Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FT: Эўропе трэба свой «чорны сьпіс» расейскіх чыноўнікаў


Паліцыя затрымлівае удзельніц дэманстрацыі ў Маскве супраць расейскага «Антымагніцкага закону»

Паліцыя затрымлівае удзельніц дэманстрацыі ў Маскве супраць расейскага «Антымагніцкага закону»

Амэрыканскі «Закон Магніцкага» прарасейскі, а не антырасейскі, і Эўропе трэба да яго далучыцца, піша ў рэдакцыйным камэнтары брытанскі штодзёньнік Financial Times. Мы прапануем вашай увазе зьмест гэтага артыкулу.

Нават паводле сваіх уласных стандартаў, Масквы выбрала агідны адказ на амэрыканскі «Закон Магніцкага», які забараняе ўезд у ЗША для расейскіх чыноўнікаў, абвінавачаных у парушэньнях правоў чалавека. На мінулым тыдні прэзыдэнт Пуцін падпісаў закон, які забараняе амэрыканскім грамадзянам усынаўляць расейскіх дзяцей. На практыцы гэта робіць тысячы найбольш безабаронных грамадзян Расеі, якія жывуць у дзіцячых дамах часта ў жахлівых умовах, закладнікамі расейска-амэрыканскіх адносінаў.

Крэмль відавочна, сярод іншага, спадзяецца пераканаць іншыя краіны не ісьці шляхам ЗША. Нельга гэтаму паддавацца, ба маскоўская рэакцыя таксама паказвае, наколькі адчувальныя для расейскіх уладаў гэтыя захады. Шмат якія расейскія чыноўнікі валодаюць маёмасьцю і каштоўнасьцямі на Захадзе, падарожнічаюць туды і назад, і пасылаюць сваіх дзяцей туды вучыцца. Таму візавая забарона і замарожваньне актываў хаця б для тых, каму відавочна ёсьць за што адказваць у сэнсе крымінальнай дзейнасьці ці парушэньняў правоў чалавека, гэта вельмі эфэктыўная санкцыя.

Да таго ж, справа Магніцкага абуральная, добра задакумэнтаваная і ўвасабляе цёмны бок Пуцінізма. Чыноўнікі ў падатковай службе скарысталі прыкрыцьцё інвэстыцыйнага фонду, чый заснавальнік дзіўным чынам згубіў магчымасьць наведваць Расею, каб скрасьці 230 мільёнаў даляраў у дзяржавы. Калі прадстаўнікі фонду даведаліся пра гэта і падалі доказы, улады ня сталі караць нікога з замяшаных у гэтым. Замест гэтага яны арыштавалі юрыста, які расьсьледаваў гэтую справу, Сяргея Магніцкага, і абвінавацілі яго ў арганізацыі махлярства. У турме яму адмаўлялі ў лекаваньні сур'ёзных праблемаў са страўнікам і ўрэшце зьбілі да сьмерці.

Нават цяпер, калі гэты выпадак выклікаў міжнароднае асуджэньне, Расея не саступіла. Замест гэтага супраць Магніцкага пачалі абсурдную пасьмяротную справу за ўхіленьне ад падаткаў. Адмова Масквы ад дзеяньняў супраць сапраўдных падазраваных ў найлепшым выпадку дурная ўпартасьць. У найгоршым гэта сьведчыць пра наяўнасьць высокіх абаронцаў, якія баяцца, што справа можа пашкодзіць і ім.

Расея сьцьвярджае, што «Закон Магніцкага» антырасейскі. Але ён скіраваны супраць канкрэтных чыноўнікаў, якіх вінавацяць у крадзяжы з расейскага бюджэту. Амэрыку таксама вінавацяць у абвяшчэньні людзей вінаватымі без суду. Але любая краіна можа вырашыць, што ня хоча прымаць нейкіх асобаў, без таго каб абвяшчаць іх вінаватымі ці невінаватымі.

Аднак для таго, каб захады ў справе Магніцкага мелі максымальны ўплыў, трэба, каб да іх далучылася Эўропа. Некаторыя парлямэнты, у тым ліку ў Вялікабрытаніі, Нідэрляндах і Швэцыі, пачалі ціск на ўрады, каб прыняць эквівалентныя меры. Візавая забарона з боку любой краіны, што ўваходзяць у Шэнгенскую зону, унутры якой няма межаў, прынамсі не дазволіць гэтым чыноўнікам падарожнічаць ва ўсё 25 краінаў гэтай зоны.

А найбольш эфэктыўным крокам была б агульнаэўразьвязаўская візавая забарона і замарожваньне актываў. Гэта можна зрабіць адносна лёгка, калі будзе дастатковая палітычная воля, шляхам рашэньня Рады Міністраў – так як было зроблена з чыноўнікамі зь Беларусі. Паводле прапаганды Крамля, эканамічныя праблемы Эўропы сьведчаць пра шырэйшы правал у яе сыстэмах кіраваньня і каштоўнасьцяў. Нават падчас змаганьня з крызісам эўразоны, Эўразьвязу трэба давесьці, што такія цьверджаньні памылковыя – і паказаць што ён па-ранейшаму гатовы абараняць і падтрымліваць каштоўнасьці, на якіх ён быў пабудаваны.
XS
SM
MD
LG