма. Чаму ў вышэйшых эшалёнах беларускай улады так мала маладых і так шмат пэнсіянэраў? http://app.sliderocket.com:80/app/fullplayer.aspx?id=ABC216AD-C94D-2F55-5433-FFB20AA546C9

Чатыры чальцы Прэзыдыюму Савету Міністраў ужо дасягнулі пэнсійнага ўзросту: прэм’еру Міхаілу Мясьніковічу — 62 гады, віцэ-прэм’ерам Уладзімеру Сямашку і Анатолю Тозіку — па 63 гады, чальцу прэзыдыюму, старшыні Дзяржкантролю Аляксандру Якабсону — 61.

Сярод міністраў таксама нямала пэнсіянэраў і тых, хто сёлета дасягне пэнсійнага ўзросту: міністар адукацыі Сяргей Маскевіч, сувязі — Мікалай Панцялей, прыроды — Уладзімер Цалка, энэргетыкі — Аляксандар Азярэц, працы — Марыяна Шчоткіна

Да таго ж кіраўнік Беларусі часта мяняе высокапастаўленых чыноўнікаў месцамі: да прыкладу, старшыню Канстытуцыйнага Суду — з генпракурорам, міністра абароны — зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі. Няўжо ў краіне бракуе маладых пэрспэктыўных кадраў? Былы прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч кажа, што ў савецкі час у краіне быў так званы кадравы рэестар:

Вячаслаў Кебіч

Вячаслаў Кебіч

«У тыя часы, калі я яшчэ маладым быў, калі я не загуляю і не сап’юся, я ведаў прыкладна, на якую пасаду я мог прэтэндаваць. Калі, вядома, ёсьць галава на плячах. Зараз пра кадравы рэестар забыліся. Таму мы выбіраем сярод адных і тых жа людзей. А трэба мець дастаткова шырокія рэзэрвы кадраў. А мы тасуем адны і тыя ж кадры».

Самы малады ва ўрадзе Беларусі міністар жыльлёва-камунальнай гаспадарки Андрэй Шорац мае 39 гадоў. Для параўнаньня: у Расеі самаму маладому чальцу ўраду, міністру сувязі Мікалаю Нікіфараву — 29. Ва ўкраінскім урадзе самы малады — 32-гадовы міністар даходаў і збораў Аляксандар Кліменка, яшчэ тром міністрам няма 40 гадоў, васьмі — няма 50 гадоў.

Экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў такім чынам патлумачыў, чаму першыя асобы дзяржавы, якія самі ўжо «ва ўзросьце», тасуюць старыя кадры і так баяцца прызначаць на ключавыя пасады маладых:

Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў

«Таму што гэтыя людзі ўмеюць добра гнуцца. І назад таксама. Паводле такога прынцыпу і выбіраюць — прынцыпу асабістай адданасьці. Служба ідзе не дзяржаве, а „гасудару“. Таму ўводзіць новых — небясьпечна: а што, калі ён не такі адданы? Потым, маладыя сядзяць у інтэрнэце, на іх небясьпечна абапірацца».

У Радзе бясьпекі — тры пэнсіянэры: 63-гадовы дзяржсакратар Леанід Мальцаў, 70-гадовы старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала, а старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай сёлета споўніцца 60.

Першаму намесьніку кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандру Радзькову — 61, а памочніку прэзыдэнта Пятру Пракаповічу — 70.

Экс-прэм’ер Вячаслаў Кебіч — супраць узроставых абмежаваньняў, але пры той умове, што высокапастаўленыя службоўцы маюць цьвярозы розум, добрае здароўе:

«І пэнсіянэры могуць выдатна спраўляцца з працай. Вазьміце Злучаныя Штаты Амэрыкі, Эўропу. За 70 — гэта яшчэ не перашкода, калі ён спраўляецца. А калі ён „крэхча“, то трэба на спачын. Вось глядзіце: Бэрлюсконі прэтэндуе яшчэ на пасаду прэм’ер-міністра Італіі, Кісынджэр у ЗША — ён дагэтуль на плыву».

Пры канцы 2011 году, адпраўляючы Пятра Пракаповіча ў адстаўку з пасады старшыні Нацбанку, Аляксандар Лукашэнка патлумачыў гэта станам здароўя: «Я хачу, каб ён жыў». А праз паўгода прызначыў Пракаповіча сваім памочнікам. Некалі, у 2009 годзе, «паводле стану здароўя» сышоў у адстаўку міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў. У 1996 годзе міністра абароны Леаніда Мальцава звольнілі з пасады «за ўчынак, які дыскрэдытуе званьне афіцэра», а потым вярнулі спачатку ў Раду бясьпекі, потым у Мінабароны, цяпер зноў у Раду бясьпекі.


Прытулак для састарэлых чыноўнікаў



Сярэдні ўзрост дэпутата Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня — 55,8 года. У верхняй палаце — Савеце Рэспублікі — 17 чалавек ужо дасягнулі пэнсійнага ўзросту. А гэта амаль траціна ўсяго складу палаты. Гэтыя дадзеныя, як лічаць палітолягі, цалкам упісваюцца ў агульную тэндэнцыю, згодна зь якой беларускія чыноўнікі могуць знаходзіцца на сваіх пасадах да самай сьмерці.

Указ, які здымае ўсе ўзроставыя абмежаваньні для беларускіх чыноўнікаў, Аляксандар Лукашэнка падпісаў у жніўні 2011 году. Раней пасьля дасягненьня 65-гадовага ўзросту чыноўніка адпраўлялі на пэнсію. Амаль паўтара года як гэтая норма ўжо ня дзейнічае.

На Нацыянальны сход адмена ўзроставага цэнзу, на першы погляд, не распаўсюджваецца, бо сюды павінны абіраць, а не прызначаць. Так, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў фармальна абіраюць у выбарчых акругах грамадзяне Беларусі, а бальшыню чальцоў Савету Рэспублікі — на адмысловых дэпутацкіх сходах.

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Фармальна гэта так, але насамрэч абедзьве палаты Нацыянальнага сходу сталі добрым прытулкам для састарэлых чыноўнікаў», — кажа «Свабодзе» сустаршыня грамадзкай арганізацыі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:

«Зразумела, што ў Беларусі дэпутатаў не абіраюць. Тут і камэнтаваць няма чаго. „Выбары“ — гэта толькі прыкрыцьцё прызначаных людзей нібыта народным выбарам. На самой справе гэта адзін са спосабаў падаўжэньня жыцьця чыноўніка. Людзі, якія пацьвердзілі сваю ляяльнасьць дзейнай уладзе, атрымліваюць вось такое падаўжэньне працоўнага стажу».

Наймаладзейшаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў — 34 гады. У Польшчы ёсьць 23-гадовы парлямэнтар, у Літве — 26-гадовы. «А ці многа было моладзі ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12 скліканьня?» — пытаюся ў тагачаснага парлямэнтара Анатоля Лябедзькі:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«На мой погляд, праводзіць паралелі паміж сёньняшняй палатай і Вярхоўнымі Саветамі 12 і 13 скліканьня было б няправільна і некарэктна. Там што мы параўноўваем непараўнальнае. Там былі парлямэнты. А гэта азначала, што туды абіралі дэпутатаў выбарцы. І тыя, хто там апынуўся, былі канкурэнтаздольнымі і здольнымі да парлямэнцкай працы. Гэта быў чалавек і сталага ўзросту, і зусім малады. Мяне абралі першы раз у 28 гадоў. І такіх, як я, было некалькі дзясяткаў».

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

«Мне пайшоў ужо восьмы дзясятак, але я адчуваю, што і сёньня мог бы быць парлямэнтаром», — кажа дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Пётра Садоўскі. Ён лічыць, што справа тут ня ў пашпарце, а ў стане здароўя і падрыхтоўцы. Іншая справа, што ўлады штучна рыхтуюць месцы для давераных чыноўнікаў сталага ўзросту, напрыклад, стварыўшы Савет Рэспублікі, — адзначае спадар Садоўскі:

«Наша краіна — монанацыянальная. У нас няма буйных меншасьцяў, якія жывуць кампактна. Звычайна верхнія палаты ствараюць у тых краінах, дзе ёсьць пэўныя тэрытарыяльныя адрозьненьні паводле гісторыі, нацыянальнага складу і г.д. І таму нам такую палату ня варта было рабіць.

Гісторыю яе ўзьнікненьня я добра памятаю. Яе трэба было стварыць як супрацьвагу парлямэнту, які, магчыма, празь нейкую колькасьць гадоў пачне шавяліцца, думаць і стане непадуладным прэзыдэнту».
XS
SM
MD
LG