Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрвію «Голасу Амэрыкі» старшыня Хэльсынскай камісіі амэрыканскі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт заявіў, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсьць выбар: пачаць рэформы або сесьці на самалёт.

«Лукашэнка застаецца ва ўладзе дзякуючы таму, што выкарыстоўвае сілу і паўсюднае назіраньне за грамадзянамі. Ён моцна нагадвае Мікалая Чаўшэску, чыя сакрэтная паліцыя была добра вядомая сваёй эфэктыўнасьцю і жорсткасьцю. Аднак, калі быць сумленным да канца, падобныя дыктатуры – зьява часовая. Яны марнеюць, руйнуюцца знутры, і іх зьмяняюць іншыя сыстэмы кіраваньня. Я ніколі ня бачыў дыктатуру, якая б існавала вечна. Адны зьнікаюць раней, іншыя – пазьней. Калі Лукашэнка хацеў бы пакінуць пасьля сябе нейкую спадчыну, то ён ужо цяпер павінен казаць пра перабудову і галоснасьць, як гэта зрабіў Гарбачоў. Гэта ніколі ня позна зрабіць, нягледзячы на ўсе тыя страшныя злачынствы, да якіх датычныя памагатыя яго рэжыму і ён сам. На прыкладзе прымірэньня ў такіх краінах, як Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і Сальвадор, мы бачым, што людзі аб'ядноўваюцца вакол лідэра, які вырашае павярнуць хаду гісторыі ў дэмакратычнае рэчышча. І хай гэта гучыць наіўна з майго боку, але я спадзяюся, што гэта ўсё ж адбудзецца. Тым часам, чакаючы перамен, мы будзем ужываць санкцыі ў рамках Акту ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, які служыць апорай прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасьці. Чым больш мы і нашы эўрапейскія партнэры аказваем падтрымку беларусам, якія змагаюцца за свабоду, тым карацей будуць дні рэжыму Лукашэнкі», – сказаў кангрэсмэн.

Ён параўнаў кіраўніка Беларусі са Слабаданам Мілошавічам і Ратка Младзічам, якія паўсталі перад Гаагскім трыбуналам за ваенныя злачынствы.

«Гэтыя людзі на працягу нейкага часу зьдзяйсьнялі жудасныя злачынствы. Яны катавалі людзей, саджалі іх у турму без суда і сьледзтва. З сваёй аховы яны зрабілі банду галаварэзаў, якія жывуць паводле мафіёзных законаў. Але ўсё гэта калі-небудзь сканчаецца. Гаворачы пра Лукашэнку і людзей, якія яго атачаюць, я спадзяюся, што яны альбо самі пачнуць рэформы, альбо сядуць на самалёт, як гэта можа зрабіць Асад у Сырыі, і тады яны скончаць у якой-небудзь краіне, атрымаўшы там прытулак. Я памятаю часы, калі Лукашэнка быў блізкім сябрам Мілошавіча. Дык вось, Мілошавіча больш няма. Я шчыра веру, што калі-небудзь Беларусь зможа атрымаць асалоду ад усіх выгодаў сапраўднай дэмакратыі», – заявіў Крыстафэр Сьміт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG