Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч прадказвае курс даляру — 10 тысяч з гакам


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Паводле прагнозаў кіраўніка праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Надзеі Ермаковай, рэзкай зьмены курсу рубля ў 2013 годзе чакаць ня варта.

Аб гэтым Надзея Ермакова заявіла 26 сьнежня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА.

«Нягледзячы на тое, што Нацбанк не ўсталёўвае на 2013 год мэтавыя арыенціры па абменным курсе, чакаць яго рэзкай зьмены ня варта. Падставай для ўстойлівасьці валютнага рынку і абменнага курсу зьяўляецца ўнутраная і зьнешняя збалянсаванасьць эканомікі, на забесьпячэньне якой, у сваю чаргу, накіравана праца і ўраду, і Нацыянальнага банку, — адзначыла Ермакова.

Экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч, што да заяваў сваёй пераемніцы, кажа:

«Будзе паўзучая дэвальвацыя. Ермакова проста ня кажа пра гэта, але яна намякае. Курс даляру будзе 9 тысяч — 10 тысяч з гакам у наступным годзе. Я думаю, што магчымасьці ў дзяржавы ўтрымаць курс у наступным годзе ў межах 10 тысяч з коскай сёньня яшчэ ёсьць. Ёсьць тэорыя нобэлеўскіх ляўрэатаў па эканоміцы: калі растуць цэны на ўнутраным спажывецкім рынку, і гэты рост не спыняецца, то абавязкова павінна быць дэвальвацыя».

Старшыня праўленьня Нацбанку Надзея Ермакова прызналася, што заробак у яе — каля 2 тысяч даляраў. І прыкладна палову сваёй заработнай платы яна аддае на дабрачыннасьць. Акрамя таго, адказваючы на пытаньне з нагоды Года беражлівасьці, спадарыня Ермакова адзначыла: «Я і зараз эканомлю. У прынцыпе, беражлівасьць — гэта тое, што мы павінны выхоўваць у нашых дзецях з самага дня іх нараджэньня».

Ці вялікі гэта заробак — 2 тысячы даляраў — для чыноўніка такога рангу, Радыё Свабода запыталася ў былога старшыні «Белаграпрамбанку» і былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра:

«У тыя часы, калі я працаваў, я з Надзеяй Ермаковай ня раз сустракаўся, і яна пакінула някепскае ўражаньне, даволі сьціплая жанчына. Але заробак у 2 тысячы даляраў трэба разглядаць у параўнаньні з чым — калі ў параўнаньні з Расеяй, дык гэта зусім мала. У параўнаньні з тым, што было раней у нас — гэта многа. Калі ў параўнаньні са звычайным народам, з пэнсіянэрамі — гэта грошы, і добрыя грошы. Раней, у часы Савецкага саюзу, такога разрыву ў заробках не было. Там усё было прывязана — у міністра заробак такі, у прэм’ера — такі. Цяпер жа ўсё ня так. У расейскіх чыноўнікаў заробак значна вышэйшы, чым у нашых чыноўнікаў. І разрыў усё роўна вялікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG