Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у нас права абражаць чыюсьці рэлігію?

Гэта было пытаньне, якое горача і доўга абмяркоўвалася сёлета ў сусьветных СМІ, асабліва ў сувязі з судовым працэсам удзельніц гурту «Pussy Riot» у Расеі ды з пратэстамі ў мусульманскім сьвеце супраць фільму «Нявіннасьць мусульманаў».

У лютым пяць удзельніц фэміністычнага панк-рок-гурту «Pussy Riot» зладзілі скандальны выступ ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве. У акцыі, якая трывала ўсяго 20 сэкундаў, дзяўчаты спрабавалі сьпяваць песьню са словамі «Багародзіца, Пуціна прагані» і ўвесь час жагналіся.

Расейская Праваслаўная Царква назвала гэты выступ блюзьнерскім.

У кастрычніку суд пацьвердзіў сваё ранейшае рашэньне даць два гады папраўчай калёніі за хуліганства па матывах рэлігійнай нянавісьці для Надзеі Талаконьнікавай і Марыі Алёхінай, у той час як трэцяя ўдзельніца панк-малебну, Кацярына Самуцэвіч, атрымала выпрабавальны тэрмін. Дзьве астатнія ўдзельніцы скандальнага малебну хаваюцца.

Шмат якія абаронцы правоў чалавека ды мастакі на Захадзе назвалі гэтае пакараньне горшым за злачынства. Паводле іх, свабода выказваньня ў гэтым выпадку была прынесеная ў ахвяру абароне рэлігіі, хоць блюзьнерства само па сабе не зьяўляецца крымінальным злачынствам у Расеі.

Барбара Tрыёнфі зь Міжнароднага інстытуту прэсы ў Вене лічыць, што такія справы на Захадзе, як правіла, вырашаюцца ў рамках адміністрацыйнага, а не крымінальнага права:

«У выпадку паклёпу, як і ў выпадку абразы наогул, выкарыстоўваюцца адміністрацыйныя законы – то бок, адміністрацыйны працэсуальны кодэкс – і гэта абсалютна прынятая практыка» – сказала Трыёнфі нашаму радыё.

Трыёфі адзначыла, што практыка пакараньня турмой за блюзьнерства або паклёп запалохвае людзей і СМІ ды прымушае іх да самацэнзуры. Гэткая практыка, дадала яна, ня проста абмяжоўвае свабоду выказваньня, але таксама абараняе ўлады ад крытыкі.

Іншы гучны скандал 2012 году быў выкліканы фільмам «Нявіннасьць мусульманаў», малабюджэтнай карцінай, зьнятай групай прыватных асобаў у Злучаных Штатах, якія паказалі прарока Мухамеда як бабніка. Фільм выклікаў гвалтоўную рэакцыю ў мусульманскім сьвеце – у верасьні ня менш за 50 чалавек загінулі ў акцыях пратэсту.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН 25 верасьня, што свабода слова павінна быць дазволеная для ўсіх, нават калі некаторыя злоўжываюць ёю:

«Самай моцнай зброяй супраць мовы нянавісьці зьяўляюцца не рэпрэсіі, а большая свабода выказваньня – галасы талерантнасьці, якія выказваюцца супраць фанатызму і блюзьнерства ды падтрымліваюць каштоўнасьці ўзаемаразуменьня і ўзаемнай пашаны» – сказаў прэзыдэнт ЗША.

Але прэзыдэнт Эгіпту Мухамед Мурсі прапанаваў іншы пункт гледжаньня. Ён заклікаў да «свабоды выказваньня, якая не выкарыстоўваецца для распальваньня нянавісьці супраць каго-небудзь».

Амэрыканская журналістка Джэніў Абдо, якая шмат гадоў займаецца праблематыкай ісламу, кажа, што гэтыя два прэзыдэнцкія выказваньні адлюстроўваюць прорву паміж Захадам і мусульманскім сьветам у поглядах, наколькі закон павінен абараняць рэлігію.

«Як мусульманіну, вам забаронена ганьбаваць прарока ў любым выглядзе і любой форме, і якраз тут узьнікае розьніца ў меркаваньнях» – сказала Джэніў Абдо нашаму радыё.

Абдо таксама лічыць, што людзі з Захаду, якія ўскладаюць віну за хваляваньні ў мусульманскім сьвеце на ісламскіх экстрэмістаў, недаацэньваць глыбіню рэлігійных пачуцьцяў:

«На Захадзе часам любяць пераконваць сябе самых, што гэта толькі экстрэмісты, якія не пагаджаюцца з нашымі заходнімі каштоўнасьцямі, падпальваюць амбасады. Гэта не зусім так. Я думаю, што пераважная большасьць мусульманаў не пагаджаецца з нашымі заходнімі каштоўнасьцямі ў гэтым канкрэтным пытаньні, але ў іх іншыя, мірныя спосабы выказаць сваю незадаволенасьць».

Большасьць людзей на сьвеце ніколі не паглядзіць фільму «Нявіннасьць мусульман». Тым ня менш, гэты фільм стаўся яшчэ адной старонкай у гісторыі рэлігійнай напружанасьці, якая ўключае, сярод іншага, гвалтоўныя рэакцыі на апублікаваныя ў 2005 годзе карыкатуры Мухамеда ды на фатву – сьмяротны прысуд – вынесены ў 1989 годзе аяталом Хамэйні пісьменьніку Салману Рушдзі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG