Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе беларусы — мільянэры. Але радасьці з гэтага мала»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 26 сьнежня 2012 году

Гэта перадача — апошняя ў 2012-м годзе, які блізіцца да завяршэньня. Чым ён быў адметным для Беларусі і беларусаў? У гэтыя пераднавагоднія дні мы атрымліваем ад сваіх даўніх сяброў шмат маляўнічых віншавальных паштовак з добрымі пажаданьнямі. А ў большасьці лістоў аўтары імкнуцца падсумаваць вынікі адыходзячага году, згадаць найбольш адметныя падзеі апошніх дванаццаці месяцаў, зазірнуць у недалёкую будучыню.

Ня надта аптымістычны настрой перад сьвятам у нашага слухача Сяргея Жаваранка з Кобрына. Зь ягонага ліста пачну сёньняшнюю размову. Сяргей піша:

"Мне 60 гадоў. Нарадзіўся я ў Кобрынскім раёне. Да 8-га каса вучыўся ў дзьвюх беларускіх школах. На жаль, многія мае настаўнікі ўжо адышлі ў вечнасьць.

Люблю справядлівасьць. Слухаю Радыё Свабода на працягу некалькіх гадоў. Перадачы цікавыя, зьмястоўныя.

Я пакуль працую. Але знайсьці працу ў маім горадзе з кожным днём становіцца ўсё большай праблемай. А якія заробкі? Прыбіральшчыца ў сярэдняй школе атрымлівае мільён дзьвесьце — паўтара мільёна рублёў. Цэны растуць не па днях, а па гадзінах.

Беларускім людзям калі і ёсьць чым ганарыцца, дык хіба тым, што ўсе мы пагалоўна — мільянэры. Мільянэраў у нас, напэўна, нават болей, чым у Амэрыцы. Але радасьці з гэтага мала.

Што нас чакае наперадзе — ніхто ня ведае. Дзень пражыў — і добра....Асабіста я ўжо нічога добрага не чакаю, у тым ліку і ў новым годзе.

Слухаў вось зараз падарожжа Зьмітра Бартосіка ў сяло Дывін нашага Кобрынскага раёна. Гэта —
30-35 кіламетраў ад Кобрына. Думаю: вось жа, можна было запрасіць Бартосіка ў госьці, пераначаваць, пагутарыць аб усім зь цікавым чалавекам...

Перадачы карэспандэнтаў Беларускай Свабоды цікавыя: бачна, што супрацоўнікі стараюцца. Люблю слухаць Яна Максімюка. Родам зь Беласточчыны, а як па-акторску размаўляе — заслухаесься. А як Валянцін Жданко вядзе аддзел лістоў — цікава!

І кнігі Аляксандра Лукашука я ад вас атрымаў. Вялікі дзякуй усім. Посьпехаў у новым годзе. Буду пісаць вам і далей«,— гэта быў ліст Сяргея Жаваранка з Кобрына.


Пішыце, спадар Сяргей — і не ўпадайце ў адчай і скруху.

...Да мільённых заробкаў беларусы за два дзесяцігодзьдзі, сапраўды, прызвычаіліся. Як, зрэшты, і да мільённых лічбаў на цэньніках. Гіпэрінфляцыю напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў перажылі многія краіны Усходняй Эўропы — у тым ліку і суседзі беларусаў — палякі, літоўцы, украінцы. Але ўсе яны, правёўшы эканамічныя рэформы і стабілізаваўшы фінансавую сыстэму, займелі ўрэшце параўнальна стабільныя нацыянальныя валюты. У Беларусі ж шматлікія нулі на купюрах толькі пры Лукашэнку закрэсьлівалі ўжо тройчы — і тройчы ж зноў вярталіся да вымярэньня заробкаў і цэнаў у сотнях тысяч і мільёнах рублёў. Заманлівы гэта інструмэнт — напампоўваньне эканомікі нічым не забясьпечанымі грашыма. Калі няма незалежнага парлямэнту і самастойнага Нацыянальнага банку, у выканаўчай улады заўсёды ўзьнікае спакуса ва ўмовах безграшоўя запусьціць друкарскі станок... Да якіх наступстваў гэта прыводзіць — беларусы за апошнія дваццаць год ня раз пераконваліся.

Наступны ліст даслаў нам Мікола Глінянка з Карэліцкага раёну. Падставай для звароту ў рэдакцыю стала маштабнае марнатраўства, якое назіралі мінулай восеньню ўсе калгасьнікі. Спадар Мікола піша:

«У нашым калгасе мінулай вясной пасадзілі ажно 200 гектараў бульбы. Навошта так шмат — не вядома. Напэўна, разьлічвалі на вялікія прыбыткі. Сяк-так выкапалі. А падзець няма куды: бульбы паўсюль поўна, ва ўсіх урадзіла.

Адборную бульбу здаюць усяго па 200 рублёў за кіляграм на Сноўскі крухмальны завод. Але ўсё завод нават за такія маленькія грошы не забярэ.

Які вынік? Бульба гніе, і яе сотнямі тон возяць на звалку.

Што цікава: мясцовыя людзі ўвосень прасілі ў калгаснага начальства — прадайце нам. Але ж начальнікі заламалі цану — 800 рублёў за кіляграм. Задорага.

Шкада і бульбу, і змарнаваную працу. Гэта ж сотні і сотні тон. Жах! Начальнікі думаюць ня столькі пра калгас, колькі пра тое, як набіць уласныя кішэні.

Добра было б, каб вашы карэспандэнты прыехалі ды сфатаграфавалі ўсё гэта марнатраўства. Шкада, што цяпер паўсюль сьнег і завіруха, усё наўкол замяло. Але ж сотні тон бульбы — не іголка ў стозе сена: неяк знойдзеце».


Няблага было б, спадар Мікола, каб Вы сам зрабілі здымкі ды выслалі нам. Вам, як мясцоваму чалавеку, які добра ведае ўсё, што адбываецца ў калгасе, зрабіць гэта куды прасьцей.

...А з бульбай, сапраўды, многія калгасы сёлета пралічыліся. Усё пачалося гады два таму, калі здарыўся вялікі бульбяны неўраджай у Расеі і многіх іншых краінах. У выніку кошты даходзілі да паўдаляра за кіляграм. Расейскія нарыхтоўшчыкі гналі грузавікі ў Беларусь, гатовы былі выкладваць за бульбу вялікія грошы. А яна тады ня надта ўрадзіла і тут. Да таго ж, і плошчы пад яе былі адведзены ня надта вялікія. Лукашэнка тады шмат езьдзіў па калгасах, загадваў неадкладна павялічыць бульбяныя плянтацыі і будаваць бульбасховішчы. Беларускае тэлебачаньне шматкроць паказвала эфэктны кадр: Лукашэнка выбірае з баразны некалькі буйных клубняў і трасе іх перад зьніякавелымі калгаснымі начальнікамі: «Вось, — кажа, —усяго некалькі бульбін — і ўжо даляр...»

Начальства, як заўсёды, кінулася выконваць дырэктыву. Хоць усім добра вядома: сёлета бульба не ўрадзіла — а наступны год можа быць ураджайным. Напрыклад, каб зарабіць на бульбе даляр сёлета, трэба было прадаць яе не два кіляграмы, а цэлы дваццацікіляграмовы мех.

З шэрагам заўваг, пытаньняў і прапановаў зьвяртаецца ў сваім лісьце на Свабоду Міхась Лойка зь Менску. Слухач піша:

«Хадзілі чуткі, што ў вашых шэрагах зьявіліся сакрэтныя агенты КДБ, якія кіруюць вамі, пішуць вам праграмы перадач і г.д. Але вось паслухаў я нядаўна перадачу «Свабода бяз гальштукаў» — і пераканаўся, што гэта ня так. Вось гэта здорава, гэта па-нашаму...

Вядома, ня ўсе вашы перадачы цікавыя. Напрыклад, калі пачынаюцца «Нашы дзеці» — мае дамашнія (а мы слухаем Свабоду ўсёй сям’ёй) выключаюць прымач. А калі была неяк нядаўна нейкая перадача аб практыкаваньнях тыбецкіх манахаў дзеля падаўжэньня жыцьця — дык абураліся: навошта нам гэта? (Сам я, на жаль, быў тады ў ад’езьдзе, дык не магу камэнтаваць таго, што ня чуў)...

А вось некаторыя злабадзённыя тэмы, якія хвалююць людзей, вы чамусьці не кранаеце. Напрыклад, цікава ведаць, чаму ў Менску чарга на жыльлё — каля 300 тысяч чалавек? І чаму тым, хто прастаяў па
25-30 гадоў, крэдыт выдаюць пад 14,5, 20 і 35 працэнтаў, а «амапаўцам», суддзям і «кадэбістам», у якіх вельмі добрыя заробкі, — пад 3 і 5 працэнтаў, і практычна без чаргі?

Таксама людзей хвалююць эканамічныя праблемы. Напрыклад, што будзе з беларускім рублём пры заробку ў 500 даляраў? Ці варта непакоіцца пра банкаўскія дэпазыты? Колькі будзе каштаваць даляр пасьля Новага году? Тым больш, што ў вас гэта могуць камэнтаваць моцныя эканамісты — Жаліба, Злотнікаў, Багданкевіч...І яшчэ тэма: як Ярмошына фальсіфікуе выбары? Бо і казе зразумела:
70-90 працэнтаў галасоў у падтрымку дзейнай улады — гэта проста абсурд.

Прабачце, што выклаў свае думкі сумбурна і з памылкамі. Што думаў — тое і пісаў«


Густы ў слухачоў розныя, спадар Міхась: мы стараемся ўлічваць запатрабаваньні розных частак нашай аўдыторыі. Рабіць гэта так, каб былі задаволеныя ўсе, удаецца не заўсёды. Дарэчы, праграма «Нашы дзеці», якую Вы згадваеце ў сваім лісьце, у новым годзе з раскладу Свабоды зьнікне.

Не зусім пагаджаюся з высновамі пра тое, што мы абыходзім тэмы, якія Вы пералічваеце ў сваім лісьце. І пра кватэрныя чэргі, і пра сумнеўныя сацыяльныя ільготы чыноўнікаў і сілавікоў, і пра няпэўныя пэрспэктывы нацыянальнай валюты, і пра тэхналёгіі выбарчых махінацыяў мы ня раз расказвалі ў сваіх праграмах. Але дзякуючы такім лістам мы бачым, што слухацкая цікавасьць да гэтых тэмаў не зьнікае — таму не пакінем іх без увагі і ў будучыні.

І на заканчэньне — перадсьвяточны ліст ад нашага слухача Фёдара Глебкі зь Віцебска. Ён піша:

«Годзе стагнаць, беларусы. Радуйцеся жыцьцю — дару Божаму! Шчыра працуйце, годна паводзьцеся! Да ідэалу нам вельмі далёка. Шмат хто з жанчын, дзяўчат паляць, выпіваюць...І якія зь іх у такім разе жонкі, дочкі, маці? Ня лепшыя і многія мужчыны, асабліва моладзь. Брыдкаслоўе, п’янства, лянота і шмат іншага, пра што і казаць сорамна. Усё гэта змалку бачаць дзеці — і вырастаюць такімі ж, а то і горшымі. Вось і мізарнее нацыя духоўна і фізычна. Часьцяком і Свабода выказвае спачуваньне беларусам з нагоды таго, што чарговы раз падаражэла гарэлка і цыгарэты. Няўжо вы робіце на поўным сур’ёзе? Адумайцеся! І яшчэ: не калупайцеся ў брудзе, яго і так паўсюль хапае.

Будзем удзячнымі Богу, што параўнальна спакойна пражылі мінулы год, што ён ахоўвае нашу краіну ад прыродных катаклізмаў.

Янка Брыль у свой час сказаў, што Беларусь будзе жыць да таго часу, пакуль жыве хоць адзін беларус. Будзем гэта памятаць і верыць у лепшую будучыню. Бо выгадавала зямля беларуская нямала вартых сыноў і дачок. Радыё Свабода можа назваць іх імёны.

Шаноўная рэдакцыя. Больш расказвайце пра тых людзей, якія вымушаны былі пакінуць Беларусь — напрыклад, пра Алеся Міхалевіча, Андрэя Саньнікава ды многіх іншых. Распавядайце, як жывецца суседзям, што адбываецца ў далёкім замежжы.

Шчыра віншую ўсіх з нараджэньнем Хрыстовым і надыходзячым новым 2013 годам! Мае віншаваньні — усім, хто любіць Беларусь і беларусаў. А таксама і тым, хто нас ня любіць, — можа адумаюцца
.

Удакладню, спадар Фёдар, што ніякіх спачуваньняў з нагоды падаражэньня гарэлкі ды тытуню мы не выказвалі. Іншая справа, што так вы маглі ўспрыняць інфармацыю ды камэнтары да гэтай падзеі, у тым ліку апытаньні людзей на вуліцы з гэтай нагоды. Такія крокі ўлады маюць значныя сацыяльныя наступствы, і таму, натуральна, мы ня можам абыходзіць іх увагай.

А за цёплыя віншаваньні і парады — дзякуй. Мы таксама ўдзячныя ўсім нашым шматлікім слухачам, якія на працягу мінулага году пісалі, тэлефанавалі, дасылалі СМС, удзельнічалі ў разнастайных імпрэзах Свабоды. Гэта дапамагала нам быць бліжэй да вас, рабіць тое радыё, якое вам (і нам) патрэбна.

Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году!

З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, Паштовая скрынка 111.


Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG