Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глёбус за сьпінай


Міхась Скобла
Міхась Скобла
У 2012 годзе і так варты жалю айчынны кнігагандаль быў уцягнуты ў сумнеўныя акцыі па выяўленьні ў сваёй сетцы крамольнай літаратуры. У Горадні прыбіралася з паліцаў нашумелае «Гродназнаўства», у сталіцы кнігарні ачышчаліся ад часопісаў «Аrche» і розных іншых спадарожных выданьняў, да якіх прыклаў руку своечасова зьбеглы за мяжу Валер Булгакаў.

Ледзь управіліся з кнігамі і часопісамі, у продажы зьявіліся крамольныя… глёбусы. Нейкі пільнавокі чыноўнік выявіў, што на вырабленых недзе ў Польшчы глёбусах наша гордая і незалежная краіна Беларусь абазваная Белоруссией. Ня менш пільнае БТ падліло алею ў агонь, падаўшы гісторыю з глёбусамі як замежную дывэрсію. Карэспандэнта проста расьпірала ад праведнага гневу: Беларусь – гэта вам, проша пана, не Белоруссия.

Прыбралі з крамаў і глёбусы. Небагаты айчынны кнігагандаль панёс страты. Хто не асабліва перажываў, дык гэта таямнічы вытворца. Ён сабраў свой тавар па ўсёй Беларусі і цішком пераправіў яго ў Расею. Бо там, наадварот, форма «Беларусь» лічыцца няправільнай, і ўсе – ад Крамля да самых да ўскраінаў – ужываюць звыклы яшчэ з савецкіх часоў назоў «Белоруссия». І нешта не чутно было, каб расейскага амбасадара ў сувязі з гэтым выклікалі ў беларускае МЗС ды ўручалі ноту пратэсту.

Дык чаму ўвага дзяржаўных СМІ раптам была сфакусаваная на «няправільных» глёбусах, хоць у зрусіфікаванай Беларусі, якая наскрозь прастрэльваецца з Астанкінскай тэлевежы, ніхто тае памылкі і не заўважыў бы. Якія там заканадаўчыя акты? Молодость моя, Белоруссия – вось што, дзякуючы «Песьнярам», жыве ў памяці народнай.

Усё так, але пакладацца на памяць народную адносна гістарычных падзеяў усё ж ня варта. Нядаўна белсатаўскія журналісты правялі апытанку на менскіх вуліцах: хто напісаў палянэз Агінскага? Кожны другі задумваўся!

Ва ўсенародную амнэзію мне верыць чамусьці ня хочацца. А хочацца запытацца ў выпадковых мінакоў, ці памятаюць яны, ШТО ў цывілізаваных краінах прынята лічыць атрыбутамі дзяржаўнасьці? Я разумею, што кемлівыя суайчыньнікі абавязкова прыгадаюць трактар, Нацыянальную бібліятэку ці прозьвішча аднаго палітыка, які жыве ў тэлевізары. І ўсё ж кожны пяты альбо дзясяты рэспандэнт абавязкова адкажа: гімн, герб і сьцяг. І я пацісну яму руку.

Але падобна на тое, што ў нашай краіне зьявіўся чацьвёрты атрыбут дзяржаўнай улады. Яго мы бачым амаль штодня ў тэлерэпартажах пра кадравыя прызначэньні на самым высокім узроўні, альбо калі той самы высокапастаўлены кадравік прымае падначаленых з дакладам. Гэты чацьвёрты атрыбут – глёбус.

Гаспадар прасторнага кабінэту любіць здымацца на ягоным жоўта-сіне-зялёным фоне. Напэўна, з плянэтай за сьпінай хочацца прымаць нейкія плянэтарныя рашэньні, удзельнічаць у геапалітычных працэсах. Але сур’ёзная геапалітыка ў той кабінэт амаль не заглядае, і глёбус почасту адчувае сябе не на сваім месцы, быццам ён не паменшаны ў мільёны разоў зямны шар, а звычайны гарбуз з чарговых дажынак.

Глядзіш на той вялізны прэзыдэнцкі глёбус і міжволі задаесься пытаньнем – для чаго ён там? Каб Вэнэсуэла з Кітаем выглядалі бліжэй? Памятаеце, у фільме «Той самы Мюнхаўзэн» герцаг шавецкім мэтрам на глёбусе мерае адлегласьць да Англіі, зь якой вось-вось распачнецца вайна, і ўстрывожана ўскліквае: «Гэта ж побач!».

У прэзыдэнцкім кабінэце нічога лішняга ў аб’ектыў тэлекамэры не трапляе – пра гэта ёсьць каму клапаціцца. Безумоўна, глёбус, эксклюзыўна выкананы ў сумаштабных з прасторай кабінэту памерах, мае ўяўляць зь сябе не звычайны наглядны дапаможнік па палітычнай геаграфіі. Несумненна, у той пазыцыі, у якой яго бачаць мільёны тэлегледачоў, ён мае атаясамлівацца з пэўным атрыбутам дзяржаўнасьці. Вось чаму ў нашай краіне такое пільнае стаўленьне да глёбусаў. Яны проста павінны адпавядаць стандарту. Як сьцяг, герб і гімн.

Сьцяг і герб у нас маўклівыя. А гімн гучыць па-беларуску. І тут само па сабе напрошваецца пытаньнечка: а якая мова прысутнічае на тым чацьвёртым атрыбуце – на глёбусе за сьпінай? Гатовы паспрачацца на што заўгодна – той глёбус расейскамоўны. Для пэўнасьці я патэлефанаваў знаёмым географам, нават аднаму дэкану геафаку ў абласным унівэрсытэце. І пачуў прадказальнае: беларускамоўных глёбусаў не існуе ў прыродзе. Маўляў, вельмі складаная тэхналёгія іх вытворчасьці.

Наконт вытворчасьці – дазвольце пасумнявацца. У век кампутараў з праграмамі на ўсе выпадкі жыцьця, у век касьмічных спадарожнікаў на ваколземнай арбіце, абсталяваных найноўшай оптыкай, – якія могуць быць праблемы? Дайце каманду Парку высокіх тэхналёгій, і назаўтра спадар Цапкала прынясе вам адпаведную праграму. Патэлефануйце нараджэнцу Меншчыны Алегу Навіцкаму проста на тую ж арбіту, і ён сфатаграфуе вам зямны шарык зь любых патрэбных ракурсаў.

А самае галоўнае – беларускамоўныя глёбусы ў прыродзе ёсьць! Адзін такі экзэмпляр знаходзіцца ў сталай экспазыцыі Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музэю. Ён выраблены ў 1939 годзе на Ленінградзкай картанажнай фабрыцы накладам 3000 асобнікаў. Пазначаная нават дакладная дата вырабу – 30 ліпеня. Саветы рыхтаваліся ісьці вызваленчым паходам у Заходнюю Беларусь і вырашылі зрабіць падарунак беларускім школьнікам. Ператвораны ў музэйны экспанат глёбус належаў слаўнай Віленскай Беларускай гімназіі і быў перададзены ў Гудзевічы віленчуком Янкам Багдановічам.

Зразумела, што пасьпешлівая вытворчасьць беларускамоўных глёбусаў у тагачасных умовах была, як сёньня сказалі б, палітычна матываванай. Вызваліцелі мусілі прыходзіць не з пустымі рукамі. Потым, праўда, тыя глёбусы некуды зьніклі. Застаўся ці не адзін, ды і той пагрызены галоднымі музэйнымі мышамі.

Паўстае пытаньне: калі беларускамоўны глёбус было магчыма зрабіць у даваенным Ленінградзе, то чаму яго складана запусьціць у вытворчасьць у сучасным Менску? На радасьць усім настаўнікам геаграфіі, якія выкладаюць свой прадмет па-беларуску. Тым больш, што палітычная матывацыя, як і ў далёкім 1939 годзе, у наяўнасьці. Дастаткова ўключыць навіны па БТ і пабачыць той яўна дэманстрацыйны глёбус у дзяржаўным кабінэце.

Здаецца, гэта так элемэнтарна – родная плянэта ад полюсу да полюсу, ад Антарктыды да мысу Горн, павінна гучаць на роднай мове. Прынамсі, для вучняў беларускамоўных школаў, якіх у нашай краіне ўсё ж нямала. Магэлянава пратока, Апэнінская паўвыспа, Мыс Добрай Надзеі…Сусьветная тапаніміка нагадвае барочную паэму, якую кожны чалавек павінен прачытаць на сваёй роднай мове. Толькі тады ён зразумее сьвет і сябе ў сьвеце, канца якому мы аніяк не прычакаем.

Дык што сёньня рабіць беларускім настаўнікам? На практычныя заняткі па геаграфіі вазіць школьнікаў у Гудзевічы? Яшчэ больш марны занятак у чыноўнікаў – пільнаваць, каб польскія (расейскія, кітайскія) вытворцы не напісалі чаго-небудзь ня так на імпартаваных у Беларусь глёбусах. У тым ліку і на тым – пампэзным і ўсё ж гарбузападобным – за шырокай прэзыдэнцкай сьпінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG