Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Багданаў — яшчэ адзін падазраваны ў «шпіёнскай» справе


Наваполацкі актывіст Ільля Багданаў, знаёмы арыштаванага Андрэя Гайдукова, раней быў сьведкам па справе аб «здрадзе дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці». 27 сьнежня падчас допыту ў віцебскай абласной управе КДБ хлопцу было абвешчана, што яго пераводзяць у статус падазраванага.

«Допыт быў вельмі доўгі — з 10 да 15 гадзін. Мяне дапытваў сьледчы Алег Барысевіч, які займаецца справай Андрэя Гайдукова. Ён заявіў, што мае паказаньні і паказаньні Гайдукова разыходзяцца, і таму будзе праводзіцца дадатковае расьсьледаваньне. І мяне са сьведкаў пераводзяць у падазраваныя», — апавёў Ільля Багданаў.

Актывіст лічыць, што многія пытаньні сьледчага ўвогуле ня тычыліся Гайдукова, і што яны задаваліся, каб сабраць нейкую дадатковую інфармацыю. На частку пытаньняў Багданаў палічыў за лепшае не адказваць увогуле.

Хлопец дадаў, што яму паведамілі пра перавод Андрэя Гайдукова ў Менск. Але сам ён мусіць зьяўляцца на допыты ў Віцебск. Чарговы раз яго выклікаюць на допыт 9 студзеня.

Ільля Багданаў — сябра аргкамітэту па стварэньні партыі БХД. Андрэя Гайдукова ён ведае яе намесьніка кіраўніка незарэгістраванай суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў». Андрэя Гайдукова вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці», супраць яго заведзена крымінальная справа, і цяпер у ёй зьявіўся яшчэ адзін падазраваны.

Гайдукова затрымалі ў Віцебску 8 лістапада нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай: спачатку ў менскім СІЗА КДБ, потым у віцебскім СІЗА, і з 22 сьнежня яго зноў перавезьлі ў Менск.

Паводле Ільлі Багданава, у дачыненьні да яго сьледчы Алег Барысевіч вырашыў не прымяняць меру стрыманьня — хлопца пакуль пакінулі на волі.
XS
SM
MD
LG