Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

31 сьнежня а 12:00 Свабода абвесьціць Чалавека году


VIP-пэрсоны і наведнікі сайту Свабоды назвалі кожны свайго Чалавека 2012 году. Мы падсумавалі вынікі апытаньняў. ДАДАЎСЯ голас Стэфана Эрыксана

Амбасадара Швэцыі Стэфана Эрыксана, высланага сёлета зь Беларусі, слухачы Свабоды і наведнікі вэбсайту называюць сярод асобаў 2012 году. А каго вызначае сам спадар Эрыксан?

Эрыксан: «Думаю, канечне, пра людзей за кратамi, якiя разам са сваiмi роднымi праxoдзiлi цяжкiя выпрабаваньнi. Але для станоўчага настрою назаву ўсё ж некалькiх асобаў, якiя шмат робяць для беларускай культуры, i ў нейкiм сэнсе для мяне зьяўляюцца сымбалямi Беларусi. Гэта Уладзiмер Арлоў, а таксама Вiктар Шалкевiч, Лявон Вольскi i Змiцер Вайцюшкевiч. Ёсьць і таленавітыя жанчыны — Валерыя Кустава, Аксана Спрынчан i Руся, якiя здольныя павярнуць любога хлопца да беларушчыны! Але ня толькi ў галiне культуры ёсьць адметныя беларускiя жанчыны. Маю на ўвазе прадстаўнiц грамадзянскай супольнасьцi i мэдыяў, напрыклад Жану Лiтвiну, Сьвятлану Калiнкiну, Тацяну Равяку i Вольгу Карач, якiя сваёй мужнасьцю i прынцыповасьцю ня могуць нас ня ўразіць. Напрыканцы назаву яшчэ трох асобаў, у адносiнах да якiх не было абыякавасьцi ў 2012 годзе. Гэта — Уладзiмер Мацкевiч, Юры Зісер i Вiктар Марціновiч. Iх пазыцыi могуць быць спрэчнымi, але яны заўжды цiкавыя!».

Дзьмітры Вус, экс-кандытат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, паплечнік Міколы Статкевіча, былы палітвязень:

«Калі ў палітычным кантэксьце, то, безумоўна, гэта Мікола Статкевіч. Гэта адзіны кандыдат у прэзыдэнты, які застаўся ў турме. І пакуль ня вызваляць Статкевіча, то прэзыдэнцкія выбары 2010 году для Беларусі яшчэ ня скончыліся».

Былы палітвязень, гісторык, архівіст Зьміцер Дрозд:

«Для мяне адназначна гэта Статкевіч і Дашкевіч. Для мяне асабіста няма нават нейкіх іншых варыянтаў».

Іншы асуджаны за падзеі Плошчы-2010, актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Сяргей Казакоў:

«Адназначна, гэта Алесь Бяляцкі. Гэты чалавек, нават седзячы ў турме, робіць велізарную, калясальную працу. Таму што ўся ўсясьветная грамадзкасьць, усе праваабаронцы (дый ня толькі яны) зацікаўленыя ў ягоным вызваленьні і працуюць на гэта».

Палітык Вячаслаў Сіўчык чалавекам году называе палітычных зьняволеных:

«Гэты сьпіс пачынаецца з маіх калегаў, найперш, зь Міколы Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча, усіх, хто да гэтага часу застаецца ў няволі. Будучы патрыётамі Беларусі, не парушаючы ніякіх законаў, яны сёньня знаходзяцца ў турме».

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, у мінулым дыктарка Беларускага тэлебачаньня згодная зь Вячаславам Сіўчыкам:

«Асабіста я выбірала б сярод палітвязьняў. І ведаеце што, гэта, на маё перакананьне, Зьміцер Дашкевіч. Найперш таму, што чалавек самаахвярны, змагаецца, у літаральным сэнсе, не шкадуючы сябе. Канечне, усе палітвязьні вартыя таго, каб іх назвалі людзьмі году – і Мікола Статкевіч, і Алесь Бяляцкі, і ўсе іншыя. Але проста яны больш моцныя як мужчыны. А вось Зьміцер яшчэ зусім юны».

На думку былога дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, першага Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара незалежнай Беларусі, мовазнаўцы Пётры Садоўскага, сапраўдных герояў трэба шукаць сярод звычайных людзей, якія робяць для краіны справу, ня менш каштоўную, чым палітыкі:

«Назаву сходу – гэта будзе прыгожая жанчына. Я ўчора быў на прэзэнтаацыі дыску Тані Матафонавай зь яе сынам Адасікам. Яна за год сатварыла, я ня ведаю, можа, пяць дыскаў. Проста для беларускіх дзяцей, для школьнікаў робіць песьні, піша сама, штурхае людзей, каб таксама пісалі тэксты. Учора я перажыў проста неверагоднае ўзрушэньне і шчасьлівым лёг спаць».

Уладальнік унітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы», заснавальнік найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-парталу Tut.by Юрый Зісер кажа, што ягоныя прыярытэты – у сфэры высокіх тэхналёгій:

«Для мяне чалавек году – Аркадзь Добкін і ІРО Epam (ІРО – Initial Public Offering, першы публічны продаж акцый — рэд.). Я надзвычай уражаны гэтым посьпехам – тым, што над будынкам New York Stock Exchange (Нью-Ёрская фондавая біржа) сёлета разьвіваўся беларускі сьцяг».

Паэт Сяргей Законьнікаў гатовы ўганароўваць суайчыньнікаў у розных намінацыях:

«Першае – гэта з катэгорыі, як кажуць, „сякеры пад лаўкай“, Мікола Статкевіч. Ён палітвязень і гэтым усё сказана. Далей: ёсьць у нас два цікавыя лекары. Адзін, на жаль, якраз у гэтым годзе памёр, той, зь якім я быў добра знаёмы – Генадзь Мураўёў, некалі лячыў Васіля Быкава. Яшчэ адзін – віцебскі лекар-пэдыятар Ігар Пастноў. Пайшоў у рогі з уладай, губэрнатарам Касінцом, адстойваючы хворых дзяцей і ўсю мэдыцыну Віцебскай вобласьці. Ну, і яшчэ ёсьць чалавек – Яўген Ліпковіч, якога пазбавілі ўласнага блогу, забарыкадавалі доступ да старонкі. Само сабой, ёсьць тут і мая любіміца – Сьвета Калінкіна, калі трэба для гендэрнай роўнасьці. Чалавек году, безумоўна. Мне падабаюцца і яе матэрыялы, дый сама падабаецца — дзяўчына выдатная».

Для мастака-каліграфа, кніжнага дызайнэра Генадзя Мацура чалавекам усіх апошніх гадоў застанецца ягоны блізкі сябра мастак Сяржук Цімохаў. Цяпер ужо назаўсёды: сёлета Сяржук памёр у самым росквіце творчых і фізычных сілаў – яму было ўсяго 52:

«Можа, гэта чалавек не такі публічны, чалавек не шоў-бізнэсу, але яго шмат людзей ведаюць перш за ўсё праз творы».

Сяргей Скрабец, былы палітвязень, паплечнік асуджанага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, перакананы: асобамі году могуць называцца перадусім тыя, хто зараз рэальна пакутуе за Беларусь:

«Для мяне гэта як мінімум тры чалавекі, бо я не магу вызначыць кагосьці аднаго ў большай ці меншай ступені. Гэта Мікола Статкевіч, гэта Зьміцер Дашкевіч і гэта Алесь Бяляцкі».

Спартовы аналітык, аўтар і вядучы шоў «Асілак» на Беларускім тэлебачаньні Ўладзімер Даўжэнка лічыць чалавекам году галоўнага трэнэра футбольнай каманды БАТЭ Віктара Ганчарэнку. Барысаўцы фэерычна стартавалі ў Лізе чэмпіёнаў, перагуляўшы французскі «Ліль» і нямецкую «Баварыю».

Свой варыянт Чалавека году ў кіраўніка Беларускага калегіюму, філёзафа Алеся Анціпенкі:

«Тры прозьвішчы адразу прыйшлі ў галаву. Гэта рэдактар часопісу „Arche“ Валерка Булгакаў, палітык і вязень Мікола Статкевіч, а таксама галоўны трэнэр футбольнай каманды БАТЭ Віктар Ганчарэнка».

Блогер Яўген Ліпковіч сам быў адзначаны сярод вартых называцца чалавекам году:

«Часопіс «Time» калісьці зрабіў „Чалавекам году“ кампутар, вынесшы яго на вокладку. Быў такі прэцэдэнт. Для мяне „Чалавекам году“ ў беларускай сытуацыі – гэта абагулены вобраз плюшавага швэдзкага мядзьведзя, гэта калі браць па той жа аналёгіі з часопісам «Time».

Бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч гэтаксама згадвае пра «швэдзкі дэсант», але ў іншым кантэксьце: што і каго ў выніку дзёрзкага ўчынку швэдаў Беларусь страціла:

«Мы страцілі швэдзкага пасла Стэфана Эрыксана. Стэфан вельмі шмат рабіў для Беларусі і многае яшчэ мог бы зрабіць».

Заснавальнік інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан» Павал Шарамет:

«Я б людзьмі году назваў швэдаў, якія ў ліпені раскідалі над Беларусьсю сотні плюшавых мядзьведзяў. Гэта самая яскравая акцыя 2012 году, якая вярнула беларускім апазыцыянэрам аптымізм, паказаўшы, што заўсёды можна знаходзіць нейкія цікавыя павароты, праводзіць яскравыя акцыі».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна:

«Гэта Алесь Бяляцкі. Зараз у чалавека столькі выпрабаваньняў, але Алесь, ня гледзячы ні на што, з пачуцьцём уласнай годнасьці ўсе гэтыя выпрабаваньні вытрымлівае».

Шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько:

«Мы ў «Нашай Ніве» сёлета вырашылі, што гонар быць названымі асобамі году маюць тыя людзі, якія вярнулі ў Беларусь статут Вялікага Княства Літоўскага. Гэта дырэктар Магілёўскага гістарычнага музэю Аляксей Бацюкоў, студэнт Андрэй Радкоў і архівіст Зьміцер Яцкевіч. Мы назвалі іх разам, бо бяз кожнага зь іх гэта не адбылося б. Адзін заўважыў, што прадаецца асобнік статута, другі дапамог у арганізацыі выкупу, а трэці арганізаваў масавую грамадзкую акцыю, і тысячы людзей патроху сабралі грошы, каб вярнуць у Беларусь гэтую сьвятыню».

Галоўны рэдактар газэты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч:

«Шкада, але 2012 год у гэтым пляне быў наогул шэрым. Нават што да тых асобаў, якія заяўлялі пра сябе раней, дык сёлета іх практычна не было ні чуваць, ні відаць».

Для шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятланы Калінкінай чалавек году – Зьміцер Дашкевіч:

«На мой погляд, гэты чалавек стаў сымбалем змаганьня не за ўладу, не за пасады, а менавіта за свае ідэалы. За гэта ён і трапіў пад такі ціск карнай машыны».

Палітычны вязень, адзін зь лідэраў моладзевай арганізацыі «Zмена» Павал Вінаградаў:

«Паколькі я за апошні год асабліва рэзка ўліўся ў палітычнае жыцьцё нашай краіны, то мне хацелася б, каб я стаў чалавекам году. Але, натуральна, гэта ня так і абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці. Як гэта ні прыкра, аднак чалавекам, нават людзьмі году, сталі не беларусы, а швэды. Гэта яны паскідвалі на нашыя галовы гэтых цудоўных мішак. За што ім і дзякуй!».

Думку Паўла Вінаградава падзяляе і галоўны рэдактар сайту «Хартыя’97» Натальля Радзіна:

«Ня ведаю, наколькі гэта можна казаць «людзі году ў Беларусі», але мне пры гэтым пытаньні адразу згадваюцца швэдзкія пілёты. Гэта было тое, што ўскалыхнула Беларусь. Гэта быў абсалютна нестандартны ход. І мне падаецца, што якраз швэды і могуць быць людзьмі 2012 году ў Беларусі».

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка адносіць да чалавека году палітычных зьняволеных:

«Там вельмі шмат розных гісторый, асабістых трагедый. Гэтыя людзі вядуць змаганьне ў пякельных умовах за сваю годнасьць, за свабоду Беларусі.

Асобай году я таксама лічу Станіслава Шушкевіча, які сёлета выдаў сваю кніжку «Маё жыцьцё». Гэтым чалавекам Беларусь можа па праву ганарыцца. Яго ведаюць ва ўсім сьвеце, і ён зьяўляецца сымбалем Беларусі. І яшчэ да людзей году я аднёс бы сям’ю Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп. Мабыць, няма яшчэ адной такой сям’і у Беларусі, якая падвяргалася б такому мэтанакіраванаму ціску з боку дыктатара. І нельга не сказаць пра лідэра групы «Ляпіс Трубяцкі» Сяргея Міхалка. Таму што ён зьяўляецца маяком надзеі, маяком станоўчых эмоцыяў, маяком самапавагі беларусаў і веры ў саміх сябе».

Рэдакцыя мяркуе, што выбар Чалавека году – гэта спаборніцтва сымпатыяў, а часам і гульня. Таму мы вырашылі не ўчыняць гонкі прыхільнікаў беларускіх палітвязьняў і не называць іх пайменна, і стварылі зборны вобраз – Палітвязень.


Іншыя людзі 2012 году ў Беларусі, якіх назвалі наведнікі сайту Радыё Свабода:


Аляксандар Аверкаў (журналіст ОНТ)
Вікторыя Азаранка
Ніна Багінская
Уладзімер Барадач
Беларускі народ
Сяргей Дарафееў
Дар'я Домрачава
Тацяна Зарэмба (Тэатар-студыя «Раёк»)
Уладзімер Ізотаў (Паралімпіяда 2012)
Сяргей Каваленка
Любоў Кавалёва
Дзьмітры Калдун
Мікіта Ліхавід
Аляксандар Лукашэнка
Мая маці
Сяргей Міхалок
Міхаіл Мясьніковіч
Ніхто
Уладзімер Някляеў
Зянон Пазьняк
Наста Палажанка
Алесь Пушкін
Рабочыя
Андрэй Саньнікаў
Валянцін Стэфановіч
Мікола Халезін
Міхась Чарняўскі
Ганна Шапуцька
Лідзія Ярмошына

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG