Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ітан Голдрыч: ЗША не вядуць гандаль вакол палітвязьняў


Ітан Голдрыч
Ітан Голдрыч

Новы часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч у інтэрвію БелаПАН расказаў, што менавіта азмрочвае двухбаковыя адносіны, ці можа Вашынгтон паўплываць на рашэньне МВФ аб выдзяленьні крэдыту Беларусі, а таксама ці будуць Злучаныя Штаты дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці.

— Перш за ўсё, дазвольце выказаць нашы спачуваньні ў сувязі з трагедыяй у школе Ньютаўн у Канэктыкуце. Пасьля гэтага трагічнага здарэньня ў ЗША зноў аднавіліся спрэчкі аб сыстэме продажу зброі насельніцтву, многія кажуць аб неабходнасьці перагледзець гэтую сыстэму. А якое ваша асабістае стаўленьне да гэтай праблемы?

— Гэта складанае пытаньне, па якім наша грамадзтва павінна вызначыцца. Прэзыдэнт Абама ясна выказаў сваю пазыцыю, сказаўшы, што зробіць усё магчымае для таго, каб прадухіліць такія трагедыі ў будучыні. І мы чакаем, што наш прэзыдэнт узначаліць намаганьні па рашэньні гэтай праблемы.

— 6 лістапада, у дзень выбараў прэзыдэнта ЗША, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуска-амэрыканскія адносіны, наўрад ці, зьменяцца, незалежна ад таго, хто з кандыдатаў пераможа. Аднак некаторыя беларускія палітолягі лічаць, што для афіцыйнага Менску была б больш выгодна перамога Мітта Ромні, таму што ён абяцаў праводзіць больш крытычную палітыку ў дачыненьні да Расеі, а супрацьстаяньне Крамля і Белага дому, у тым ліку ў пытаньні разьмяшчэньня сыстэмы амэрыканскай ПРА ў Эўропе, выгадна беларускім уладам. Наколькі вялікі ўплыў расейска-амэрыканскіх адносін на адносіны ЗША і Беларусі?

— Мы выбудоўваем нашы адносіны з любой краінай сьвету зыходзячы з пытаньняў, характэрных для дадзенай канкрэтнай краіны. Палітыку ў дачыненьні да Беларусі шырока падтрымліваюць абедзьве асноўныя партыі ў Кангрэсе — Рэспубліканская і Дэмакратычная, якія ўважліва сочаць за разьвіцьцём падзей у Беларусі.

Нашы адносіны зь Беларусьсю азмрочаныя спэцыфічным аспэктам — наяўнасьцю палітвязьняў, якія працягваюць заставацца ў турме. У сувязі з гэтым, вызваленьне і аднаўленьне ў правах усіх палітвязьняў стала асноўнай неабходнай умовай для таго, каб вярнуцца на шлях, пазначаны дзяржсакратаром Хілары Клінтан і былым міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым у сумеснай заяве ў сьнежні 2010 года. Тады яны сказалі, што ўзмацненьне павагі дэмакратыі і правоў чалавека застаецца цэнтральным пытаньнем для паляпшэньня двухбаковых адносінаў, і гэта важна як для Беларусі, так і для яе грамадзян.

— Расея неаднаразова заяўляла, што прыме адэкватныя меры ў адказ на разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай ПРА ў Эўропе. Беларусь пазыцыю Расіі падтрымлівае. Ці не асьцерагаюцца ЗША ў сувязі з гэтым эскаляцыі напружанасьці ў рэгіёне?

— Мы застаёмся прыхільнікамі пошукаў шляхоў супрацоўніцтва ў сфэры СРА з Расеяй, імкнучыся знайсьці прымальны для абодвух бакоў падыход. На нашу думку, супрацоўніцтва з Расеяй спрыяла б умацаваньню бясьпекі, што будзе выгадна і ЗША, і Расеі, і нашым эўрапейскім саюзьнікам.

Сыстэма, пра якую ідзе гаворка, задумана для таго, каб супрацьстаяць ракетнай пагрозе з-за межаў Эўропы, і мы выразна заявілі, што ў нас няма ні жаданьня, ні намераў падарваць стратэгічны стрымлівае патэнцыял Расеі. Афіцыйныя асобы ЗША і Расеі працягваюць абмяркоўваць магчымыя элемэнты палітычнага рашэньня, якія адкрылі б шлях да практычнага супрацоўніцтва з Расеяй па пытаньні ПРА. Але, як падкрэсьліў прэзыдэнт, ЗША і НАТА не пойдуць на стрымліваньне або абмежаваньне сваёй супрацьракетнай абароны.

— Кіраўніцтва Беларусі просіць у Міжнароднага валютнага фонду чарговы стабілізацыйны крэдыт. Ці могуць ЗША як адзін з ключавых донараў фонду ўплываць на рашэньні Савета дырэктараў МВФ аб выдзяленьні крэдыту той ці іншай краіне?

— ЗША зьяўляюцца адным з асноўных акцыянэраў МВФ і валодаюць вялікай колькасьцю галасоў. Амэрыканскі выканаўчы дырэктар прадстаўляе ЗША ў Савеце дырэктараў і, вядома ж, галасуе. Ён кіруецца ўказаньнямі Дзярждэпартамэнта і Міністэрства фінансаў ЗША.

У выпадку зь Беларусьсю існуе прыняты Кангрэсам закон — Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Дакумэнт накіраваны на прасоўваньне дэмакратыі і павагі да правоў чалавека ў Беларусі. Гэты акт таксама зьмяшчае патрабаваньне да Мінфіну ЗША выступаць супраць любой фінансавай дапамогі ў рамках любых міжнародных фінансавых інстытутаў ўраду Беларусі, за выключэньнем прамой гуманітарнай дапамогі беларускаму народу.

— Беларускія палітвязьні працягваюць заставацца ў турмах, нягледзячы на заклікі Захаду вызваліць іх. На думку аналітыкаў, у сваіх адносінах з Вашынгтонам і Бруселем Менск выкарыстоўвае палітвязьняў як разьменную манэту. Напрыклад, вы адмяняеце санкцыі ў дачыненьні да «Белнафтахіма» — мы вызваляем экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і г.д. Ці гатовы Вашынгтон ісьці на такія пакрокавыя саступкі дзеля вызваленьня канкрэтных палітвязьняў?

— Прайшло ўжо два гады пасьля падзей 19 сьнежня 2010 года, наступствамі якога сталі рэпрэсіі. Увесь гэты час мы пасьлядоўна і выразна казалі пра тое, што не вядзем гандлю з нагоды вызваленьня людзей, якія былі несправядліва заключаны ў турму. Наша палітыка ў дачыненьні да гэтага пытаньня выразная: вызваленьне і аднаўленьне ў правах усіх палітычных зьняволеных. Менавіта гэта дазволіла б нам вярнуцца на шлях паляпшэньня двухбаковых адносін. Як вы ведаеце, па гэтым пытаньні ў ЗША і Эўразьвязу адзіная пазыцыя і скаардынаваная палітыка.

— На сустрэчы ў Астане 1 сьнежня 2010 года, якую вы згадвалі, акрамя ўсяго іншага, ЗША і Беларусь дамовіліся рэалізаваць праект у сфэры ядзернай бясьпекі. Меркавалася, што да 2012 году Беларусь ліквідуе запасы высокаўзбагачанага ўрану, а ЗША дадуць ёй на гэтыя мэты тэхнічную і фінансавую дапамогу. Сытуацыя зьмянілася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 19 сьнежня 2010 года: Вашынгтон аднавіў рэжым санкцый у дачыненьні да Беларусі, а Менск у адказ адмовіўся ад выкананьня сваіх абавязацельстваў па вывазе ўзбагачанага ўрану. Калі б сёньня Беларусь заявіла пра гатоўнасьць вярнуцца да праекту, сталі б ЗША супрацоўнічаць, і калі так, то на якіх умовах?

— Ядзерны тэрарызм уяўляе сабой вялікую пагрозу для міжнароднай бясьпекі. Прэзыдэнт Абама і яшчэ 50 сусьветных лідэраў прынялі на сябе абавязацельства рабіць усё магчымае, каб прадухіляць ядзерны тэрарызм і забясьпечваць бясьпеку ядзерных матэрыялаў.

У 2010 годзе дзяржсакратар Клінтан і тагачасны міністар замежных спраў Мартынаў пацьвердзілі агульную прыхільнасьць да ядзернай бясьпекі і яе нераспаўсюджваньні. Мы віталі ў 2010 годзе заяву Беларусі пра яе гатоўнасьці пазбавіцца ад запасаў высокаўзбагачанага ўрану і былі расчараваныя, калі ў 2011 годзе Беларусь заявіла, што зьбіраецца прыпыніць супрацоўніцтва з ЗША ў гэтай сфэры.

Наша прапанова па ліквідацыі запасаў высокаўзбагачанага ўрану застаецца ў сіле. Мы па-ранейшаму гатовыя аказаць неабходную дапамогу і шчыра спадзяемся, што Беларусь выканае ўзятыя на сябе абавязацельствы па ліквідацыі запасаў высокаўзбагачанага ўрану.

— Ці можа беларуская дэмакратычная грамадзкасьць разьлічваць на павелічэньне падтрымкі з боку ЗША, і ў якой форме можа прадастаўляцца такая дапамога?

— ЗША цалкам падтрымліваюць імкненьне беларускага народа мець такі ўрад, які б паважаў дэмакратычныя правы і асноўныя свабоды. У бліжэйшай пэрспэктыве мы плянуем даць значную падтрымку праграмам, накіраваным на стварэньне пляцоўкі для вольнага выказваньня палітычных поглядаў, прасоўваньня правоў чалавека, падтрымку грамадзянскай супольнасьці і свабоды СМІ. Мы таксама імкнёмся аказваць падтрымку ўзмацненьня ролі прадпрымальніцтва, росту прыватнага сэктара, а таксама неабароненым групам насельніцтва, такім як, напрыклад, ахвяры гандлю людзьмі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG