Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка і віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч падчас перамоваў у Маскве ўзгаднілі аб’ёмы паставак нафты ў першым квартале 2013 года. Аднак пастаўкі на ўвесь год яшчэ не ўзгодненыя і перамовы працягнуцца.

Паводле беларускага боку, у першым квартале Расея паставіць 5,75 мільёна тон нафты. «Пры ўмове працы беларускіх НПЗ у раўнамерным графіку загрузкі гэта лічба адпавядае неабходнаму аб’ёму, які заяўлены Беларусьсю па пастаўках нафты на наступны год — 23 мільёны тон», — гаворыцца ў паведамленьні беларускага ўраду. Тым часам у расейскай кампаніі «Транснефть» карэспандэнту «Свабоды» паведамілі, што гаворка ідзе пра пастаўкі 5,025 мільёна тон нафты ў першым квартале. Прэс-сакратар кампаніі Ігар Дзёмін патлумачыў разыходжаньне ў лічбах:

«Я кажу пра пастаўкі па трубе, колькі мы паставім па трубе. У нас ёсьць адпаведнае рашэньне міністэрства, якое нам дадзена на выкананьне. Магчыма, вашы людзі маюць на ўвазе яшчэ і колавыя пастаўкі — па чыгунцы».

Прэс-сакратарка беларускага ўраду Вольга Доўгая не змагла патлумачыць адрозьненьне ў лічбах.

«Я яшчэ не бачыла лічбы, якія даюць рускія. Не магу вам пацьвердзіць. Я магу пацьвердзіць толькі тое, што мы выклалі на нашым афіцыйным сайце. За гэтыя лічбы я магу адказаць, за іншыя нічога не магу сказаць».

У любым разе, аб’ём паставак нафты ў першым квартале большы, за раней плянаваны расейскім бокам. Пра што сьведчаць гэтыя дамоўленасьці?

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што размова насамрэч ішла аб прыватызацыі:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Аб дамове пра стварэньне „Саюзкалію“ і гэтак далей. І, відаць, беларусы адказалі, што для гэтага патрэбны час. І магчыма настойвалі, каб пагадненьне было падпісана без гэтых дамоў, І расейскі бок мог зрабіць адваротны крок і даць гэты тэрмін, каб выканаць нейкую дамоўленасьць. Вось будзе выканана — будзе нафта ў поўным аб’ёме. Не будзе, значыць не будзе».

Калі казаць пра бізнэс растваральнікамі, то тут Беларусь выйграла, а расейскі бюджэт страціў 1,5 мільярда даляраў, кажа Злотнікаў:

«Калі не было афіцыйнага звароту, каб гэтыя сродкі вярнулі, то, напэўна, яны і не патрабуюць іх».

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, наладжваць канфлікт на гэтай глебе ў Мытным саюзе сэнсу няма.

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Але зь іншага боку, Пуцін трымае Лукашэнку на дыстанцыі. Вось, на першы квартал, то бок, на сьнеданьне, вам булачкі ёсьць. А што будзе на абед, на вячэру, мы яшчэ паглядзім, як вы будзеце сябе весьці. А па другое, беларуская ўлада даволі слабая з гледзішча самастойнага зьнешнеэканамічнага, стратэгічнага разьвіцьця. Бо 50% усяго экспарту гэта нафтапрадукты. Калі гэтыя нафтапрадукты не будуць, урад і прэзыдэнтура сыдуць. Таму гэтая гульня: Крэмль дае, з лыжачкі корміць. Беларусі трэба 7 мільёнаў тон, каб усё працавала. А астатняе — усё ад лукавага, як наркотык».

Што да скандалу з растваральнікамі, то яго лёс Заіка бачыць такім:
«Пытаньне будзе ставіцца ці здымацца у залежнасьці ад таго, на чыя мазалі канкрэтна націснуць».

Раней паведамлялася, што расейскі бок паставіць у Беларусь у 2013 годзе 18,5 мільёна тон нафты. Афіцыйны Менск настойвае на пастаўках 23 мільёнаў тон. Расейскі бок настойвае на пастаўках амаль 2 мільёнаў тон нафтапрадуктаў на свой рынак. «Нафту мы атрымаем без праблем», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 21 сьнежня.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG