Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая спроба даць беларусам «Свабоду»


Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі
Сумёты, мароз: сто дзесяць гадоў таму беларуская моладзь надрукавала першы й апошні нумар газэты «Свабода». Мабыць, як і многія, я шукаю яе ўжо трыццаць гадоў. Ніхто дагэтуль не знайшоў той «Свабоды». Але пошукі працягваюцца.

1.

У нас, беларусаў, са свабодай дачыненьні своеасаблівыя. Дзе яна хаваецца ад нас? Ці патрэбная нам? А можа пражывем безь яе сяк-так, не памром? Можа хай яна будзе як папараць-кветка? Мы ня будзем адмаўляцца ад яе, але ніколі ня знойдзем. Толькі казкі нашы будуць сьведчыць, што цікавіліся, шукалі.

У мяне са «Свабодай» гісторыя асабістая. Са зьдзіўленьнем успамінаю, што сьнежань 1902 году часам яе народзінаў прапанаваў калісьці лічыць я сам. З маёй «лёгкай рукі» і пайшло. Мне трэба было паставіць кропку ў дыплёмнай працы, а ня маючы газэты, зрабіць гэта было цяжка. Я ня ўлічыў, што за царом існаваў «стары стыль», таму адна з ранейшых вэрсій – што адбілі «Свабоду» на шапірографе на Каляды 1903-га – бліжэй да праўды.

Што нам вядома ўвогуле? Друк «Свабоды» ажыцьцявіў Вацлаў Іваноўскі зь сябрамі ў былым Лідзкім павеце, сёньня гэта Шчучынскі раён. І вядома пра гэта стала толькі праз гады. Прычым са словаў самога Іваноўскага. Але самае цікавае, што гісторыю гэтую ён кожны раз распавядаў крыху па-іншаму. Самой «Свабоды» ён нікому не паказаў.

2.

Падрабязна дасьледаваў гісторыю ўзьнікненьня зьвестак пра «Свабоду» Юры Туронак. Ягоны «дэтэктыў» друкаваўся ў некалькіх нумарах беластоцкай «Нівы». Я чытаў не адрываючыся. Што праўда, «Ніва» тады была ў БССР пад падазрэньнем. Але раней, калі я паступіў у БДУ, яе сшыўка ляжала ў бібліятэцы на бачным месцы.

І хоць я не прадставіў прадмета дасьледаваньня, мой кіраўнік прафэсар
Булацкі мне падзякаваў. Гэта было незвычайна. Калі я абараніў дыплём, занёс артыкул у «ЛіМ». Прачытаўшы публікацыю, наша выкладчыца Арлова сказала: быць табе хутчэй дасьледчыкам, чым журналістам. Яна памылілася. Першы і апошні раз я тады наведаў архіў, зрэшты, безвынікова.

3.

Сустрэў цяпер прыяцеля, таксама журналіста, нагадаў даўнюю гісторыю, як Вацлаў Іваноўскі зь сябрамі ў бацькоўскім маёнтку Лябёдка , што за дзесяць кілямэтраў ад Шчучына, адбіў на шапірографе першае падпольнае выданьне. Прыяцель кажа: у гарадзенскіх умовах сёньня слова гэтае, «шапірограф», гучыць двухсэнсоўна. Пажартавалі і разышліся.

Юры Туронак адчуў, што нешта перашкаджала Вацлаву Іваноўскаму распавесьці гісторыю «Свабоды» ўцямна. Іваноўскі піша, што паліцыя сканфіскавала газэту проста ў часе выданьня. Але дэталяў, тлумачэньняў ён не дае. Вэрсія Туронка гучыць наступна: бацька Вацлава, чалавек сучасных поглядаў, але асьцярожны, выклікаў паліцыю, якая на месцы спыніла друк, зьнішчыла наклад.

4.

Студэнтам журфаку я пачаў шукаць Лябёдку Іваноўскіх. На мапе такой не было. Першая паездка па вёсках з падобнай назвай закончылася нічым: пра Іваноўскіх ніхто ня чуў. Потым мне стала вядома, што іх былая сядзіба цяпер – частка вёскі Галавічполе, і нават здымак дому ёсьць у энцыкляпэдыі.

Наступным разам я стаяў перад домам Іваноўскіх і спрабаваў уявіць пачатак ХХ стагодзьдзя, архаічны шапірограф, аркушы з адбіткам «Свабоды». Свае фантазіі пазьней давялося падрэдагаваць: сядзібны дом пазначаны 1905 годам, значыцца газэту зрабілі не ў камяніцы, якую мы бачым сёньня.

5.

Аднойчы ў Горадні была пісьменьніца Валянціна Коўтун, хацела паразмаўляць са мной. Пра Лябёдку Іваноўскіх. Распытвала, што мне вядома. Праз пару гадоў выйшаў яе першы раман пра Алаізу Пашкевіч «Крыж міласэрнасьці». Вакол «Свабоды» закручана інтрыга, якая працягваецца на некалькіх дзясятках старонак. І нават малюнак ёсьць: малады спадар трымае газэціну, бачная толькі назва – «Свабода». Ён мне нагадвае Ігара Гермянчука, рэдактара новай «Свабоды», масавай газэты 1990-х, якая ў сёньняшняй Беларусі аказалася непатрэбнай, улада палічыла газэту шкоднай для сябе.

У рамане Коўтун адзін з удзельнікаў падпольнай друкарні Гмырак прывозіць дваццаць пяць асобнікаў «Свабоды» ў Вільню для распаўсюду. Але баіцца правалу і трымае выданьне ў сябе ў драўляным чамаданчыку. Гмырак на кручку ў паліцыі. Баіцца, што ёй усё вядома: у цягніку, убачыўшы паліцыянтаў, ён выкідае асобнік газэты ў вакно. Гэта было ў Мінойтах, піша аўтарка.

Толькі цяпер да мяне даходзіць, што Лявон Гмырак ня мог зь Лябёдкі, сеўшы на станцыі Скрыбаўцы (бліжэйшай да сядзібы Іваноўскіх), паехаць цягніком у Вільню празь Мінойты. Вёска Мінойты – каля чыгункі зь Ліды ў Наваельню і Баранавічы.

6.

За апошні час трапляліся публікацыі аб угодках закрыцьця «Свабоды» ў 1997-м, аб 110-годзьдзі першай «Свабоды», аб будучай гадавіне забойства Вацлава Іваноўскага, менскага бурмістра. Хоць сядай і пішы вялікі раман пра «Свабоду» і людзей, якія яе рабілі.

Ёсьць яшчэ адна цікавая акалічнасьць. Радыё Свабода не адразу стала так называцца. Але стала. Ці гэта выпадковасьць? Ці не было гэта прапановай беларускай рэдакцыі, дзе ведалі, што напачатку ХХ стагодзьдзя была спроба даць беларусам «Свабоду»? Прапанова – каб перакінуць мост у будучыню з накірункам да гэтай самай свабоды.
Сядзіба Іваноўскіх Лябёдка. Здымак з сайта Pawet
Сядзіба Іваноўскіх Лябёдка. Здымак з сайта Pawet
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG