Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Маковік: Беларускі дом — гэта не правакацыя


Натальля Маковік

Натальля Маковік

Сёньня Міністэрства ўнутраных справаў Чэскай Рэспублікі зарэгістравала грамадзкае аб’яднаньне пад назвай Беларускі дом.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіла нашаму радыё Натальля Маковік, якая зьяўляецца адным з трох заснавальнікаў Беларускага дому. Паводле чэскіх законаў, дадала спадарыня Маковік, дзеля рэгістрацыі патрабуюцца як мінімум тры асобы-заснавальнікі, у тым ліку адна з чэскім грамадзянствам.

Упершыню з прапановай стварыць Беларускі дом у Празе на ўзор падобных у Варшаве і Кіеве выступіла якраз спадарыня Маковік на сустрэчы прадстаўнікоў шасьці беларускіх арганізацый, якая адбылася ў Празе ў лістападзе летась.

Прапанова тады прагучала, але ніякія фармальныя рашэньні адносна яе на сустрэчы не прымаліся. На гэта зьвяртала ўвагу, між іншым, суполка «Пагоня» ў Празе, якую на згаданай сустрэчы прадстаўляў яе старшыня Юрка Станкевіч.

Юрка Станкевіч сказаў нашаму радыё, што ягоная арганізацыя ня мае нічога супольнага з рэгістрацыяй Беларускага дому ў Празе. Паводле спадара Станкевіча, суполка «Пагоня» мае засьцярогі як да ўзьнікненьня самой ініцыятывы, так і да таго, якім чынам будзе забясьпечвацца дзейнасьць Беларускага дому:

«Я быў на гэтым так званым сходзе, і выглядала гэта як тэатральная пастаноўка. Ніводная з прысутных там арганізацый, апрача „Пагоні“, не займаецца нейкай культурнай дзейнасьцю. Гэтая ініцыятыва выклікае шэраг пытаньняў, уключна з тым, хто за гэтым стаіць. Такія дамы ня так лёгка ўтрымліваць. З уласнага дасьведчаньня мы ведаем, як цяжка ўтрымаць сваю Клюбоўню. Мы ўжо трэці раз пераходзім зь месца на месца, а тут раптам без праблемаў узьнікае нейкі Беларускі дом» — адзначыў Юрка Станкевіч.

У адмысловай заяве наконт рэгістрацыі Беларускага дому суполка «Пагоня» напісала, што на сходзе ў лістападзе была ўзьнятая толькі ідэя стварэньня Беларускага дому. Аднак, дадае заява, ніякія рашэньні пра супольны плян дзеяньняў ці канкрэтныя захады ў гэтым пытаньні не прымаліся.

Аляксей Францкевіч з Асацыяцыі «За мадэрнізацыю», які прысутнічаў на лістападаўскай сустрэчы, сказаў нам, што інфармацыя пра рэгістрацыю Беларускага дому стала для яго нечаканасьцю. Паводле спадара Францкевіча, яна таксама стала нечаканасьцю для Алеся Міхалевіча і Вольгі Карач, якія таксама былі на згаданай сустрэчы.

Выглядае на тое, што праект Беларускага дому, замест таго, каб аб’яднаць беларускія арганізацыі вакол ідэі «альтэрнатыўнай беларускай амбасады» ў Празе, ужо на сваім пачатку выклікаў непаразуменьні.

«Праблема існуе і будзе існаваць у тым, хто жадае іграць галоўную ролю ў Беларускім доме ў Празе як такім з усімі арганізацыямі, якія былі на гэтым паседжаньні ў лістападзе. Я была ініцыятарам стварэньня гэтага Беларускага дому. Я на гэтым паседжаньні казала, што Беларускі дом у Празе павінен існаваць, бо беларускім палітвязьням, беларускім мастакам, беларускім дзеячам, якія цяпер ня могуць рэалізавацца на тэрыторыі Беларусі, патрэбна дапамога ад нас, людзей, якія эмігравалі ў Чэхію. І гэтую ідэю падтрымалі ўсе. Я сказала б, што сама рэгістрацыя — гэта даволі простая юрыдычная працэдура, і ў гэтым ня трэба бачыць ніякай правакацыі ці нейкага дзіўнага працэсу. Я спадзяюся, што астатнія арганізацыі, якія існуюць у Чэхіі і працуюць на Беларусь, да гэтага далучацца і будуць таксама працаваць, каб Беларускі дом паўстаў ня толькі юрыдычна ці тэарэтычна, але і фізычна», — адзначыла Натальля Маковік.

Спадарыня Маковік сказала, што ініцыятыва Беларускага дому ў Празе мае падтрымку зь Беларусі, у прыватнасьці, ад Маладога фронту і Паўла Севярынца.

У Празе ініцыятары Беларускага дому ўжо выступілі з просьбай да гарадзкой адміністрацыі выдзеліць ініцыятыве памяшканьне не на аснове рынкавых коштаў, а зь ільготамі. Паводле Натальлі Маковік, просьба была вырашаная станоўча, але пакуль што адрас будучай сядзібы Беларускага дому не вядомы.

«Што датычыцца фінансаваньня, дык я скажу, што мы з мужам вырашылі, што на пачатку мы будзем падтрымліваць дзейнасьць Беларускага дому з нашых сямейных грошай, з нашага бізнэсу ў Чэхіі», — дадала Натальля Маковік, удакладняючы, што гаворка ідзе пра падтрымку сумай некалькіх тысяч эўра ў месяц.


Натальля Маковік — колішняя актывістка Маладога фронту, эмігравала ў Чэхію з палітычных прычынаў і атрымала ў гэтай краіне палітычны прытулак. Зьяўляецца заснавальніцай фірмы, якая прадае ў Чэхіі гістарычную нерухомасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG