Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіён» Гайдукоў зноў у «Амэрыканцы»


«Амэрыканка», сьледчы ізалятар КДБ

«Амэрыканка», сьледчы ізалятар КДБ

Адвакату наваполацкага актывіста, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» ўдалося высьветліць, што Андрэя Гайдукова спачатку этапавалі зь Віцебскага СІЗА ў Менскае СІЗА на Валадарскага, а 28 сьнежня вярнулі ў «Амэрыканку» – сьледчы ізалятар КДБ. У гэтай установе 23-гадовы апэратар наваполацкага «Нафтану» правёў першы месяц па затрыманьні.

Сваякі Гайдукова некалькі дзён не маглі даведацца пра ягоны лёс.

Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада ў Віцебску «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы» – так сказана ў афіцыйным камэнтары КДБ. Каля месяца яго трымалі ў СІЗА КДБ. Як патлумачылі сваякам, гэта абумоўлена тым, што віцебская абласная ўправа КДБ ня мае падобнай установы для ўтрыманьня арыштаваных. Тым ня менш, напрыканцы лістапада Гайдукова перавялі ў Віцебскі СІЗА, дзе ён таксама правёў каля месяца. Цяпер хлопца зноў этапавалі ў Менск, хоць сьледзтва ў ягонай справе вядзе віцебскі сьледчы Алег Барысевіч.

У справе, распачатай паводле крымінальнага артыкула «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці» з 27 сьнежня ўжо двое падазраваных. Другім стаў сябра Андрэя Гайдукова, наваполацкі сябар аргкамітэту партыі БХД Ільля Багданаў.

Багданаў быў выкліканы на допыт да сьледчага Барысевіча 27 сьнежня, і там даведаўся, што ў яго цяпер статус падазраванага. Але Ільлю Багданава пакуль пакінулі на волі, на наступны допыт ён мусіць зьявіцца 9 стадзеня.

Напрыканцы мінулага тыдня бацькі Гайдукова атрымалі лісты ад сына. Два – яшчэ зь Віцебскага СІЗА, і два – з «Валадаркі». У лістах ён віншуе родных з надыходзячым новым годам і піша, каб яны сустрэлі гэтае сьвята ў добрай кампаніі і весела. Паводле маці арыштаванага, подпіс пад віншаваньнем такі: «Шчыра ваш Андрэй. Як заўжды, у пошуках праўды, мудрасьці і справядлівасьці".

Родныя і сваякі Гайдукова лічаць абвінавачаньне ў шпіянажы беспадстаўным. Яны зьвязваюць ціск на хлопца з боку КДБ толькі яго апазыцыйнай дзейнасьцю: да хлопца і раней прыходзілі «людзі ў цывільным» ды папярэджвалі пра верагодныя «непрыемнасьці». Андрэй Гайдукоў не хаваў сваіх палітычных поглядаў, яго затрымлівалі падчас «акцыяў маўклівага пратэсту», а непасрэдна перад арыштам ён рыхтаваў дакумэнты для рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў».
XS
SM
MD
LG