Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніка пакаралі мякчэй, чым Бяляцкага


Мяккі судовы вырак адносна аднаго з прадпрымальнікаў у Гомелі па тым жа артыкуле, паводле якога засудзілі Алеся Бяляцкага, дэманструе выбарачнасьць і перадузятасьць беларускага правасудзьдзя.

Як паведамляе БелаПАН, індывідуальны прадпрымальнік 32-гадовы жыхар Гомеля асуджаны судом да двух гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасьці і з пазбаўленьнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю тэрмінам на два гады. Фактычна, прадпрымальнік пакараны так званай «хатняй хіміяй», пакараньне будзе адбываць дома.

Паводле пракуратуры Чыгуначнага раёну Гомелю, гэты прадпрымальнік з чэрвеня па кастрычнік 2011 года не заплаціў падаткі ў асабліва буйным памеры (артыкул 243 Крымінальнага кодэксу) — на суму больш чым 200 мільёнаў рублёў. Па прысудзе з прадпрымальніка спагнаны гэтыя сродкі.

Па гэтым жа артыкуле ў лістападзе 2011 года быў пакараны праваабаронца Алесь Бяляцкі, якога засудзілі за нясплату падаткаў з сум, якія ён атрымліваў для дапамогі ахвярам рэпрэсіяў і праваабарончай дзейнасьці. Першамайскі раённы суд Менску пакараў Алеся 4,5 гадамі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
XS
SM
MD
LG