Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вера айцоў


Айцец Аляксандар Надсан
Айцец Аляксандар Надсан

Калядны зварот апостальскага візытатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

Дзьве апошнія нядзелі перад сьвятам Нараджэньня Хрыстовага ў бізантыйскім абрадзе носяць назву нядзелі праайцоў і айцоў. У гэтыя дні Царква ўспамінае праведнікаў, якія жылі да нараджэньня Хрыста і былі або Ягонымі продкамі паводле цела, або захавалі вернасьць Богу і веру ў прыйсьце Збавіцеля.

Як гэта бывае часта на сьвеце, жыцьцё іх склалася нялёгка, бо людзі, занятыя сваімі штодзённымі клопатамі, не хацелі іх слухаць. Ім давялося сустрэцца з абыякавасьцю, а часта і з адкрытай варожасьцю і перасьледам. Вось што піша пра гэта аўтар Ліста да Габрэяў: «Некаторыя зь іх зазналі катаваньняў... іншыя цярпелі зьнявагі, бічаваньні, кайданы і вязьніцы. Іх каменявалі, расьпілоўвалі, забівалі мячом; яны туляліся ў авечых і казіных шкурах, церпячы бяду, гора і прыгнёт, — хоць сьвет ня быў варты іх, — блукалі па пустынях, пячорах і зямных ямах» (Габ 11:35-38). І канчае свой аповед: «І ўсе яны, хоць дзеля сваёй веры сталі годнымі пахвалы, не атрымалі абяцанага» (Габ 11:39), гэта значыць не дажылі, каб убачыць прыйсьце Збавіцеля.

Ёсьць нешта боскае ў бескарысьлівых учынках для дабра іншых, не чакаючы падзякі. Бог, які ў сваёй бязьмежнай дабрыні стварыў нас і захацеў стаць адным з нас, ня мае патрэбы ў нашай удзячнасьці, але пачуцьцё ўдзячнасьці неабходнае для нас саміх, бо яно прыходзіць з усьведамленьнем нашага месца ў пляне Божага тварэньня. Ягоная дабрыня ў адносінах да нас — бескарысьлівая, і калі Ён чакае ад нас пачуцьця ўдзячнасьці, дык гэта перадусім для нашага дабра, як доказ, што наша сэрца на сваім месцы. Некалі псальміст напісаў: «Як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, — дык хто ёсьць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш?» (Пс 8:4-5). Сёньня можам яшчэ сказаць: «Хто ёсьць чалавек, што Ты захацеў стаць адным зь іх?»

Дык хай Бог, які ў сваёй бязьмежнай любові захацеў стаць адным з нас, напоўніць любоўю сэрцы нашыя, каб згінула злосьць і нянавісьць і каб мы ўсе сталі адной сям’ёй і маглі разам усклікнуць: «Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG