Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч ажаніліся ў турме


Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч, Акрэсьціна, 31.01.2008

Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч, Акрэсьціна, 31.01.2008

Палітвязень, старшыня «Маладога фронта» Зьміцер Дашкевіч і яго намесьніца Наста Палажанка заключылі шлюб.

Пра гэта паведаміла Эўрарадыё.

Як паведаміла Палажанка цырымонія адбылася 26 сьнежня ў Гарадзенскай турме, дзе Дашкевіч адбывае пакараньне. Наста ўзяла прозьвішча мужа.

Наста паведаміла, што рашэньне ажаніцца яны з Дашкевічам прынялі даўно.

«Аднак больш за год Зьмітру не вярталі пашпарт, канфіскаваны КДБ. Я бачыла дакумэнт у сьледчых КДБ, але пашпарт яны ўпарта не вярталі. Лічу, што супрацоўнікі КДБ наўмысна не адпраўлялі пашпарт у калёнію — ведалі, што гэта дазволіць нам расьпісацца. Мы з адвакатам больш за паўгода пасылалі скаргі ў розныя структуры з просьбай вярнуць пашпарт. Нарэшце, Генпракуратура паведаміла, што дакладнае месцазнаходжаньне пашпарта выявіць не атрымалася. З гэтай паперай мы і зьвярнуліся ў калёнію з просьбай аднавіць пашпарт Дашкевіча», — распавяла Наста.

Пасьля таго, як пашпарт быў адноўлены, у ЗАГСе прызначылі дату шлюбу — 19 сьнежня.

«Я спачатку напружылася, таму што 19 сьнежня — гэта адна з самых трагічных дат у нашай жыцьця. Але сытуацыя вырашылася сама сабой: патэлефанавалі з ЗАГСа і паведамілі, што 19 нічога не адбудзецца, бо ў іх Дзень ЗАГСа, і наша росьпіс пераносіцца на 26 сьнежня», — адзначыла Наста.

26 сьнежня яна прыехала ў Гродзенскі ЗАГС, аддала свой пашпарт, і ёй адразу ж паставілі штамп аб тым, што Дашкевіч зьяўляецца яе мужам. Затым яны з супрацоўніцай ЗАГСа адправіліся ў гродзенскую турму. Па словах Анастасіі, для Дашкевіча яе зьяўленьне ў турме стала нечаканасьцю.


«Мяне завялі ў пакой, каб я чакала Зьмітра. Ён зайшоў і зьдзівіўся:"Нічога сабе!". Мы падышлі да стала, супрацоўніца ЗАГСа зачытала стандартныя фразы, спытала, якое я бяру прозьвішча. Я сказала, што бяру прозьвішча Дашкевіч. Як я потым пажартавала, раней у рэжыма быў адзін Дашкевіч — адна праблема, а цяпер стала двое Дашкевічаў», — распавяла Анастасія.

У ролі сьведкаў выступілі супрацоўнікі турмы.

«Я была прыемна шакаваная, убачыўшы Зьмітра. Для мяне гэта абсалютна той жа чалавек, з якім мы разьвітваліся. Калі мы сядзелі і размаўлялі, было ўражаньне, што я бачыла яго ўчора. Не верылася, што чалавек прайшоў такія цяжкія і страшныя выпрабаваньні. Хоць ён вельмі схуднеў, вельмі бледны », — адзначыла Наста.

Пагаварыць маладым атрымалася толькі 10 хвілін.

Афіцыйны шлюб дае Насьце права на спатканьне. «Ва ўмовах гарадзенскай турмы строгага рэжыму — гэта 2 гадзіны праз шкло, і то гэтае спатканьне адбудзецца пазьней», — сказала Анастасія.

Фота Эўрарадыё




24 сакавіка 2011 г. судзьдзя Маскоўскага суду Менску Алена Шылько асудзіла Зьмітра Дашкевіча на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня 2010 г. Зьміцер Дашкевіч і актывіст Маладога Фронту Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

28 жніўня 2012 году на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго годам пазбаўленьня волі. 30 кастрычніка выязны Мазырскі суд пастанавіў перавезьці лідэра Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча з мазырскай калёніі ў «крытую» турму. Цяпер ён знаходзіцца ў Гарадзенскай турме.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG