Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Зьмітра Дашкевіча: «Дзякуй Богу, што збылося»


Палітвязьня Эдуарда Лобава ў калёніі наведаў ксёндз. Бацька Зьмітра Дашкевіча шчасьлівы, што сын ажаніўся з Настай Палажанкай. Палітвязьня Эдуарда Лобава ў калёніі наведаў ксёндз. Арцёму Пракапенку доўгатэрміновае спатканьне скарацілі з трох да адных сутак.

Бацька Зьмітра Дашкевіча спадар Вячаслаў сёньня вельмі шчасьлівы — даведаўся, што сын пабраўся шлюбам з Настай Палажанкай. Пра Насту ён адгукаецца вельмі добра — яна наведвала яго ў шпіталі, прыяжджае і ў Старыя Дарогі:

Вячаслаў Дашкевіч
Вячаслаў Дашкевіч
«У мяне ёсьць сябра, які яшчэ з раніцы абрадаваў, прачытаў у інтэрнэце. Я заўсёды настойліва раіў сыну жаніцца. Жаніцца, пакуль Наста не перадумала. Дык ён нават пакрыўдзіўся на мяне: маўляў, „яна не перадумае, мы дамовіліся, і хочам ажаніцца на свабодзе“. Я казаў: „На свабодзе павянчаецеся потым, калі будзе свабода. А пакуль жаніся!“ Дзякуй Богу, што збылося».

На другі дзень каталіцкага Раства палітвязьня Эдуарда Лобава ў Івацэвіцкай калёніі наведаў ксёндз зь Пінскай парафіі. Пра гэта распавяла маці Эдуарда, спадарыня Марына:

Марына Лобава
Марына Лобава
«Мне патэлефанаваў ксёндз. Плянавалася сустрэча напярэдадні Раства, але ў такія дні ксёндз звычайна вельмі заняты ў сваёй парафіі, і адклаў свой візыт на другі дзень Калядаў. Але ўсё адно гэта вялікая падзея для Эдзіка. Сын паспавядаўся і прычасьціўся. Ксёндз распавёў, што Эдуард бадзёры, добра трымаецца, не прастуджаны, добра перанёс халады. Яны вельмі хораша паразмаўлялі».

Арцёму Пракапенку дазволілі доўгатэрміновае спатканьне з роднымі. Паехаў толькі бацька, спадар Анатоль. Маці Арцёма цяжка хварэе, перанесла складаную апэрацыю. Анатолю Пракапенку дазволілі правесьці з сынам толькі адны суткі замест трох. Бацька адвёз і 30-кіляграмовую перадачу, кажа спадарыня Віялета:

Мама, больш з такімі пытаньнямі да мяне не зьвяртайцеся. Ніякага прашэньня я пісаць ня буду

«Але пасьля спатканьня з сабой у атрад нічога не дазволілі ўзяць. Зараз наагул нам складана. Я не працую, працуе адзін муж. У нас яшчэ малодшая дачка, якую платна вучым у Менску. За вучобу трэба плаціць, за кватэру плаціць. Муж казаў сыну: «Напішы прашэньне аб памілаваньні ды выходзь, трэба ж сям’і дапамагаць, трэба ж неяк жыць...» Спачатку сын сказаў: «Я падумаю». Але на наступны дзень патэлефанаваў. Я пытаюся: «Ты там што надумаў?» Ён кажа: «Мама, больш з такімі пытаньнямі да мяне не зьвяртайцеся. Ніякага прашэньня я пісаць ня буду».

Родныя Яўгена Васьковіча, які знаходзіцца ў магілёўскай крытай турме, спадзяюцца ў студзені на доўгатэрміновае спатканьне. Маці Яўгена спадарыня Рушаньня кажа, што ў лістах сын ніколі ні на што ня скардзіцца:

«У яго заўсёды ўсё добра, настрой бадзёры. Чакаем студзеня. Нам раз на год павінны дазволіць спатканьне. Дык я спадзяюся, што ў студзені, калі не на пачатку месяца, то пры канцы — абавязкова трапім да яго на спатканьне».

—————————-

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў былі затрыманыя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 года. Іх асудзілі нібыта

за злоснае хуліганства — Дашкевічу далі 2 гады пазбаўленьня волі, Лобаву — 4 гады. Як злоснаму парушальніку рэжыму, Дашкевічу працягнулі зьняволеньне да 28 жніўня 2013 года.

Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка асуджаныя на 7 гадоў зьняволеньня за спробу падпалу дзьвярэй Бабруйскага КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG