Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ЗША ўпадуць зь «фіскальнай стромы»?


Барак Абама расказвае журналістам пра "фіскальную строму".
Барак Абама расказвае журналістам пра "фіскальную строму".

Канец году зьяўляецца канчатковым тэрмінам для дэмакратаў і рэспубліканцаў у Кангрэсе ЗША, каб дамовіцца наконт таго, як абмежаваць дэфіцыт бюджэту ЗША на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя.

Калі яны не дамовяцца, краіне пагражае «абвал» з гэтак званай «фіскальнай стромы» («fiscal cliff») – гэта значыць, у краіне рэзка перастануць дзейнічаць падатковыя льготы і рэзка скароцяцца дзяржаўныя выдаткі.

Паводле заканадаўства, прынятага ў жніўні летась, калі да канца гэтага году ня будзе прыняты плян скарачэньня дзяржаўных выдаткаў на суму 1,5 трыльёна даляраў цягам наступнага дзесяцігодзьдзя, ад пачатку 2013 году пачне дзейнічаць закон, які аўтаматычна абмяжуе дзяржаўныя выдаткі на 1,2 трыльёна даляраў.

Што больш, у краіне пабольшацца стаўкі падаткаў, паколькі з пачаткам 2013 году скончыцца тэрмін падатковых ільготаў, якія былі ўхваленыя Кангрэсам ў 2001-2002 гг. пры прэзыдэнце Джорджу Бушу-малодшым.

На думку эканамічных экспэртаў, падзеньне ўраду зь «фіскальнай стромы» будзе мець сур’ёзныя наступствы як для амэрыканскай, так і сусьветнай эканомікі.

«Калі рэспубліканцы з дэмакратамі не дамовяцца, эканоміку ЗША чакае жахлівы ўдар, раўназначны падзеньню гадавога ВУП на 5 адсоткаў. Калі Амэрыка сапраўды зваліцца зь фіскальнай стромы, кампаніі зрэагуюць рэзкім абмежаваньнем інвэстыцый. Гэта верне Амэрыку ў пэрыяд рэцэсіі і, магчыма, паглыбіць рэцэсію ва ўсім сьвеце» – лічыць Крыстафэр Локвуд, амэрыканскі выдавец часопіса The Economist.

Аб чым спрачаюцца амэрыканскія заканадаўцы?

Дэмакраты, якія маюць большасьць у Сэнаце, хочуць павысіць падаткі для самых багатых у ЗША, пакінуўшы падатковыя льготы з часоў Джорджа Буша-малодшага для бяднейшых амэрыканцаў.

Рэспубліканцы, якія маюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў, пагаджаюцца, што трэба павысіць бюджэтныя даходы з падаткаў. Аднак яны не пагаджаюцца на павышэньне падаткаў для самых багатых, а прапануюць ліквідаваць «пралазы» ў падатковым заканадаўстве.

Рэспубліканцы таксама прапануюць абмежаваць бюджэтныя выдаткі на ахову здароўя і сацыяльнае забесьпячэньне, з чым ніяк ня хочуць пагадзіцца дэмакраты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG