Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год за кратамі, «крытка» сьвяточная і дзень народзінаў на «хіміі»


Навагоднія і калядныя сьвяты, якія традыцыйна лічацца сямейнымі, паводле турэмных псыхолягаў, найбольш цяжка пераносяцца за кратамі.

Заходнія адмыслоўцы раяць заахвочваць асуджаных вакацыямі дадому або ладзіць для іх у вязьніцах сустрэчы з вольнымі людзьмі. У сёньняшняй праграме мы раскажам пра Новы год у папраўчых установах Беларусі, убачым перадсьвяточную магілёўскую «чацьвёрку» і пабываем у гасьцях у «хіміка» Паўла Севярынца. 30 сьнежня ён адзначае свой дзень народзінаў.

Наўпроставы лінк



У аўдыёвэрсіі праграмы «Свабода ў турмах» песьні амэрыканскай сьпявачкі і праваабаронцы Джаан Баэз, якія яна адрасуе беларускім нявінна асуджаным, а таксама чарговы ўрывак з кнігі Юрыя Бандажэўскага «Як выжыць у турме».

Нямецкія вязьні з’ехалі з турмаў на вакацыі

«Сапраўды вясёлых Калядаў ды Новага году за кратамі не бывае», — піша нямецкі турэмны сайт, зразумела маючы на ўвазе ўласную пэнітэнцыярную сыстэму. Згодна зь нямецкімі законамі, у выніку большасьць арыштантаў за добрыя паводзіны атрымліваюць калядныя вакацыі і едуць сустракаць сьвяты дадому. У гэтым псыхолягі бачаць адзін з спосабаў рэсацыялізацыі асуджаных.

Аднак усё ж у гэтыя дні ня ўсе камэры ў нямецкіх турмах пустыя. За кратамі застаюцца тыя арыштанты, якія сядзіць за асабліва цяжкія злачынствы і лічацца небясьпечнымі для грамадзтва. Яшчэ людзі, якія ня маюць на волі родных ды блізкіх. Усе яны атрымліваюць на сьвяты пяцікіляграмовыя калядныя пакеты. Згодна з нацыянальнай каляднай традыцыяй, у мэню турэмных сталовак у гэтыя дні смажаныя гусакі ці качкі, а таксама калядны пірог «штоле» са пясочнага цеста з мноствам разынак. Павіншаваць за краты зьняволеных прыходзяць ня толькі іх блізкія, але таксама і прадстаўнікі царкоўных ды грамадзкіх арганізацыяў. Сустрэчам арыштантаў зь людзьмі з волі адміністрацыя надае вялікае значэньне. Тым ня менш лічыцца, што гэтыя сьвяточныя дні псыхалягічна найбольш цяжкія для вязьняў.

Ці хацелі б вольныя людзі ў Беларусі наведаць на сьвяты турмы? Такое пытаньне пад Новы год задаў наш карэспандэнт мінакам на адной з магілёўскіх вуліцаў.

Магілёўская «чацьвёрка» перад сьвятамі

Магілёў, вуліца Крупскай, канец сьнежня 2012. Ад цэнтру гораду дасюль пяць хвілінаў язды, аднак прыкметаў Новага году не адчуваецца. Сьвяточнага асьвятленьня няма. Увечары ў гэтым не шырокім завулку, якім вольныя людзі дабіраюцца ад прыпынку на вуліцы Крупскай да жылога масіву, цёмна і ціха. З аднаго боку сьцежкі — крытая турма, зь іншага ізалятар для часова затрыманых — сутачнікаў. Сёньня ў папраўчай установе «Турма № 4», дзе акрамя «крыткі» месьціцца і СІЗА адбываюць пакараньне, паводле зьвестак былога палітвязьня Валерыя Леванеўскага, да 1000 вязьняў. Сярод іх палітзьняволеныя Мікола Статкевіч, Мікола Дзядок, Яўген Васьковіч... Час ад часу з-за сьцяны-агароджы чуваць сабачы брэх. Потым цішыня. Вольныя людзі крочаць дадому таропка, імкнучыся не спыняцца...

Больш ажыўлена з боку адміністрацыйнага будынка «чацьвёркі», дзе ўсе па турэмнаму рэжымна. Невялікая стаянка са знакам «Толькі для работнікаў МУС». На ёй пакідаюць свае аўто і тыя, хто наведаўся да вязьняў. З торбамі людзі ідуць у невялікае памяшканьне, дзе на кантролі даводзіцца ўсё распакоўваць. У памяшканьні маецца невялікі харчовы шапік, дзе сёе-тое можна прыкупіць для арыштанта. Тут сумятня і гаварыльня. Сваякі зэкаў абменьваюцца навінамі, скардзяцца, раяць адзін аднаму што лепш перадаць за краты. Праход у адміністрацыйны будынак як і паўсюль у калёніях строгі і празь дзяжурнага.

Бароніць «чацьвёрку» ад вольнага сьвету прыродны, а мо й наўмысна зроблены роў. Зь ягонай глыбіні турма ўзвышаецца нібыта непрыступная цьвердзь. За ровам невялікі лес.

Назіраць за будзённвасьцю вязьніц можна зь некаторых дамоў жылога масіву. Сёлета, дарэчы, адсюль, з мікрараёну зрабілі салют у гонар палітвязьняў. Нікога не затрымалі, хаця ля турмы й дзяжурылі міліцыянты. Пасьля салюту пад’езды бліжэйшых да турмаў дамоў дысцыплінавана зачыняюць. Чужых не пускаюць. Асабліва настырных, якім карціць пабачыць турэмнае дворышча ў больш выгадным ракурсе, страшаць міліцыяй.

На пытаньне, ці трэба вольным наведваць турмы, знаёміцца з утрыманьнем вязьняў, размаўляць зь імі, якое мы задалі жыхарам мікрараёну, адказы падзяліліся. Аднак большасьць усё ж мяркуе: так трэба, асабліва напярэдадні сьвятаў!

Магілёўская турма
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:28 0:00
«У сямейнае сьвята за кратамі асабліва прыкра»

Як лічыць колішні палітвязень, ваўкавыскі прадпрымальнік і сябра Міколы Аўтуховіча Уладзімір Асіпенка, «з турэмнага жыцьця ўспамінаецца як правіла першы дзень нараджэньня за кратамі і сьвяткаваньне Новага году».
За кратамі Асіпенка сустракаў 2010 год. Гэта было ў СІЗА на Валадарцы. «Сядзельцы камэры рабілі сьвяточны стол у складчыну. Дзякуючы перадачам, сьвяточны стол атрымаўся ня горш за дамашні. Новы год сустракалі з сапраўднай елачкай і сьвечкамі»«, — узгадвае Асіпенка.

Уладзімер Асіпенка
Уладзімер Асіпенка
​«У турме чакаюць гэтых сьвятаў, нягледзячы на тое, што менавіта ў гэтыя дні асабліва цяжка ды прыкра знаходзіцца ў зьняволеньні», — сьведчыць палітвязень, журналіст Андрэй Пачобут. Журналіст распавядае размовы з зэкамі. У якасьці галоўнай прыкметы сустрэчы 2011 году ў гарадзенскай турме № 1 яны назвалі тое, што «31 сьнежня начальнік установы заходзіў у кожную камэру, сьціпла віншаваў усіх сядзельцаў з надыходзячым сьвятам і зычыў, каб ніхто зь іх больш у такіх умовах яго не сустракаў».


Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі
«Мае ўспаміны пра Новы год у турме ў асноўным сумныя, — кажа колішні палітвязень, доктар мэдычных навук Юры Бандажэўскі. — Па сутнасьці, я працягваю ня надта любіць гэтае сьвята і пасьля турмы, паколькі знаходжуся ў выгнаньні. Тут таксама я адчуваю сябе ў такія дні вельмі і вельмі самотным. Распачатае мной яшчэ да арышту ў 1990-я змаганьне за праўду ў навуцы працягваецца і цяпер. Мяняюцца толькі выканаўцы. У Беларусі яны адны, ва Ўкраіне — другія, у іншых краінах —трэція».

«Калі гаварыць пра мае сустрэчы Новага году за кратамі, — працягвае прафэсар Бандажэўскі, — то найчасьцей я зьбіраў усю сваю волю ў кулак і імкнуўся ня падаць духам. Вельмі дапамагалі заняткі фізычнымі практыкаваньнямі, чытаньне, навуковая праца, якую я вёў штодня.. Так я адыходзіў ад рэальнай сытуацыі. Вельмі выратоўвала вера.

Вышэйшы пачатак праяўляецца ва ўсім, што нас акружае, і калі мы хоць трохі пачынаем гэта разумець, то наша дзейнасьць пачынае набываць нейкі сэнс»


«Ніхто тут ня робіць выгляду, што гэта сьвята, што яму весела і добра»

У гэтыя дні шмат віншавальных лістоў ды паштовак як зь Беларусі, так і іншых краінаў сьвету прыходзіць у Пружанскі раён, у ПУАТ (папраўчую установу адкрытага тыпу) № 7, што ў вёсцы Куплін. Тут за ўдзел у Плошчы адбывае трохгадовае пакараньне «хіміяй» сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. 30 сьнежня палітыку і публіцысту спаўняецца 36 гадоў.

Для таго, каб павіншаваць імяніньніка, наша праграма накіравалася ў Куплін. У той жа дзень сюды да Паўла прыехала і яго маці Тацьцяна Севярынец.

Агароджаная ад вёскі звычайным плотам са штакету ПУАТ — гэта практычна адзін двухпавярховы будынак, у якім месьціцца інтэрнат для так званых «хімікаў». Да фэрмэрскай гаспадаркі «Бардо», дзе Павал працуе кладаўшчыкам, адсюль усяго хвілінаў сем пешкі. Да царквы ў Пружанах, якую па выходных наведвае палітвязень, дзесьці 4-5 км. Звычайна ў храм ён едзе на ровэры. Аднак чамусьці у ПУАТ гэты транспартны сродак мае звычку зьнікаць. Нядаўна ў Паўла зьнік ужо трэці ровэр.

Павал Севярынец пра Новы год на «хіміі»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00


Свой інтэрнацкі пакой Севярынец дзеліць зь яшчэ адным сядзельцам. У пакой ў госьці да Паўла нас не пусьцілі. Размова адбылася ў адной з альтанак, што перад уваходам у інтэрнат. Пад сталым наглядам міліцыянтаў мы гаварылі пра асаблівасьці сустрэчы Новага году ды Раства сярод «хімікаў».

«Тут гэта звычайныя дні, — кажа Павал. — Калі сьвяты прыпадаюць на выходныя, то пад’ём ужо не а шостай раніцы, але а сёмай. Сьвяткуюць вельмі сьціпла, паводле магчымасьцяў. Можа камусьці ўдасца штосьці сабраць на сьвяточны стол, а камусьці ўключыць гучней музыку. Вось і усё сьвяткаваньне. Хтосьці спрабуе пранесьці алькаголь у камэндатуру. Але гэта звычайная вайна ў так званыя казакі-разбойнікі».

«А што адміністрацыя не спрабуе арганізаваць на сьвята нейкі канцэрт, каб людзі прадэманстравалі свае таленты? Нехта мог бы прасьпяваць, нехта станчыць, нехта вершык расказаць...», — усьміхаецца маці Паўла — Тацьцяна.

Павал Севярынец: «Не. Быт тут сьвядома аднастайны...Большасьць людзей, якія тут сядзяць і сыдуць адсюль, яны забудуць усё гэта як жахлівы сон. І, зразумела, ніхто тут ня робіць выгляду, што яму весела ці хораша... Усе церпяць па-беларуску...»

Карэспандэнт: «Вы нарадзіліся 30 сьнежня, літаральна напярэдадні Новага году. Як вы ставіцеся да ўласнага дня народзінаў? Ці зьмянілася неяк гэтае стаўленьне за час знаходжаньня ў няволі? »

Павал Севярынец: «Асабліва я не адзначыў гэты дзень і на волі. Але вось добра памятаю гэты дзень падчас майго першага знаходжаньня на „хіміі“. Тады да мяне прыехалі бацькі...Гэта быў канец 2006. Цяпер жа... Буду, напрыклад, пісаць лісты...У апошні час штодня прыходзіла па 10-15 лістоў. Шмат засталося без адказу. Закапаўся. Стараюся адказаць кожнаму. Спадзяюся, што ўдасца»

Карэспандэнт: «Спадарыня Тацьцяна, да вас пытаньне: што вы прывезьлі сыну? Можа, нешта сваімі рукамі зрабілі?»

Тацьцяна Севярынец: «Паша мяне выхаваў такім чынам. Тэлефануе і дыктуе сьпіс, што я павінна прывезьці. Канешне, кожны раз імкнуся пірагоў напекчы, бо ён любіць печыва. Як у посныя дні, як цяпер, дык гэта бульбяныя піражкі з грыбамі. Таксама рыба. Зразумела, тут ужо не шкадуеш нічога. У крамах мяту ўсё з паліцаў. У тутэйшай мясцовай краме мяне ўжо добра ведаюць. Вельмі радуюцца, калі прыяжджаю... Гэтак жа і на рынку(сьмяецца)...А калі нехта з знаёмых у мяне пытаецца, што адвесьці Паўлу, заўсёды кажу: што-небудзь дамашняе. Бо якая тут гатоўля на хіміі? Кашку заліў кіпнем, ды гэта і паеў...»

Карэспандэнт: «Вы часта наведваеце сына? »

Тацьцяна Севярынец: «Раз на месяц. Вось гэтым разам мяне прывёз сюды знаёмы кіроўца з майго роднага гораду Лунінцу. А звычайна я еду цягніком. Гэта ноч. За суткі абарочваюся туды і назад. І, дзякуй богу, што тут ёсьць цудоўны чалавек, які мне дапамагае, сустракае мяне на машыне. І куды я загадваю, туды і вязе. У такія хвіліны я адчуваю сябе каралевай...Усё спадзяюся, што аднойчы я прыеду, Пашу вызваляць, і мы разам утрох зможам аб’ехаць гэтыя цудоўныя мясьціны. Пабачыць і Белавескую пушчу, і Ружаны, і іншыя краявіды. За паўтара гады, якія тут Павал, я сустрэлася з цудоўнымі-цудоўнымі людзьмі. Вельмі салідарнымі і неабыякавымі. Гэта самае галоўнае. Гэта грэе сэрца»

Праграма «Свабода ў турмах», віншуе Паўла Севярынца з днём народзінаў. Нашы найлепшыя пажаданьні ў Новым 2013 годзе яму і яго сям’і, а таксама тысячам беларускіх вязьняў, таксама людзям, якія чакаюць іх і тым, хто падтрымлівае зьняволеных маральна, матэрыяльна, проста добрым словам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG