Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 студзеня 1946 году Хірохіта адракаецца ад свайго боскага статусу

Цяжка быць богам, з гэтым не паспрачаешся – але перастаць быць богам, мусіць, яшчэ цяжэй. Звольніцца, так бы мовіць, на ўласнае жаданьне. 1 студзеня 1946 году Хірохіта, імпэратар Сёва, генэралісімус японскіх войскаў і нашчадак багіні сонца Аматэрасу, афіцыйна адрокся свайго боскага статусу і зрабіўся звычайным чалавекам, нічым не адрозным ад якога-небудзь дробнага эўрапейскага манарха нядаўніх часоў, кшталту заганнага Зогу ці тулягі Томіслава ІІ. Адбылося гэтае ганебнае адрачэньне пад ціскам амэрыканскіх акупацыйных уладаў, якім нязручна было мець справу з богам, хай сабе нізенькім і ў акулярах – ці мала якія штукі ён мог бы выкінуць, не ў пару прыгадаўшы сваё паходжаньне.

Цяжка сказаць, ці верыў сам імпэратар у боскую прыроду сваёй улады. Ён усё ж быў чалавек адукаваны, з пачаткам свайго кіраваньня абвясьціў курс на асьвету, каб сонца зазірнула нарэшце і ў японскае аконца; ён наведваў Эўропу, да таго ж захапляўся ў вольны час марской біялёгіяй – і ўсе гэтыя мілыя пярэстыя стварэньні, якія нястомна жаруць адно аднаго ў акіянскіх глыбінях, не маглі ня выклікаць у ім думкі пра тое, што можа ён насамрэч і ня бог, а проста такі сабе грамадзянін Хірохіта. Сытуацыя склалася даволі дзіўная: згодна з рэлігіяй, усе японцы так ці іначай паходзяць ад багоў, а іхны імпэратар цяпер дык нібыта і не… Інцярэ-э-эсна палучаецца, як любяць казаць начальнікі беларускіх РУУС.

І тут на дапамогу манарху прыйшла вялікая і магутная родная мова, спасьцігнуць лёгіку якой да канца ня здольныя ні эўрапейцы, ні амэрыканцы, ні япаніст Рыгор Чхарцішвілі. Хітрун
Усё, што ў цябе застанецца – гэта твая мова.

Хірохіта ўмудрыўся так скласьці рэскрыпт аб сваім адрачэньні, што акупацыйныя ўлады, звыклыя да кульгавых і простых, як двойчы два, літарак, чорным па белым, успрынялі ягоную заяву як афіцыйны дакумэнт. У вачах жа сваіх падданых імпэратар напісаў хутчэй верш – прыгожы і складаны твор, які можна інтэрпрэтаваць па-усялякаму і знаходзіць у гэтым адмысловую асалоду, але ў якім няма ніякіх прамых указаньняў на тое, што, маўляў, ня бог я вам болей і адстаньце ад мяне са сваімі бабулінымі казкамі народаў Усходу.

Дарэчы, пра бабуліны казкі. Каб перастаць быць богам, неабавязкова мець тытул японскага імпэратара. У тым узросьце, калі кожны з нас сам сабе дыктатар, калі мы авалодваем мовай настолькі, што яна робіцца сваёй, нашае першае адрачэньне ўжо лунае на даляглядзе. Да пары ты жывеш у шчасьлівым няведаньні – самы прыгожы, самы разумны, самы каштоўны, такі сабе тоўсты і пекны, як толькі што выпечаны піражок, маміна радасьць, маміна шчасьце, татавы надзея і гордасьць. Усе табе кланяюцца, усе на цябе моляцца, ты – сэнс усяго і галоўная першапрычына, увесь сьвет твой: і гэтая машынка, і гэтая лялька, і нават вунь
Каб перастаць быць богам, неабавязкова мець тытул японскага імпэратара.

той мядзьведзь, і вунь тая Фудзіяма ў акне. А потым бац: побач зьяўляецца нехта, які так непрыемна крычыць пра тое, што пара ўжо табе адракацца, як яго там клічуць? Ага, вось як: маміна радасьць, маміна шчасьце, татавы надзея і гордасьць. І цалкам можа высьветліцца, што ты, самы прыгожы, самы разумны, самы каштоўны, тоўсты і пекны, як піражок, насамрэч – нікому не патрэбны вырадак, прызначэньне якога цьмянае, будучыня сумнеўная, думкі нікому не цікавыя, а за жыцьцё якога ніхто ня дасьць ламанага шэлега. Карацей, такі, як усе.

І ўсё, што ў цябе застанецца – гэта твая мова. Ты ж і так ведаеш, што ты бог. А яны там хай сабе думаюць, што хочуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG