Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан Чавэса застаецца крытычным


Уга Чавэс цалуе крыж падчас звароту да нацыі 8 сьнежня 2012 году
Уга Чавэс цалуе крыж падчас звароту да нацыі 8 сьнежня 2012 году

Сябра і палітычны саюзьнік Уга Чавэса, прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес заявіў, што стан прэзыдэнта Вэнэсуэлы зьяўляецца «вельмі трывожным».

Маралес выказаў надзею, што малітва дапаможа захаваць жыцьцё хвораму на рак Чавэсу, які працягвае лячыцца ў шпіталі на Кубе пасьля перанесенай 11 сьнежня апэрацыі.

Апазыцыя Вэнэсуэлы тым часам заклікала ўрад распавесьці «праўду» пра здароўе 58-гадовага Чавэса, які на публіцы пасьля апошняй апэрацыі не зьяўляўся.

Маралес заявіў у сераду журналістам, што размаўляў зь сямейнікамі Чавэса:

«Сытуацыя для нашага брата, прэзыдэнта Уга Чавэса, зьяўляецца вельмі трывожнай. Будзем спадзявацца, што хутка ён далучыцца да нас. Але сытуацыя вельмі трывожная. Я гаварыў зь яго сям’ёй. Я спрабаваў гаварыць з віцэ-прэзыдэнтам. Але, спадзяюся, нашы малітвы дапамогуць выратаваць жыцьцё нашага брата, прэзыдэнта Уга Чавэса».

Тым часам, афіцыйныя прадстаўнікі Вэнэсуэлы прызналі, , што Чавес не здолее вярнуцца ў краіну 10 студзеня — на гэта дзень была прызначаная інаўгурацыя Чавэса на новы прэзыдэнцкі тэрмін.

Асноўныя апазыцыйныя рухі заклікалі віцэ-прэзыдэнта Нікаласа Мадуру, паплечніка Чавэса, узяць на сябе адказнасьць за інфармаваньне грамадзкасьці аб стане здароўя прэзыдэнта.

Лідэр Дэмакратычнай кааліцыі адзінства Рамон Авэледа заявіў, што ўрад да гэтага часу ня даў дастатковай інфармацыі:

«Віцэ-прэзыдэнт сам сказаў, што ён імкнецца гаварыць праўду, якой бы яна ні была. Дык ён і павінен расказаць праўду пра здароўе прэзыдэнта, таму што гэта дасьць краіне адчуваньне бясьпекі і ўпэўненасьці».

Віцэ-прэзыдэнт Мадура, які наведаў Чавэса на Кубе на гэтым тыдні, заявіў, што Чавэс усьведамляў складанасьць сытуацыі. Пры гэтым Мадура не паведаміў ніякіх падрабязнасьцяў.

Перад ад’ездам на Кубу на апэрацыю Чавэс паведаміў, што абавязкі кіраўніка дзяржавы ў выпадку ягонай непрацаздольнасьці возьме на сябе Мадура. Ён таксама заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за Мадуру — у выпадку новых прэзыдэнцкіх выбараў.

У выпадку сьмерці альбо адстаўкі Чавэса новыя выбары павінны быць праведзены на працягу 30 дзён.

Вэнэсуэльская канстытуцыя прадугледжвае пачатак тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў 10 студзеня. Але пры гэтым не прадугледжвае сытуацыі, калі б прэзыдэнт у гэты дзень не заступіў на пасаду.

Уга Чавэс быў пераабраны на пасаду прэзыдэнта ў кастрычніку.

Былы падпалкоўнік, ён карыстаецца шырокай падтрымкай сярод бедных слаёў Вэнэсуэлы. Гэта збольшага тлумачыцца вялікімі дзяржаўнымі датацыямі на мэдычную і сацыяльную дапамогу — за кошт даходаў ад экспарту нафты.

Чавэс часта крытыкуе палітыку ЗША і лічыцца блізкім да Фідэля Кастра. Ён імкнуўся ствараць альянсы з рэжымамі, якія выступаюць з антызаходніх пазыцыяў, у тым ліку з Беларусьсю і Іранам. У часе ягонага кіраваньня Вэнэсуэла закупіла вялікі аб’ём зброі расейскай вытворчасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG