Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек году» паводле Клімава, Пашкевіча, Ліхавіда, Севярынца, Алешкі


«Каго вы лічыце чалавекам 2012 году ў Беларусі?» http://www.svaboda.org/flashembed.aspx?t=phg&id=24811077&w=640&h=458&skin=embeded

Былы палітвязень, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Андрэй Клімаў называе «чалавекам году» праваабаронцу Алеся Бяляцкага:

«Ён годна пераносіць цяжкасьці, што прыпалі на яго лёс. А дзякуючы таму, што яго кандыдатуру намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру, Беларусь вярнулася ў супольнасьць цывілізаваных краінаў. Нас цяпер бачаць як краіну, дзе людзі змагаюцца за свае правы, дзе людзі не апускаюць рукі, дзе людзі імкнуцца да дэмакратыі. І наагул у нас ёсьць свае сымбалі. Такія, як Алесь Бяляцкі. І гэта здорава».

Для актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», былога палітвязьня Міхася Пашкевіча «чалавек году» — Наста Палажанка:

«Яе гісторыя — самая лепшая, самая рамантычная гісторыя году. Гісторыя вялікага каханьня. Я ведаю, як Наста змагаецца за Дзіму. І таму навіна пра тое, што яны ўзялі шлюб у Гарадзенскай турме, стала для мяне лепшым вынікам году. Яна як жонка дзекабрыста. Як чалавек, які б’ецца-б’ецца-б’ецца і дамагаецца свайго. Таму мае найлепшыя віншаваньні Настачцы, якую я лічу «чалавекам году» ў Беларусі.

Былы палітвязень, прадстаўнік інфармацыйна-асьветнага цэнтру «Плятформа» Мікіта Ліхавід лічыць, што «чалавек году» ў Беларусі сёлета не адна асоба, а некалькі:

«Мне падаецца, што званьня „чалавек году“ варты былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, які цяпер знаходзіцца ў Магілёўскай турме. Але мне падаецца, што „чалавека году“ нельга звужаць толькі да адной асобы. На гэты тытул прэтэндуе таксама той жа Зьміцер Дашкевіч, які знаходзіцца ў Гарадзенскай турме. І Яўген Васьковіч, якога трымаюць у Магілёўскай турме. Мне падаецца, усе яны вартыя гэтага. За 2012 год яны не далі нам ніякай падставы засумнявацца ў іх. І гэта — лепшае пацьверджаньне маіх слоў».

Палітвязень, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец кажа. што найлепшы кандыдата на гэты ганаровы тытул — Зьміцер Дашкевіч:

«Кіраўнік „Маладога фронту“, які ўвесь гэты год правёў у турмах, нягледзячы на тыя цяжкасьці, зь якімі ён сустракаўся кожны дзень, выстаяў. Мы вялі зь ім перапіску. І ён заўжды быў у надзвычай бадзёрым стане духу. Ён даваў прыклад мужнасьці ўсім беларусам, якія знаходзяцца на свабодзе. Ён змагаўся. За той час, які Зьміцер знаходзіцца ў турме, „Малады фронт“ дзейнічаў. І гэта таксама сьведчыць пра яго здольнасьці і талент.

Пару дзён таму прыйшла вестачка, што Зьміцер ажаніўся з Настачкай Палажанкай. Увесь год яны гэтага чакалі. І нарэшце, дзякуй Богу, гэта падзея адбылася. Так што „чалавек году“ — Дашкевіч».

Рэфэрэнт мітрапаліта Менскага і Слуцкага, загадчык юрыдычнай службы Беларускай праваслаўнай царквы Андрэй Алешка сказаў «Свабодзе» наступнае:

«Мабыць такія пытаньні лепей вызначаць праз плебісцыт. Няхай людзі выказваюцца. І тады можна будзе паглядзець колькасьць людзей, якая выказалася за тую ці іншую пэрсону».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG