Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2012 — памятны год для Грузіі


Прыхільнікі Саакашвілі пратэстуюць супраць арыштаў ягоных паплечнікаў

Прыхільнікі Саакашвілі пратэстуюць супраць арыштаў ягоных паплечнікаў

Грузія — краіна пасьля «сыстэмнага прарыву»

У выніку парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, якія праводзіліся на цалкам дэмакратычнай і альтэрнатыўнай аснове, да ўлады мірным шляхам прыйшла партыя, якая была ў апазыцыі да кіруючай сілы ў краіне.


«Адзіны нацыянальны рух», кіраваны прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі, прызнаў выбарчую перамогу кааліцыі «Грузінская мара-Дэмакратычная Грузія», і кіраўнік гэтай кааліцыі, мільярдэр Бідзіна Іванішвілі, стаў прэм’ер-міністрам.


«Мабыць, найважнейшай рэччу, якая запомніцца ў гісторыі Грузіі, будзе тое, што ў 2012 годзе адбыўся сыстэмны прарыў — прайшлі мірныя выбары, вынікі якіх былі ўспрынятыя ўсімі бакамі і давялі да зьмены ўраду. Незалежна ад таго, ці гэтыя вынікі добрыя ці дрэнныя самі па сабе, прарыў меў месца, і гэта станоўчая рэч для ўсіх. Гэта галоўнае дасягненьне» — сказаў нашаму радыё грузінскі аналітык Торнікэ Шарашэнідзе.


Але гістарычныя выбары, як падкрэсьліваюць некаторыя аналітыкі, зьяўляюцца толькі першым крокам на шляху да далейшай трансфармацыі Грузіі.


Ці ўраду Іванішвілі ўдасца мірна суіснаваць з прэзыдэнтам Саакашвілі, які застаецца на сваёй пасадзе да кастрычніка 2013? Ці не пачнецца ў Грузіі палітычнае супрацьстаяньне, ад якога пакутуе Украіна пасьля Памаранчавай рэвалюцыі 2004 года? Ці «Адзіны нацыянальны рух» здолее прызвычаіцца да сваёй апазыцыйнай ролі? І ці «Грузінская мара» даможацца посьпеху ва ўмацаваньні дэмакратычных інстытутаў у краіне і ў пабудове прававой дзяржавы?


Міхаіл Саакашвілі ў Кіеве

Міхаіл Саакашвілі ў Кіеве

Пасьля прыходу да ўлады «Грузінскай мары» шэраг службовых асобаў былога ўраду былі арыштаваныя па абвінавачваньні ў карупцыі, шмат іншых знаходзяцца пад сьледзтвам. Пакуль застаецца незразумелым, ці гэта зьяўляецца актам палітычнай помсты ці, проста, «Грузінская мара» выконвае свае выбарчыя абяцаньні адносна барацьбы з карупцыяй.


Томас дэ Вал, экспэрт у каўкаскіх пытаньнях з Фонду Карнэгі ў Вашынгтоне, кажа, што выклікі, якія стаяць перад «Грузінскай марай», зьвязаны перад усім са спадчынай незакончаных рэформаў, якія спрабаваў праводзіць Саакашвілі:


«Праблематычнай спадчынай, па-мойму, зьяўляецца тое, што ўрад Саакашвілі зрабіў вельмі шмат дзеля мадэрнізацыі Грузіі, але ў даволі тэхнакратычны спосаб. Яны стварылі добрыя і функцыянальныя інстытуты сыстэмы абслугоўваньня грамадзтва, але вельмі нешматлікія інстытуты права. Судовая сыстэма па-ранейшаму выносіць прысуды аб вінаватасьці ў 99% справаў. Пэнітэнцыярная сыстэма было вельмі рэпрэсіўная, і Грузія цяпер мае самую высокую колькасьць зьняволеных на душу насельніцтва ў Эўропе. Гэта была сыстэма, манапалізаваная ў асноўным кіроўнай партыяй, якая зрабіла нямала добрых рэчаў».


Бідзіна Іванішвілі

Бідзіна Іванішвілі

Дэ Ваал дадае, што ключавым для Грузіі ў 2013 годзе будзе пытаньне, у якой ступені новы ўрад зможа стварыць інстытуты права, пазбягаючы спакусы выкарыстаньня рэпрэсіўных мэханізмаў, атрыманых у спадчыну.

Існуе пагроза, што калі «Грузінская мара» Іванішвілі і «Адзіны нацыянальны рух» Саакашвілі ня здолеюць паразумецца, Грузія можа ўступіць на шлях, якім пайшла Ўкраіна пасьля 2004 году.


«Аднак у параўнаньні з Украінай, на шчасьце ці на жаль, наша краіна бяднейшая і значна больш залежная ад дапамогі Захаду. Так што пагроза паўтарыць шлях Украіны для Грузіі не такая зноў вялікая, хоць бы толькі з гэтай адной прычыны» — лічыць Торнікэ Шарашэнідзе.

XS
SM
MD
LG