Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сьвяткуюць Божае нараджэньне


Каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі сьвяткуюць Божае Нараджэньне.


З нагоды аднаго з найбуйнейшых хрысьціянскіх сьвятаў з пастырскім пасланьнем да вернікаў зьвярнуўся мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваім пасланьні сьвятар задаецца пытаньнем: якім чынам сучасныя хрысьціяне ўспрымаюць сакрамэнт Божага Нараджэньня? Ці не зьяўляюцца радасьць і супакой сьвята толькі вонкавым выражэньнем сьвяточнага настрою, а само Нараджэньне сапраўды рэлігійным, а не традыцыйным?

"Такія і падобныя пытаньні мы павінны задаваць сабе сёньня, калі сьвет перажывае крызіс веры і калі цунамі секулярызму з традыцыйна хрысьціянскіх краін чыніць духоўную пустыню", — адзначае мітрапаліт.

"Год веры, які мы адзначаем, заклікае нас глядзець на ўсё вачыма веры, — адзначае Тадэуш Кандрусевіч. — Таму ў яе сьвятле адносна сьвята Божага Нараджэньня можа быць толькі адзін адказ — гэта боска-чалавечае сьвята".

Мітрапаліт згадаў пра актуальную тэму правоў чалавека, іх парушэньні і пра карані гэтай зьявы. "У сучасным сьвеце вельмі шмат гаворыцца аб правах чалавека і аб іх парушэньні. Гэтаму няма чага дзівіцца, бо там, дзе губляецца вера і сэнс Божай годнасьці, не захоўваецца таксама і годнасць чалавека", — адзначаецца ў пасланьні, цытуе БелаПАН.

Арцыбіскуп Кандрусевіч шчыра павіншаваў са сьвятам Божага Нараджэньня каталікоў, усіх хрысціян, хто адзначае гэтае сьвята, а таксама "ўсіх людзей добрай волі".

"Няхай свята Божага Нараджэньня стане сьвятам усіх людзей! Няхай унясе ў нашае асабістае жыцьцё і жыцьцё нашага грамадзтва супакой і ўзаемнае разуменьне! Няхай прынесенае Хрыстом сьвятло асьвятляе наш жыццёвы шлях! Няхай усім нам спадарожнічае радасць і шчасьце! Божае Дзіцятка, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну — Беларусь!", – адзначаецца ў пастырскім пасланьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG