Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць «Свабоды» — загадчык аддзелу арганізацыі супрацьракавай барацьбы і міжнародных сувязяў Рэспубліканскага цэнтра анкалёгіі, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў.

Ганна Соўсь: Паводле апошніх дадзеных, за дзесяць гадоў захворваньне на рак на 100 тысяч насельніцтва павялічылася ў Беларусі на 34%. Звычайна гэта тлумачыцца тым, што гэтая лічба расьце за кошт таго, што сталі больш выяўляць хваробу на раньняй стадыі. Ці толькі гэты чыньнік? Ці ўсё ж рост колькасьць ракавых захворваньняў адбываецца і зь іншых прычынаў — экалёгія, лад жыцьця, харчаваньне?

Павал Маісееў: Тое, што мы сёньня навучыліся лепш выяўляць рак і больш ведаем пра прычыны яго ўзьнікненьня, гэта безумоўна. Але, канечне, гэта не адзіны фактар. У Беларусі, як і ў астатніх краінах Эўропы, сьвету захворваньне на рак расьце, і гэта відавочны факт. Гэта цэлы комплекс — экалёгія, харчаваньня, лад жыцьця, і мы нічога тут ня можам зрабіць. Шчыра скажу, гэта такая дадзенасьць. Трэба ведаць, што нас чакае наперадзе толькі яшчэ большая колькасьць захворваньняў.

Ганна Соўсь: Лічыцца, што ёсьць розныя тыпы цячэньня хваробы. Некаторыя ракі могуць забіць чалавека за тры месяцы, зь некаторымі можна жыць і змагацца да старасьці і памерці ад іншых хваробаў. Як бы вы падзялілі анкалягічныя хваробы паводле такога крытэру?

Лімфому ці лейкозы мы вельмі добра лечым і маем нядрэнныя вынікі на сусьветным узроўні. Што датычыць ракаў страваводу, лёгкага, у сілу комплексу прычынаў яны позна выяўляюцца і маюць дрэнны прагноз, як бы іх не лячылі.

Павал Маісееў: Ёсьць ракі больш злаякасныя, і менш злаякасныя, але гэта ўмоўная мяжа, паколькі ўсё ж злаякасная пухліна — гэта злаякасная пухліна. Але па характару цячэньня захворваньня можна ўмоўна падзяліць на два клясы — адны працякаюць вельмі павольна, і хворы можа з хваробай жыць не адзін, а два-тры гады, а калі яшчэ праводзіць сучаснае лячэньне, то чалавек можа ня толькі жыць з гэтай хваробай, але і перамагаць яе і далей жыць, як здаровы чалавек. Але ёсьць ракі, якія адносяцца да найбольш неспрыяльных па сваім прагнозу. Гэта рак страўніка, страваводу і лёгкіх. Гэтыя лякалізацыі відавочна маюць найгоршы прагноз, да таго ж і самі ракі яшчэ па марфалёгіі, па біялягічным адзнакам таксама адрозьніваюцца, і тут комплекс рысаў для кожнай пухліны, але, безумоўна, ёсьць тыя, што паддаюцца лячэньню, і тыя, якія мы пакуль лечым ня так добра як хацелася б. Трэба адзначыць, што калі рак выяўлены на раньняй стадыі, то які б ён ня быў, дзе б не лякалізаваўся, ўсё можна лячыць і прагноз будзе больш-менш добры. Але калі хвароба зайшла ў 3-4 стадыю, то і прагноз будзе неспрыяльны, які б рак ня быў.

Ганна Соўсь: Вы назвалі так бы мовіць дрэнныя ракі, а якія «добрыя»? Якія лягчэй лечацца?

Павал Маісееў: Так і казаць ня трэба — добрыя, нядобрыя. Рак не бывае добрым. Любая пухліна — ўжо нядобра. Але на сучасным пэрыядзе, напрыклад, лімфомы ці лейкозы мы вельмі добра лечым і маем нядрэнныя вынікі на сусьветным узроўні. Што датычыць ракаў страваводу, лёгкага, у сілу комплексу прычынаў яны позна выяўляюцца і маюць дрэнны прагноз, як бы іх не лячылі.

Ганна Соўсь: Паводле апошняга зьезду анколягаў, праз 20 гадоў колькасьць хворых на рак у Беларусі дасягне 78 000 у год. Ці гатовая беларуская сыстэма аховы здароўя да такой колькасьці хворых? Вядома, што і цяпер, напрыклад, у ваш Рэспубліканскі цэнтар анкалёгіі, дзе найлепшыя спэцыялісты, даволі цяжка трапіць з-за вялікай загрузкі. Ці гатовыя беларускія анколягі прыняць і лячыць столькі хворых? І ці дастаткова анколягаў?

Не сакрэт, шмат лекараў звальняюцца, сыходзяць з мэдыцыны, а каб марфоляг меў вельмі высокую кваліфікацыю, асабліва ў анкалёгіі, не адзін год трэба такога спэцыяліста вырошчваць

Павал Маісееў: Безумоўна, вы маеце рацыю. Тут няма навіны, што колькасьць захворваньняў будзе толькі павялічвацца. Гэта аб’ектыўна. Зараз мы 42-43 тысячы хворых кожны год атрымліваем. Мы разьлічваем. што да 2030 году будзе 75-78 тысяч. Такая лічба ня можа не выклікаць трывогі. Трэба адзначаць, што, на шчасьце, наш урад і міністэрства аховы здароўя нас падтрымліваюць і разумеюць тую вастрыню праблемы, якая стаіць перад намі. І зараз мы маем добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. За апошнія 5 гадоў мы закупілі шмат абсталяваньня для прамянёвай тэрапіі і хірургічных апэрацыйных блёкаў. Мы маем падставы казаць, што будзем мець сучасную малекулярна-генэтычную лябараторыю, зараз поўных ходам ідзе яе будаўніцтва. Заплянавана будаўніцтва першага ў нашай краіне пазытронна-эмісіённага цэнтру для найлепшай дыягностыкі аддаленых мэтастазаў. І ня толькі наш цэнтар так пераабсталёўваецца, але і абласныя анкалягічныя дыспансэры таксама закупаюць сучаснае абсталяваньне. Мы рыхтуемся да гэтай праблемы. Сёньня мы амаль ня маем дэфіцыту ў леках.

Ганна Соўсь: Тыя, хто сутыкаліся з анкалягічнымі хваробамі, часта наракаюць на праблемы з дыягностыкай. Напрыклад, чалавеку ў Менскім анкалягічным цэнтры ставяць дыягназ рак прастаты і прызначаюць нават дату апэрацыі. Потым у Бараўлянах занава робяць аналізы і дыягнастуецца адсутнасьць анкалягічнай хваробы. Чым можна гэта патлумачыць?

Павал Маісееў: Як кажуць, кадры вырашаюць усё. Тут ёсьць, канечне, праблема ў кваліфікацыі тых жа марфолягаў, анколягаў. Гэта такая ж аб’ектыўная рэальнасьць, што мы маем дэфіцыт кадраў увогуле ў мэдыцыне і ў гэтай галіне. Не сакрэт, шмат лекараў звальняюцца, сыходзяць з мэдыцыны, а каб марфоляг меў вельмі высокую кваліфікацыю, асабліва ў анкалёгіі, не адзін год трэба такога спэцыяліста вырошчваць. Ён павінен увесь час нешта глядзець, вучыцца, і толькі праз пяць-дзесяць гадоў можа стаць такім спэцыялістам. На жаль, такіх спэцыялістаў калі не адзінкі, то іх няшмат. У асноўным, гэта наш цэнтар, буйныя абласныя цэнтры, але калі ў масе казаць, то такіх спэцыялістаў няшмат. Канечне, могуць быць і памылкі, і недарэчнасьці, таму мы зараз таксама выступаем за тое. каб адкрыць так званыя цэнтры экспэртызы, калі будуць 2-3 экспэрты, да якіх можна будзе даслаць ці мікрапрэпараты, ці здымкі рэнтгенаўскія, ці іншыя матэрыялы дасьледаваньня, і гэтыя экспэрты будуць ужо праглядаць і даваць адзнаку. Гэта адзіны шлях у такой сытуацыі, які можа нам дазволіць пазьбегнуць памылак, пра якія вы кажаце.

Ганна Соўсь: Вы загадваеце аддзелам міжнародных сувязяў у Рэспубліканскім цэнтры анкалёгіі, часта бываеце ў іншых краінах і можаце параўноўваць сыстэмы. Чым адрозьніваецца беларуская сыстэма ад, напрыклад, літоўскай, нямецкай, ізраільскай? Абсталяваньне, дыягностыка, мэтады лячэньня, мэдыкамэнты...

Павал Маісееў: Тут той выпадак, калі можна сказаць, што ня ўсё тое, што было зроблена за савецкім часам, было дрэнным. Тая сыстэма, якая была пабудаваная ў савецкай анкалёгіі, захавалася ў Беларусі амаль што цалкам. І гэта вельмі добрае становішча, таму што ў той жа Літве і Латвіі гэтая сыстэма зруйнаваная, і менавіта анкалягічныя шпіталі перапрафіліруюцца і робяцца звычайнымі шырокапрофільнымі шпіталямі, а гэта не ідзе на карысьць ані хворым, ані спэцыялістам. Скарб, які мы атрымалі ад савецкай анкалёгіі, працуе, і працуе нядрэнна. Нават у Расеі гэтая сыстэма не захавалася, і там шмат праблем. Што датычыцца абсталяваньня, на сёньня мы маем абсталяваньне сучаснага ўзроўню, як для прамянёвай, хірургічнай і хіміятэрапіі і з гэтым пытаньняў не ўзьнікае.

Соўсь Ганна: У незалежных СМІ часта зьяўляецца інфармацыя пра тое, што высокія чыноўнікі, якія захварэлі на рак, едуць лячыцца за мяжу. Былая міністарка аховы здароўя Пастаялка, былы старшыня Менгарвыканкаму Паўлаў, былы міністар унутраных справаў Куляшоў, былы амбасадар Беларусі ў Літве Уладзімер Гаркун, былы старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч, Чаго не лечацца ў Беларусі?

У нас усе ведаюць, калі хто захварэў на рак і памёр, а вось пра тое, што хтосьці захварэў і меў выдатны вынік пасьля лячэньня, гэта замоўчваецца, а вынікам існуе той міт, што рак гэта прысуд.

Павал Маісееў: Адзначым, што час ідзе, і тыя афіцыйныя асобы, якіх вы назвалі, некаторыя зь іх лячыліся шмат гадоў таму, і 10 год таму, а за гэты час шмат зьмянілася ў навуцы, у нашым абсталяваньні, На сёньня ў нас, на жаль, як і ў іншых постсавецкіх краінах, існуе такое становішча, калі чыноўнікі павінны захоўваць у таямніцы свае дыягназы, не лічыцца, што пра гэта можна афіцыйна гаварыць у СМІ. Кожны з нас па нашай Канстытуцыі мае права лячыцца, дзе хоча. Канечне, у адных гэтых магчымасьцяў больш, у кагосьці менш. Але павінен сказаць, што некаторыя з тых асобаў, якіх вы пералічылі, лячыліся і ў нашым цэнтры. Можа, ня ўсё лячэньне, хтосьці часткова, хтосьці па іншай справе. І сёньня мы амаль нікога не накіроўваем за мяжу. Ёсьць і такі момант. Умовы, пры якіх мы праводзім нашае лячэньне, яшчэ не адпавядаюць сярэднеэўрапейскаму ўзроўню, што датычыць палатаў, харчаваньня, інтэрнэту, сувязі ў палаце. Камфорт, за які можа і трэба плаціць, ў нашай краіне яшчэ не на такім узроўні, як хацелася б нам усім. Яшчэ раз падкрэсьлю, што прычына, чаму нашы кіраўнікі едуць за мяжу лячыцца, зьвязана і з прынцыпам закрытасьці гэтай інфармацыі пра іх хваробу.

Ганна Соўсь: Мы з вамі гутарылі ў «Начной Свабодзе» пяць гадоў таму, я тады вынесла ў загаловак вашую цытату «Рак — не сьмяротная хвароба». Дагэтуль у Беларусі вельмі распаўсюджаны стэрэатып, што рак — сьмяротная хвароба. І пастаўлены дыягназ для людзей і іх родных выглядае як сьмяротны прысуд, хаця паводле статыстыкі сьмяротнасьць ад інсульту большая, чым ад раку. Як вы, як лекар, як вашыя калегі пераконваеце пацыентаў, што рак — гэта не сьмяротная хвароба?

Павал Маісееў: Гэта вельмі важнае пытаньне, яно ёсьць квінтэсэнцыяй нашай сучаснай працы. На нашым зьезьдзе, які адбыўся летась, нават сфармуляваны новы кірунак працы — раньня дыягностыка, прафіляктыка і гэтак далей. Канечне, гэта вялікі кавалак працы, каб людзі разумелі, што рак — гэта толькі дыягназ, як і іншыя хваробы. Зь ім можна змагацца і лячыцца і трэба гэта рабіць. І калі і лекар, і пацыент маюць такія агульныя намеры і аб’ядноўваюць намаганьні, тады і вынік будзе добры. Апошнія 3-4 гады гэтая праца мае плён і ўсё больш людзей пачынаюць разумець, што гэтая хвароба ня ёсьць прысудам, а проста захворваньнем, зь якім трэба змагацца. У працяг вашага мінулага пытаньня... У нас усе ведаюць, калі хто захварэў на рак і памёр, а вось пра тое, што хтосьці захварэў і меў выдатны вынік пасьля лячэньня, гэта замоўчваецца, а вынікам існуе той міт, што рак гэта прысуд.


Гутарка з Паўлам Маісеевым (цалкам па-беларуску)
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG