Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2012 год у беларускай эканоміцы прайшоў пад знакам выпраўленьня памылак, наробленых у годзе папярэднім. Паўторна ўсталяваная плянка 500-даляравага заробку, якая абрынулася ў выніку амаль 200-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля, вызначаныя задачы на запавольваньне тэмпаў інфляцыі і рост экспарту. Як вырашаліся амбітныя пляны.

Пад завесу году ўлады адрапартавалі пра фактычнае дасягненьне мяжы па заробку ў 500 даляраў: налічаная сярэдняя заробная плата ў лістападзе склала 497 даляраў «бруднымі». І хоць заяўлена пра дасягненьне новых вышыняў, гэтая лічба па-ранейшаму на парадак меншая, чым у суседзяў. Так, у Польшчы сярэдні заробак складае 1150 даляраў, у Латвіі — 900, у Літве — 800, у Расеі паказьнік набліжаецца да 1000 даляраў.

Тым часам беларускія чыноўнікі прапануюць карыстацца прынцыпова новым вылічэньнем сярэднемесячнага заробку. Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, выступаючы на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, заявіў, што насамрэч заробак у Беларусі дасягнуў... 1200 даляраў. Маўляў, такая сума атрымліваецца, калі пералічыць рэальныя заробкі на заробкі па парытэце пакупніцкай здольнасьці. Па яго словах, у Беларусі многія траты людзей бярэ на сябе дзяржава, самыя яскравыя прыклады — камунальныя плацяжы, зь якіх насельніцтва аплачвае ня болей за 30%, а таксама выдаткі на праезд у грамадзкім транспарце і нават харчаваньне ў школьных сталоўках.

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў кажа, што падобныя мэтодыкі вылічэньня калі на што рэальна і сьведчаць, дык гэта на спробу надзьмутымі лічбамі адцягнуць увагу ад рэальных спраў у эканоміцы:

Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

«Пакуль будуць гучаць падобныя заявы, то агульная сытуацыя будзе заставацца нязьменнай. Адзінае, што можна ў пацьверджаньне такіх разьлікаў зрабіць, дык гэта канчаткова зьліквідаваць так званае перакрыжаванае фінансаваньне. Тады сапраўды можна значна падняць прыбыткі, але кватэрнай платай, камунальнымі плацяжамі ўсё зноў забраць назад. Як вынік — лепей жыць ніхто ня будзе. Таму гэта спроба выдаць за рэальнасьць нейкія прывідныя пэрспэктывы. Вось я чытаю, сам часам кажу, што нібыта ня вельмі адукаваныя людзі кіруюць краінай. Не, усё наадварот. Яны якраз вельмі адукаваныя. Толькі ў іх мэта ня тая, пра якую дбаюць сапраўдныя прафэсіяналы. Калі ўсе думаюць пра тое, каб лепей стала дзяржаве, лепей стала людзям, то ў іх іншая мэта. Мэта чыноўніка — усядзець ва ўладзе і набіць уласныя кішэні. У гэтым сэнсе іх дзеяньні абсалютна пісьменныя. Пад сябе падграбаюць вельмі прафэсійна».

Экспэрты лічаць, што дэкляраваная эканамічная стабільнасьць можа моцна пахіснуцца ў наступным годзе, калі давядзецца разьлічвацца па раней узятых пазыках. Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц нагадвае, што ў 2013-м Беларусі неабходна выплаціць па даўгах рэкордную суму — больш за 3 мільярды даляраў. І без прыцягненьня новых крэдытаў зрабіць гэта надзвычай праблематычна:

«У наступным годзе Беларусі трэба дзесьці знайсьці больш за 3 мільярды даляраў. З аднаго боку, пагасіць асноўны доўг, зь іншага — выплаціць працэнты. Умоўна кажучы, мы ўзялі нейкую суму — прыкладам, мільярд даляраў — і гэтую суму мусім вярнуць. Гэта пагашэньне асноўнага доўгу. Але, апроч пагашэньня асноўнага доўгу, ёсьць яшчэ і пагашэньне працэнтаў. То бок, 2 мільярды 300 мільёнаў даляраў — гэта пагашэньне асноўнага доўгу і блізу 800 мільёнаў даляраў — пагашэньне працэнтаў. Разам, калі быць пунктуальным, 3 мільярды 72 мільёны даляраў. Узьнікае пытаньне: дзе знайсьці сродкі для выплаты такога велізарнага доўгу? Праграма з МВФ малаверагодная. Траншаў ЭўрАзЭС аб’ектыўна мала. Тыя сродкі, якія Беларусь можа ўзяць дзякуючы разьмяшчэньню новага выпуску эўрааблігацый, будуць вельмі дарагія — дзесьці 8,5-9% гадавых. Але трэба шукаць нейкія каналы, нейкія крыніцы, каб ў наступным годзе ўсё ж пагасіць запазычанасьці. І, калі падсумоўваць, Беларусь знаходзіцца ў такім становішчы, што можа рэфінансаваць запазычанасьць, атрымаўшы неабходныя сродкі даволі дорага».

Усю першую палову 2012-га прыбыткі ў бюджэт цяклі перадусім дзякуючы ценеваму бізнэсу, які расквітнеў за сьпіной Крамля — асноўнага спонсара беларускага рэжыму. Пад выглядам прадуктаў нафтахіміі — растваральнікаў ды разбаўляльнікаў — Менск пастаўляў на Захад бэнзын і салярку без сплаты мыта. Расейскі бюджэт ад такога ноў-хаў страціў блізу 2,5 мільярдаў даляраў. Пасьля таго, як Масква ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала спыніць паліўную кантрабанду, Аляксандар Лукашэнка пачаў апраўдвацца: маўляў, Беларусь прадавала біядызэль, давёўшы яго да адпаведнай кандыцыі. Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка кажа, што для ўладаў падобнае прыкрыцьцё куды больш зручнае, але сутнасьць махінацый зьмяняецца мала:

Алесь Герасіменка

Алесь Герасіменка

«Біядызэль — гэта біядызэль. Але, па лёгіцы ўладаў, дастаткова ў біяпаліва, якое робіцца з рапсавага алею, дадаць дзесьці 5% мэтылэфіравых кіслотаў, і ўсё — ты законна атрымаў біядызэль і экспартуеш яго. А тое, што ў гэтым біядызэлі больш за 90% нафтавага дызэлю — гэта як быццам нікога не павінна хваляваць. Таму ў гэтае рэчышча гаворка і пераводзіцца, бо ніхто не абвінаваціць у махлярстве, у адрозьненьне ад тых жа растваральнікаў. Канечне, у мяне няма магчымасьці пракантраляваць, праўду сказаў кіраўнік ураду пра згортваньне бізнэсу на растваральніках ці не. Я проста апрыёры мушу давяраць гэтаму. Ходзяць, натуральна, розныя чуткі і розныя заявы, і напаўафіцыйныя, у тым ліку з боку Крамля, што нібыта такая практыка мела месца і надалей. Я не бяруся сьцьвярджаць, так гэта ці не, але ў прынцыпе мы бачым, што яшчэ ад жніўня наш зьнешнегандлёвы балянс рэзка пагоршыўся. А паколькі ў папярэднія месяцы гэты балянс аздаравіўся якраз за кошт інтэнсіўнага экспарту нафтапрадуктаў, то простае, лягічнае заключэньне дазваляе казаць: хутчэй за ўсё, сапраўды экспарт нафтапрадуктаў паменшыўся — магчыма, за кошт тых жа растваральнікаў».

Чым сапраўды могуць пахваліцца фінансавыя ўлады, дык гэты тым, што, ня гледзячы на скептычныя прагнозы, цягам году ўдалося ўтрымаць курс рубля. Але ці так лёгка будзе адпавядаць спушчаным зьверху паказьнікам, калі падчас вяртаньня старых даўгоў давядзецца істотна агаліць тылы? Да таго ж, з прычыны адсутнасьці структурных рэформаў пастаянна зрушваюцца тэрміны паступленьня траншаў крэдыту ЭўрАзЭС. Ці не адаб’ецца ўсё гэта на валютным курсе ў 2013-м? Меркаваньне фінансавага аналітыка Аляксандра Мухі:

Аляксандар Муха

Аляксандар Муха

«Затрымка паступленьня чарговых траншаў крэдыту краінаў ЭўрАзЭС не ўяўляе вялікай пагрозы, таму я не стаў бы драматызаваць сытуацыю. Думаю, бакі ўрэшце дамовяцца. Зараз цэнтральны банк, грашовыя ўлады ня будуць, як у папярэднія гады, аказваць значную падтрымку курсу беларускага рубля праз валютныя інтэрвэнцыі. У цэлым манэтарна-фіскальная палітыка стала больш узважанай і абачлівай, таму пільная патрэба ў замежнай валюце дзеля падтрымкі беларускага рубля, па вялікаму рахунку, цяпер у грашовых уладаў адсутнічае. Новы рэжым дазваляе наадварот — скупляць замежную валюту. Нацыянальны банк быў вымушаны нават ажыцьцяўляць інтэрвэнцыі зь іншым, супрацьлеглым знакам — набываць замежную валюту для пазьбяганьне празьмернага ўмацаваньня курсу беларускага рубля ў адносінах да асноўных замежных валютаў. Найперш, з мэтай недапушчэньня падзеньня коштавай канкурэнтаздольнасьці беларускіх экспартэраў на зьнешніх рынках».

Сёлетні год адзначыўся нацыяналізацыяй некалькіх акцыянаваных прадпрыемстваў. З санкцыі Лукашэнкі разагнаныя назіральныя рады на кандытарскіх фабрыках «Камунарка» і «Спартак», самі ці пад прымусам, але за вяртаньне ў дзяржаўнае лона выказаліся акцыянэры бабруйскага «Чырвонага харчавіка», страчвае ранейшы статус абутковая фабрыка «Луч». Пад канец году зьмененыя кіраўнікі шэрагу дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, а таксама лёгкай прамысловасьці. На думку фінансавага кансультанта Сяргея Чалага, недзяржаўны сэктар атрымаў прэзыдэнцкую метку — усё, што некалі было раздадзена, будзе вернутае пад дзяржаўны кантроль:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Што да скасаваных назіральных радаў, то на самой справе ня кожнае акцыянэрнае таварыства іх нават мае. Іншымі словамі, калі там ёсьць рада дырэктараў, выканаўчы дырэктар, уладальнікі і г.д., то назіральная рада — гэта досыць такая дэкаратыўная канструкцыя. І тое, што яе прыбралі, прыкладам, на „Камунарцы“ і „Спартаку“, то, магчыма, гэта ня моцна і супярэчыць цяперашняму заканадаўству. Але маецца на ўвазе, канечне ж, зусім ня гэта, а тое, што так ці інакш дзяржава акрэсьлівае сваю пазыцыю на вяртаньне некалі разьдзяржаўленай маёмасьці. Таму гэта, скажам так, своеасаблівы сыгналь ня столькі аб тым, што актывы і акцыі забіраюцца ва ўласьнікаў, у таго ж амэрыканскага бізнэсоўцы Марата Новікава, а ў тым, што, груба кажучы, хопіць супраціўляцца, а то інакш будзе толькі горш. Прыкладна вось такая расстаноўка».

Зрэшты, у аналягічнай манэры сёлета размаўляў з «кашалькамі беларускага рэжыму» і Брусэль. Актывы набліжаных да ўладаў алігархаў, сярод якіх апынуліся перадусім Уладзімер Пефціеў і Юрый Чыж, рашэньнем кіраўніцтва Эўразьвязу былі замарожаныя, а з «заплямленымі» фірмамі не рэкамэндавана мець ніякіх кантактаў. Між тым, як кажа бізнэсовец, банкір Валеры Кругавы, які з-за эканамічнага перасьледу атрымаў прытулак у Польшчы, пытаньне нават ня ў тым, ці здолеюць аблашчаныя Лукашэнкам асобы абыйсьці санкцыі, а ў тым, што іх рэпутацыя сур’ёзна сапсаваная на доўгія гады:

Валеры Кругавы

Валеры Кругавы

«Ведаеце, усе абмяркоўваюць санкцыі, але ніхто — ва ўсялякім разе асабіста я — ня ўбачыў, у чым канкрэтна яны выяўляюцца. Калі для некаторых людзей уводзяцца санкцыі забароны на ўезд, то тут усё зразумела: ім не павінны выдаваць візы, на мяжы іх мусяць правяраць. Гэта калі ў тэорыі. А эканамічныя санкцыі супраць канкрэтных фірмаў, калі яны выяўляюцца ў тым, што замарожваюць іх замежныя рахункі ці якіясьці актывы і не рэкамэндуюць зь імі заключаць кантракты ўраду і г.д., увогуле незразумела, які яны дзейнічаюць. Таму што, напрыклад, калі ў ЗША накладаюць санкцыі на банкі ці нейкія фірмы ў Іране, то ўсё, што яны могуць забараніць, гэта ўдзел ў праектах праз дзяржаўныя ўстановы. Ня буду траціць час, тлумачачы ўсё нюансы. То бок, у рэальнасьці што да санкцыяў, аб’яўленых супраць фірмаў таго ж Чыжа, можна ўявіць закрыцьцё нейкім чынам іх актываў ці рахункаў у Эўразьвязе. Але я больш чым упэўнены, што яны даўно там ніякіх рахункаў і не трымаюць. І калі падсумоўваць дэ-факта, то гэта проста сур’ёзны ўдар па іміджу».

Нягледзячы на заявы вышэйшага кіраўніцтва, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі стабільная і не выклікае апасеньняў, экспэрты заклікаюць не расхалоджвацца. Усе папярэднія катаклізмы ў эканоміцы адбываліся якраз на тле катэгарычных запэўніваньняў, што ўсё знаходзіцца пад надзейным кантролем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG