Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек году» паводле Вуса, Дразда, Казакова


Каго вы лічыце чалавекам 2012 года ў Беларусі? http://www.svaboda.org/flashembed.aspx?t=phg&id=24810988&w=640&h=458&skin=embeded

Дзьмітрый Вус — экс-кандытат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, паплечнік іншага прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду Міколы Статкевіча, былы палітвязень:

«Пэрсона году? Калі ў палітычным кантэксьце, то, безумоўна, гэта Мікола Статкевіч. Думаю, гэта і ёсьць самая неардынарная пэрсона 2012 году. Да таго ж, гэта адзіны палітзьняволены, кандыдат у прэзыдэнты, які застаўся ў турме. Таму трэба як мага больш рабіць акцэнт на гэтым факце, бо гэта самая яскравая праява таго, што дэмакратыі ў нас як не было, так і няма. Нават наадварот — аўтарытарны рэжым квітнее і толькі ўмацоўваецца. І пакуль ня вызваляць Міколу Статкевіча, то прэзыдэнцкія выбары 2010 году для Беларусі яшчэ ня скончыліся».

Былы палітвязень, гісторык, архівіст Зьміцер Дрозд:

«Для мяне адназначна гэта Статкевіч і Дашкевіч. Гэтыя два чалавекі, я лічу, самыя годныя, каб быць пэрсонамі году. Для мяне асабіста няма нават нейкіх іншых варыянтаў. Гэта людзі, якія мужна трымаюцца і насуперак усяму ціску, усім катаваньням, якія там над імі адбываюцца, дэманструюць узор нескаронасьці. Яны проста малайцы і мой выбар адназначны. І я ім жадаю, каб хутчэй гэта ўсё скончылася. У навінах увесь час перадаюць, што ў Грузіі вызвалілі палітзьняволеных, што ў Азэрбайджане вызвалілі апанэнтаў рэжыму. Цяпер чакаем, што вось-вось палітвязьні павінны выйсьці і ў нас.

Я спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа і да праваслаўных Калядаў іх усё ж вызваляць. Калі памятаеце, Саньнікаў і Бандарэнка выйшлі на Вялікдзень. У прынцыпе, мяркую, на Каляды можна чакаць такі ж сюрпрыз. Таму будзем чакаць. Канечне, таму-сяму хочацца, каб яны напісалі „пакаянныя“, але практыка паказвае, што гэта зусім не абавязковая ўмова для вызваленьня. Да таго ж, я перакананы, што насьпела неабходнасьць, каб зачыніць гэтую ганебную старонку. Бо пакуль яны там, выбары 2010 году ня скончаныя. Пакуль гэтыя людзі сядзяць (а сядзяць яны фактычна за выбары), мы ня можам пераступіць мінулае і заняцца будучым. Таму што ў нас яшчэ засталіся пазыкі ў мінулым».

Іншы асуджаны за падзеі Плошчы-2010, актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Сяргей Казакоў:

«Адназначна, гэта Алесь Бяляцкі. У мяне нават іншых варыянтаў няма. Гэты чалавек, нават седзячы ў турме, робіць велізарную, калясальную працу. Таму што ўся ўсясьветная грамадзкасьць, усе праваабаронцы (дый ня толькі яны) зацікаўленыя ў ягоным вызваленьні і, па вялікім рахунку, працуюць на гэта. І цалкам натуральна, што гэта прыцягвае ўвагу да Беларусі, да беларускай праблемы. Але я моцна сумняюся, што ўлады выявяць міласэрнасьць і выпусьцяць, як некаторыя думаюць, палітвязьняў на сьвяты. Адзіны прыклад, калі кагосьці вызвалілі на праваслаўныя сьвяты, быў Вялікдзень. Можна, канечне, правесьці нейкія паралелі, але ж вы ведаеце, што наш кіраўнік — такі чалавек, дзеяньні якога нельга прадугадаць і якія часта ніякай лёгіцы не паддаюцца. Таму я не стаў бы на штосьці спадзявацца.

Прыкладам, калі я сядзеў, мы са Зьмітром Драздом моцна разьлічвалі, што нас адпусьцяць на дзень Незалежнасьці. Прычым, чакалі ня толькі мы, а чакалі, па-мойму, усе. Але, зразумелая справа, нас адпусьцілі толькі ў наступным месяцы, таму ў дадзеным выпадку я таксама не стаў бы загадваць. Я думаю, дзеля таго, каб іх адпусьцілі, трэба нешта рабіць, а не чакаць Калядаў. Міласэрнасьці, канечне, чакаць можна, але не ад гэтага чалавека».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG