Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макаева судзяць за Слуцкі збройны чын


Алесь Макаеў

Алесь Макаеў

У судзе Маскоўскага раёну праходзіць разгляд справы намесьніка старшыні руху салідарнасьці «Разам», прадпрымальніка Аляксандра Макаева. Яго вінавацяць у незаконным правядзеньні мітынгу ў мястэчку Грозава 1 сьнежня падчас адзначэньня ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.

13.18 Судзьдя абвясьціў перапынак да 14.10 і выйшаў для вынясеньня рашэньня.

13.15 Макаеў абвяргае, што яны папярэджвалі. Ён не называў мерапрыемства мітынгам.

Судзьдзя: вы кажаце, што гэта была вандроўка, экскурсія, але вы маеце права на правядзеньне экскурсійнай дзейнасьці?

Макаеў на гэта адказаў, што за вандроўку ён грошай не браў, гэта была проста паездка аднадумцаў. Заля пачала ў голас абурацца пытаньнем судзьдзі.

13.10 Суд пастанавіў зачытаць паказаньні сьведак. Скрыган, з сельсавету Гозава: у тлумачэньні яна напісала, што з заяўкай на мітынг ніхто не зьвяртаўся. Напісала, што лёзунгаў не было, чыталі малітвы, пелі. Таксама Таісія Дарашэвіч: каля крыжа былі людзі з сьцягамі, траспарантаў не было, лёзангаў таксама. Парадак не парушалі. Давідоўскі — супрацоўнік ДАІ: людзі пелі па-беларуску. Напісаў, што да міліцыянтаў падыходзіў Макаеў і казаў, што гэта ён арганізаваў дадзены мітынг. Мы запатрабавалі, каб мітынг спынілі. Цягам 5 хвілін гэты было выканана. Другі міліцыят Кажура напісаў тое самае.

13.00 Працэс аднавіўся. Судзьдзя Хаткевіч адмовіў у задавальненьні хадайніцтваў Макаева аб допыце ў судзе сьведак абвінавачаньня і аб допыце дадатковых сьведак з ягонага боку.

Макаеў выступае з тлумачэньнямі. Ён мяркуе, што закон аб масавых мерапрыемствах і Канстытуцыя не абмяжоўваюць права грамадзянаў на вандроўку па нейкіх памятных мясьцінах. Калі будзе вынесны асуджальны вырак, мяркуе Макаеў, гэта складзе вельмі дрэнны прэцэдэнт.

Таксама Макаеў заявіў, што сёньняшняя справа цалкам палітычная, таталітарная ўлада забараняе людзям выказваць свае погляды і нават шанаваць памяць тых, каго яны хочуць.

«Гэта ўлада аднаго чалавека. Улада Лукашэнкі, які сам жа і прызначае сузьдзяў. Я не бачыў за 18 гадоў ніводнага справядлівага суду», — кажа Макаеў.

Макаеў павіншаваў прысутных з тым, што як раз у гэты дзень шмат гадоў таму, 27 сьнежня, паўстанцы вызвалілі Чырвону Слабаду. Заля апладзіруе і адказвае воклічамі «Слава героям!» і «Жыве Беларусь!».


12.39 Таксама Макаеў хадайнічае пра перанос паседжаньня, каб у судзе выступілі сьведкі абвінавачаньня.

Раней іх паказаньні судзьдзя не зачытваў, а толькі пералічыў іх прозьвішчы. Макаеў удакладняе: каб іх дапыталі, ў тым ліку, каб ён мог задаць ім пытаньні.

Таксама Макаеў просіць выклікаць ў суд намесьніка старшыні партыі БНФ Ігара Лялькова, барда Андрэя Мельнікава, якія бралі ўдзел ў вандроўцы і выступалі. Суд абвясьціў перапынак на 10 хвілін.

12.37 Сьведка Бамбіза ня змог дакладна вызначыць, хто быў галоўным у вандроўцы. У гэтым мерапрыемстве Макаеў быў замоўшчыкам аўтобуса, а далей ўсе ведалі, што рабіць.

12.35 Макаеў удакладняе па просьбе суду, што за выступны былі на месцах — тумачэньні гістарычных падзеі і малітвы. На пытаньне міліцыянтаў ён адказваў, што заяўляў аўтобус, называўся адказным за вандроўку. І зараз ад гэтага не адмаўляецца.

12.20 Макаеў заявіў хадайніцтва апытаць ячшэ і Сяргея Ханжанкова ў якасьці сьведкі. Судзьдзя гэтае хадайніцтва задаволіў.

Сяргей Ханжанкоў паведаміў, што гэта была традыцыйная паездка. Аўтобус заказываў Макаеў, але гэта ня значыць, што ён быў арганізатарам акцыі. Ад мітынгу мы адмовіліся, бо ён ў Слуцку быў забаронены. Макаеў паведаміў загадзя, што мітынгу ня будзе і проста паедзем, каб ўскласьці кветкі. Прыехалі ў Грозава, выйшлі з аўтобуса да крыжа, прачыталі малітву. Згадалі, як раней сюды прыяжджалі. Да нас падышоў міліцыянт, пабыў побач. Ніякіх заўваг з іх боку не было. У Грозава яны нічога не казалі. Не забаранялі нам малітву. Пра Слуцк яны казалі, што там мітынг забаронены. Папярэджваньня ад міліцыянтаў, што нельга праводзіць ускладанье кветак, не было.

Макаеў запытаў сьведку, ці трэба было арганізоўваць наведваньне крыжоў?

Сьведка лічыць, што місія Макаева была хутчэй як каардынатара — заказаць аўтобус, паказаць кіроўцу дарогу, а што рабіць мы ведаем самі, бо шмат разоў у такіх акцыях бралі ўдзел.


12.15 Сьведка Мікалай Бамбіза на просьбу судзьдзі адказвае на пытаньне, хто фактычна кіраваў людзьмі падчас вандроўкі. Сьведка кажа, што гэты быў Макаеў.

Садоўская на тое ж пытаньне адказвае, што Алесь уладкоўваў арганізацыйныя моманты, людзі ж кіраваліся сваім сумленьнем і рэлігійнымі поглядамі. Алесь распавядаў пра падзеі, якія адбываліся на месцах збройнага чыну. Іншыя таксама, паведаміла Садоўская.

Судзьдя: А хто сачыў за парадкам?

На гэта Садоўская сказала, што за парадкам ніхто не сачыў, бо ўсе дарослыя людзі і ў правадыры няма патрэбы.


12.10 Працэс аднавіўся. Алесь Макаеў на просьбу судзьдзі зноў тлумачыць, як арганізоўвалася вандроўка па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну. Што Партыя БНФ замаўляла мітынг у Слуцку, але ён не быў дазволены, і таму ён як намесьнік старшыні руху Салідарнасьць «Разам» разам з актывістамі іншых арганізацый проста паехалі ў вандроўку па памятных месцах.

Макаеў распавядае пра шэраг затрыманьняў падчас грамадзкай дзейнасьці і пра сваё сямейнае становішча. Тлумачыць пра свае прыбыткі і расходы.

10.41 Судзьдзя абвясьціў перапынак да 12 гадзінаў.

10.40 Судзьдзя пытаецца ў Макаева, чаму яны зьбіраліся правесьці мітынг ў Слуцку?

Макаеў патлумачыў, што ў Слуцку традыцыйна такія вандроўкі заканчываюцца мітынгам і яны зьбіраліся зноў яго правесьці, каб нагадаць пра падзеі. Але яго забаранілі.


10.25 Наступны сьведка — Кацярына Садоўская.

Распавядае пра падзеі 1 сьнежня ў Грозава. Памаліліся, ушанавалі памяць. Ніякага парушэньня парадку там не было, насельніцтва мясцовага там не было. Судзьдзя спыніў Садоўскую, калі яна пачала казаць пра рэжым, які пануе ў Беларусі.

Макаеў просіць сьведку выказаць меркаваньне, што прыводзіць яго, яе ды іншых актывістаў штогод на лаву падсудных?

Садоўская мяркуе, што трэба дасьледаваць факты, калі перашкаджаюць шанаваць нацыянальных герояў.

Макаеў: а хто зьяўляецца першапрычынай такіх працэсаў? Садоўская спрабуе адказаць, але судзьдзя яе спыняе і здымае пытаньне.

Судзьдзя настойвае на тым, што разгляд суду тычыцца толькі падзей 1 сьнежня. Судзьдзя просіць Садоўскую не перакаджаць весьці працэс.

«У такім выпадку мы не будзем разглядаць падзеі», — кажа судзьдзя.

Макаеў зноў пытаецца, што сьведка лічыць першапрычынай перасьледу актывістаў?

Суд здымае пытаньне.

Судзьдзя кажа, што трэба задаваць пытаньне пэўныя.

Макаеў просіць выказацца Садоўскую адносна таго, ці не ёсьць працэс перадузятым?

Судзьдзя здымае пытаньне.

Судзьдзя пытаецца ў сьведкі, хто выступаў на акцыі?

Сьведка кажа, што былі выступы ў памяць аб загінулых і малітвы. «Ніхто не можа забараніць гэтага, такога няма ў Канстытуцыі. Гэта маразм хворага чалавека», — кажа Садоўская.

Заля апладзіруе гэтым словам.

Судзьдзя: Ці мелі вы дазвол на такое мерапрыемства?

Садоўская: Не трэба прасіць такога дазволу, каб праводзіць малітву. Я такога дазволу прасіць ня буду. Гэта маразм! Да якога часу гэта мусіць працягвацца!

Садоўская закончыла даваць паказаньні.


10.10 Мікалай Бамбіза. Пэнсіянэр. Удзельнічаў ў паездцы па месцах Слуцкага збройнага чыну 1 сьнежня, якую арганізаваў Алесь Макаеў. Сьведка хацеў зачытаць закон аб масавых мерапрыемствах, але судзьдзя просіць яго распавесьці толькі пра падзеі 1 сьнежня, якія тычацца Алеся Макаева. Сьведка таксама спасылаецца на он-лайн радыё Свабода і кажа, што можна па гэтым матэрыялам праверыць дакладнасьць ягоных словаў.

Мікалай Бамбіза: Прыехалі ў Грозава каля 11 гадзінаў, аўтобус спыніўся непадалёк ад крыжа. Разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, якія зарэгістраваныя як сьцягі партыі БНФ. Усклалі кветкі, запалілі зьнічкі, прасьпявалі «Пагоню», узгадалі пра ахвяраў Слуцкага збройнага чыну — вось і ўсё. Мікалай Бамбіза далей ўсё ж зачытаў вытрымкі з закону, які вызначае паняцьце мітынгу, і кажа, што яны не падымалі ніякіх грамадзкіх праблемаў, не абмяркоўвалі іх і не рабілі палітычных заяваў. Гэта не быў мітынг плюс такая цырымонія паўтараецца шмат гадоў і сёлета нічога не зьмянілася.

Макаеў пытаецца ў сьведкі, ці былі ў яго калісьці праблемы з законам пасьля ўдзелу у падобных мерапрыемствах?

Мікалай Бамбіза адказвае, што не.

Судзьдзя здымае пытаньне Макаева пра тое, ці падобныя на такую акцыю афіцыйныя мерапрыемствы па ўшанаваньні памяць ахвяр войнаў. Гэтае пытаньне зьнятае судом.

Макаеў: а што, на вашу думку, гэта было за мерапрыемства?

Бамбіза: Гэта была вандроўка па месцах баёў.

Судзьдзя: А чым вызначалася тое, што вы ўспаміналі падзеі Слуцкага збройнага чыну? У якіх дзеяньнях гэта вызначылася?

Сьведка кажа, што 2 выступоўцы адзначылі гістарычны ўнёсак людзей, якія ахвяравалі сваім жыцьцём за незалежнасьць Беларусі. Адзначылі і ролю польскіх войскаў і бальшавіцкіх, якія задушылі паўстаньне.

Судзьдзя пытаецца, хто быў слухачамі гэтых прамоў?

Сьведка: Там была група каля 20 чалавек, яны і слухалі, мясцовых не было, вуліцы былі пустыя.

Допыт сьведкі закончаны.


10.09 Пачынаецца допыт сьведак.


10.04 Суд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы. Зачытаў пратакол міліцыянта Абрамовіча, паводле якога ў Грозава прайшоў несанкцыянаваны мітынг, які правялі актывісты партыі БНФ.

Таксама была агалошаная даведка з міліцыі, што Макаеў цягам году ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.


10.03 Судзьдзя перапытвае, як праходзіла акцыя ў Грозава. Макаеў паўтарае: людзі вышлі са сьцягамі з аўтобусу, усклалі кветкі да крыжа, прасьпявялі малітоўны гімн, запалілі зьнічкі і пайшлі да аўтобусу.

9.57 Макаеў сказаў, што акцыя праводзілася ў межах традыцыйнага ўшанаваньня памяці герояў Слуцкага збройнага чыну. Быў заказаны аўтобус, які праехаў па маршруце ад Менска да Грозава —Семежава — Чырвоная Слабада. Была заяўка і на акцыю ў Слуцк , але мясцовыя ўлады адмовілі 1 сьнежня праводзіць там традыцыйны мітынг. Таму ў Слуцк не заяжджалі. Гэта не было навіной для ўладаў, усё рабілася традыцыйна. Аб’язджалі гэтыя месцы, ускладалі да памятных крыжоў кветкі, людзі былі з гістарычнымі сьцягамі. Фармат мерапрыемства не быў мітынгам, бо прамоваў не было, а толькі невялікая гістарычная даведка і малітвы са сьпевамі. Макаеў сказаў, што падчас акцыі ніякіх заўваг ад міліцыі не было. Толькі заднім чыслом, 13 сьнежня да Макаева прыехалі на працоўнае месца і там паведамілі, што ён абвінавачваецца паводле адміністрацыйнага пратаколу.

Пры гэтым Макаеў удзячны міліцыянтам з Копыля, што яны на ягоную просьбу склалі пратакол па-беларуску і зрабілі гэтак, каб пратакол разглядалі па месцы працы.

Алесь Макаеў згадаў, што толькі ў Чырвонай Слабадзе міліцыянты забаранілі выходзіць са сьцягамі, а так ў Семежава і Грозава акцыі былі аднолькавыя. Макаеў нагадаў, што быў он-лайн рэпартаж з акцыі на «Радыё Свабода» і магчыма, паводе яго, гэта паўплывала на рэакцыю ўладаў.

9.50 Макаеў сваёй віны не прызнае. Суд вырашыў дасьледаваць доказы з апытаньня Макаева, потым ягоных сьведак і дасьледаваць пісьмовыя доказы.

9.49 Судзьдзя нагадаў прозьвішчы асобаў, якія ужо раней былі дапытаныя ў гэтай справе. Гэта Скрыган, з сельскага савету ў вёсцы Грозава Капыльскага раёну, а таксама яшчэ 3 сьведкі — мясцовы участковы ў тым ліку. Судзьдзя зачытвае адміністрацыйны пратакол, паводле якога 1 сьнежня Алесь Макаеў правёў ў Грозава мітынг, чым парушыў закон. Гэта было ягонае другое правапарушэньне за год, пазначана ў пратаколе.


9.46 Суд пачаўся. Алесь Макаеў заявіў хадайніцтвы аб выкліканьні сьведак з ягонага боку і папрасіў, каб суд вёўся па-беларуску. Судзьдзя Хаткевіч на гэта сказаў, што гэта будзе ўлічана, але працягвае вымаўляць па-расейску.

Судзьдзя Яўген Хаткевіч.

Аляксандар Макаеў прыехаў у суд з падрыхтаванай для пасадкі торбай і заявіў, што гатовы да любога прысуду:

«Незалежных суду няма, ілюзіяў няма».

На судзе прысутнічаюць калегі і паплечнікі Алеся Макаева, якія хацелі на прыступках суду прачытаць малітву. Аднак супрацоўнік аховы суду забараніў ім гэта.

Супрацоўнікі РАУС Копыльскага раёну знайшлі Аляксандра Макаева 13 сьнежня на яго працоўным месцы на рынку «Ракаўскі кірмаш», дзе ўзялі тлумачэньні і ўручылі пратакол за подпісам маёра міліцыі Шапашнікава Г. А.

Аляксандр Макаеў не разьлічвае на пакараньне ў выглядзе штрафу, лічыць, што пасадзяць на суткі:

«Справа ў тым, што на працягу году гэта другое парушэньне па адным і тым жа артыкуле. За паўторнае парушэньне ў нас вельмі рэдка даюць штраф».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG