Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля ста грамадзян Беларусі, якія жылі ў Сырыі, пакінулі гэтую краіну і вярнуліся на радзіму.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

«У асноўным усе грамадзяне Беларусі, якія стала пражывалі ў Сырыі, выехалі яшчэ летась. Разам зь беларускімі грамадзянамі часта выяжджалі і члены іх сем’яў, грамадзяне Сырыі. Магу сказаць, што сёньня ў зоне канфлікту, найбольш актыўных баявых дзеяньняў, беларускіх грамадзян не засталося. Практычна ўсе яны скарысталіся дапамогай пасольства і выехалі. Наша пасольства ўзаемадзейнічала зь Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі і прыязнымі пасольствамі іншых краін. Цяпер у Сырыі застаюцца асобныя нашы грамадзяне, якія з уласнага жаданьня вырашылі не эвакуавацца дзеля нейкі асабістых акалічнасьцяў».

Паводле спадара Савіных, беларускае пасольства ў Дамаску функцыянуе ў ранейшым рэжыме, з улікам цяперашніх абставін. Там застаюцца тры беларускія дыпляматы.

Сырыйскае пасольства ў Менску таксама працягвае функцыянаваць у ранейшым рэжыме. Цяпер яго ўзначальвае часовы павераны ў справах.
XS
SM
MD
LG