Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус заклікаў Менск скарыстацца Усходнім партнэрствам


Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына і часовы павераны ў справах Літвы ў Беларусі Ёнас Даніляўскас 27 сьнежня абмеркавалі пытаньні разьвіцьця двухбаковых стасункаў.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.

Падчас сустрэчы таксама абмеркаваны канкрэтныя крокі па далейшаму разьвіцьцю двухбаковага дыялёгу і ўзаемадзеяньня ў розных сфэрах, у тым ліку, з улікам будучага старшынства Літвы ў Эўрапейскім зьвязе ў 2013 годзе.

Ёнас Даніляўскас перадаў пасланьне кіраўніка МЗС Літвы Лінаса Лінкявічуса міністру замежных спраў Беларусі Уладзімеру Макею з нагоды 20-годзьдзя ўстанаўленьня дыпстасункаў паміж краінамі, а таксама асабістыя пасланьні ад імя прэм’ер-міністра Альгірдаса Буткявічуса і былога кіраўніка літоўскага ўрада Андруса Кубілюса ў адрас прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, паведамілі ў беларускім МЗС.

Новы міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у віншаваньні Уладзімера Макея з 20-годзьдзем устанаўленьня дыпстасункаў заклікаў Менск скарыстацца інструмэнтамі, якія прапануе ініцыятыва Усходняга партнэрства Эўразьвязу.

Ён выказаў перакананьне, што дзяржавы будуць разьвіваць двухбаковыя адносіны ў духу добрасуседзтва, ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва, паведаміў літоўскі МЗС

«Міністар таксама заклікаў выкарыстоўваць усе магчымасьці спрашчэньня паездак грамадзян», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС Літвы.

Цяпер ЭЗ ужывае ў дачыненьні да Беларусі санкцыі з-за дзеяньняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьні да апазыцыі і праваабаронцаў, перадае DELFI.
XS
SM
MD
LG